Праект партала
Рост
25.12.2018 / 13:27
Як мінчанка ў 55 гадоў схуднела на 70 кілаграмаў, пераплыла Басфор і стала мадэллю 6

«Нават калі я важыла 130 кілаграмаў, любіла хадзіць у трэнажорную залу. Мне вельмі падабаліся фотаздымкі на сценах: прыгожыя падцягнутыя атлеты ў пырсках вады… Шчасце, здароўе, перамога. Вельмі ім зайзросціла».

Цяпер Святлана Карасцялёва важыць 67 кілаграмаў, і пырскі шчасця для яе — гэта не карцінка на сцяне, а мара, што збылася сёлета на далёкім Басфоры, які яна пераплыла ў ліпені.

Для дасягнення жаданай мэты спатрэбілася ўсяго 2 гады, кансультацыі дзясяткаў спецыялістаў, шмат грошай і вялізная сіла волі.

«Спачатку наступіў крызіс — і ў бізнэсе, і ў асабістым жыцці. Трэба было неяк выходзіць з яго. Вырашыла пачаць з сябе. Вагі на той момант паказвалі 130 кілаграмаў», — распавядае Святлана.

«Шчыра кажучы, мне надакучыла ўсё сваё свядомае жыццё змагацца з лішняй вагой. Скідала 30 кілаграмаў — набірала 40. А ўзрост набліжаўся да 55 гадоў. Далей адкладаць не было куды. Узгадала, як 12 гадоў таму была ў эндакрынолага з гэтай жа праблемай. Яшчэ тады доктар пісаў: у дзень не больш за 1200 ккал, 30 грамаў тлушчу, 120 грамаў бялкоў, астатняе вугляводы. Але перад тым, як перабудаваць свой рэжым дня, я прайшла безліч медыцынскіх абследаванняў. Здала ўсе магчымыя аналізы».

А пасля Святлана пачала рухацца да мэты.

«Я не магу даваць нейкія ўніверсальныя парады, не магу раіць адназначна: ешце адно і не ешце другое. Аднак я зразумела вось што: твая фігура на 80 адсоткаў залежыць ад таго, што ты ясі, і на 20 адсоткаў — ад фізічнай нагрузкі і трэніровак».

Ёсць і яшчэ адна простая, але важная рэч.

«Мы ўсё жыццё ўкладаем безліч сіл на розныя праекты, звязаныя з працай, кар’ерай, матэрыяльнай стабільнасцю. І за ўсім гэтым забываемся, што наша цела — гэта наш самы галоўны і важны праект».

Святлана вырашыла ўкласці максімум высілкаў у гэты праект. Купіла разумныя вагі, фітнэс-бранзалет, кухонныя вагі, каб лічыць кожную калорыю. І дзве плісірованыя спаднічкі.

«Мне пашанцавала ў тым плане, што я абажаю фізічную нагрузку. Я хадзіла ў трэнажорную залу, займалася танцамі, спрабавала сябе ў сёрфінгу. Пасля палюбіла вялікі тэніс, шмат хадзіла пешшу і плавала. Аднойчы даведалася пра магчымасць пераплысці Басфор і загарэлася. Я паставіла сабе мэту: важыць 65 кілаграмаў і праплыць 6,5 кіламетра».

Святлана стала адной з тых, каму ўдалося купіць слот на прэстыжны заплыў.

«Год таму, 4 студзеня, я дзяжурыла ўсю ноч ля камп’ютара. Трэба было сачыць, калі пачнуць прадаваць слоты. Там ёсць свае хітрыкі. Трэба прывязваць некалькі банкаўскіх картак, бо сістэма, бывае, выбівае іх. Слот на заплыў каштаваў 100 долараў. Пашанцавала толькі 20% ахвотным. Калі гэта здарылася, я зразумела: назад дарогі няма. Заплыў быў прызначны на 22 ліпеня. Патэлефанавала ва ўніверсітэт фізкультуры, сказала ім: «Я ненармальная: мне 54 гады і я хачу пераплысці Басфор. Дайце мне такога ж ненармальнага трэнера». Падчас падрыхтоўкі ў мяне было правільнае харчаванне і 8 трэніровак на тыдзень, з іх некалькі па 2—3 гадзіны ў басейне. Паралельна — трэнажорная зала, вялікі тэніс і танцы».

«Быў момант, калі я хацела плюнуць на ўсё»

Дзень 22 ліпеня запомніўся Святлане, бадай, на ўсё жыццё.

«Нам вельмі не пашанцавала з надвор’ем. Сонца над морам раптоўна змянілася навальніцай. А плысці трэба было ўсё адно. Першыя шэсць кіламетраў праплылі лёгка і з задавальненнем, а потым трапілі ў зваротную плынь. Як ты не імкнуўся праплыць хутчэй, цябе проста адносіла назад. Ты бачыш перад сабой бераг: плывеш 15 хвілін, 20 хвілін. А ён усё на той жа адлегласці».

«Шмат хто здаўся за паўкіламетра да фінішу. Я ведаю, што сёлета адзін малады плывец загінуў у час заплыву. Па правілах, калі хтосьці не можа плыць, ён здымае шапачку, махае ёю, і яго забіраюць у лодку. Было шмат людзей, якія здаліся, расказвалі, як ім было блага, як іх ванітавала. Быў момант, калі я таксама хацела плюнуць на ўсё, нават ужо падплыла да лодкі, але мяне проста не ўзялі на борт. Паказалі, куды плысці. Ліў дождж, вада была цёмная і халодная, у мяне звяло абедзве нагі. І я адзіная з амаль 2000 удзельнікаў, хто фінішаваў на спіне. А калі атрымала сертыфікат, што я гэта зрабіла, зразумела, што ўсё не дарма. Я б паўтарыла гэты заплыў з задавальненнем».

Але сёння ў Святланы іншыя клопаты.

«Амаль за два гады я схуднела на 70 кілаграмаў. Гэта моцна адбілася на скуры. Злавіла сябе на думцы, што я ідэальна выглядаю толькі ў гідракасцюме. Дык вось хачу гэта паправіць».

Падцягнутае цела для Святланы Карасцялёвай важнае, бо адно з яе новых захапленняў — школа ўзроставых мадэляў.

«Вучуся майстэрству дэфіле, пластыцы, як паводзіць сябе ў кадры. Гэта надзвычай цікава. І я цешуся, што мне прыдаўся па жыцці вось гэты выраз: «У любой незразумелай сітуацыі рабі прыгожы азадак. Крызіс міне, а прыгожы азадак застанецца».

Наталля Тур, фота з архіва гераіні 

Каментары
Alisa / Адказаць 25.12.2018 / 17:29

Ну, малайчына, што яшчэ тут сказаць! Вельмі ўразіла, што рызыкнула пераплыць Басфор! Самае галоўнае, што вочы ззяюць - тут у маладзейшых ні мэты ніякай, ні жаданняў, ходзяць як робаты... Па-добраму зайздрошчу гэтаму імпэту!

4
Светлана / Адказаць 25.12.2018 / 22:16

Прошу проголосовать за меня вот здесь, очень надо. Для голосования перейти по ссылке https://megaplastica.ru/user/3062. http://clc.am/ZhmykA - ссылка на простой алгоритм голосования в картинках.

6
Светлана / Адказаць 25.12.2018 / 22:19

Друзья, прошу проголосовать за меня вот здесь: Для голосования перейти по ссылке https://megaplastica.ru/user/3062. http://clc.am/ZhmykA - ссылка на простой алгоритм голосования в картинках. Очень важно! Осталось всего 80 минут до окончания голосования.

9
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура