Праект партала
Густ
25.12.2018 / 15:54
Каб ззяць: 5 варыянтаў святочнага макіяжу для тых, хто любіць вылучацца з натоўпу2

Разам з візажысткай Ладай Балакіравай падрыхтавалі для вас некалькі небанальных б'юці-шпаргалак, якія дапамогуць на навагоднія святы стаць зоркай любой вечарыны.

Усе варыянты не патрабуюць сур'ёзных фінансавых выдаткаў і іх лёгка зможа паўтарыць нават навічок у макіяжы.

Гэты мэйк круты з усіх бакоў: ён досыць нейтральны, адносна хутка робіцца, падыдзе для абсалютна любых вачэй (нават для навіслага павека, якое чамусьці любяць сабе прыпісваць без асаблівых на тое прычын нашы дзяўчаты). І касметычных сродкаў патрабуецца мінімум. Я выкарыстоўвала рассыпісты глітар Essence, які ўяўляе сабой мікс з галаграфічных серабрыстых маланак і чырвоных зорачак, ён недарагі і паўсюдна прадаецца ў Беларусі. У серыі іх некалькі, так што можна абраць на свой густ. Калі глітар не прыжывецца ў вашым макіяжы — смела выкарыстоўвайце на пазногці пад празрысты лак!

Каб замацаваць глітар на павеках, можна ўзяць спецыяльны праймер, клей для павек ці нават лубрыканты (менавіта так паступіла я). Зусім экстрэмальны, затое агульнадаступны варыянт — вазелін ці бальзам для вуснаў.

Глітар прыліпне, але не здзіўляйцеся, калі элементы мэйкапа з часам паспаўзаюць ад гарачых танцаў і пырскаў шампанскага ў твар.

Крэатыўны макіяж вачэй можна дапоўніць памадай у тон — гатова, вы раскошны!

Новы год = ззянне, і калі ў офіснай руціне не заўсёды атрымліваецца быць яркай, то ў ноч з 31-га на 1-е можна адарвацца. Прычым для гэтага дастаткова скамбінаваць два яркія прадукты, якія затым на працягу года можна паспяхова выкарыстоўваць асобна ў штодзённым макіяжы (як бачыце, вытворчасць безадходная).

Нам спатрэбяцца вадкія бліскучыя цені (у мас-маркеце іх мноства: звярніце ўвагу на маркі Essence, Catrice і Eveline, а таксама на беларускія памады-металік), тонкі сінтэтычны пэндзлік і туш на ваш выбар — чорная або каляровая. Я люблю беларускія каляровыя тушы, блакітную Secret ад LuxVisage і вось гэтую пыльную зялёную Mascarad ад Relouis. Фарбавацца імі можна густа, у некалькі слаёў для ваў-эфекту, ці толькі злёгку адцяняць кончыкі веек.

Калі малюеш стрэлкі вадкай падводкай, ценямі ці памадай, галоўнае — максімальна акуратна міргаць, каб прадукт не адлюстраваўся на павеках і не паплыў у зморшчынкі. Мой сакрэт просты: я стаўлю люстэрка на ўзроўні падбародка і гляджу ў яго зверху ўніз.

Дадаём нейтральную памаду, трошкі (ці не) хайлайтара — і нават навагодняя ялінка памеркне ў параўнанні з вамі.

Калі вы пабойваецеся яркіх памад ці не фарбуеце вусны зусім, навагодняя вечарынка — самы час усё ж нешта паспрабаваць. Рызыка, што вам вельмі спадабаецца, досыць вялікая. Класных памад у мас-маркеце мноства, з бюджэтных можна набыць беларускія PinUp ад LuxVisage (вадкія) або Alta Moda ад Relouis (у сціках), а таксама жалезабетонныя матавыя Maybelline SuperStay Ink.

Зрабіць макіяж вуснаў яшчэ больш святочным дапаможа контур кантраснага колеру, а яшчэ лепш — бліскучы. Каб акрэсліць яго, я выкарыстоўвала сухія цені, нанесеныя вільготным пэндзлікам. Але гэта варыянт досыць складаны, куды прасцей узяць аловак для вачэй (класныя металікі дакладна ёсць у Essence і Catrice па даступных цэнах). Пры жаданні контур можна растушаваць унутр і атрымаць эфект амбрэ. А вось фарбаваць вусны бліжэй да слізістай чымсьці такім ззяючым я б не раіла: як аліўе есці потым? Ад ежы, куфляў і пацалункаў унутраная частка абавязкова папаўзе, а падправіць гэта ў палявых умовах будзе праблематычна. Мы ўсё ж такі за тое, каб макіяж насіўся доўга.

Калі яшчэ дазволіш сабе такую «​​цыганшчыну», як не на Новы год? Спатрэбяцца ўсяго толькі самаклейкія стразы (іх лёгка купіць у кніжным ці краме з таварамі для творчасці і рукадзелля). Я намалявала тоўстыя стрэлкі чырвонымі ценямі (у маім выпадку Colourpop, лёгка можна замяніць вадкай памадай, але будзьце асцярожныя, калі ў вас далікатныя вочы), дадала прыблізна тону хайлайтару на ўвесь твар (калі быць больш дакладнай, бліскучых ценяў Relouis Pro ў адценні 53) і мінімалістычны ўзор са стразаў. Месца, куды вы збіраецеся іх ляпіць, лепш папярэдне абястлусціць ватнай палачкай, змочанай тонікам для твару ці міцэлярнай вадой. Пры гэтым колеры і формы могуць быць любымі. Я абрала чырвоны і зялёны як традыцыйныя навагоднія, але вы можаце спалучаць іх са сваім уборам ці колерам вачэй.

Правілаў няма!

Пратрымаецца такі мэйк стоадсоткава столькі, колькі трэба. Так што рэкамендую, калі плануецца нешта вельмі гарачае.

Ну і, нарэшце, можна проста пераапрануцца ва ўсё найлепшае адразу, сабраўшы трэнды рознай ступені актуальнасці. Тут у мяне дрэйпінг румянамі колеру «жывы карал» (добрыя ёсць у Wet'n'wild, можна купіць на Wildberries), доўгая глэм-стрэлка (Deer Eyes ад Relouis няма роўных на рынку па суадносінах кошт-якасць) і глітарныя бровы.

Калі ласка, будзьце асцярожныя з глітарам: гэта ўсё яшчэ мікрапластык, небяспечны для навакольнага асяроддзя. На жаль, знайсці біяраскладальны ў Беларусі мне не ўдалося.

Акрамя таго, абірайце бліскаўкі, адмыслова створаныя для макіяжу, астатнія (напрыклад, для скрапбукінга ці нэйл-арту) на твар і асабліва вобласць вачэй наносіць ні ў якім разе нельга. Акрамя броваў, глітарам можна ўпрыгожыць карані валасоў на скронях або прабор (пасадзіўшы на гель для ўкладкі). Але будзьце гатовыя да таго, што ён стане вашым верным спадарожнікам на бліжэйшыя пару дзён і будзе раптоўна з'яўляцца ў самых нечаканых месцах. Затое як прыгожа!

Nina.nn.by

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура