Праект партала
Дома
23.12.2018 / 09:09
Традыцыйны калядны кекс: рэцэпт тварожнага штолена 3

Цікава, што шматлікія святочныя традыцыі завязаныя менавіта на ежы: колькі і якіх страў павінна быць на стале, якія інгрэдыенты выкарыстоўваць. А што яшчэ цікавей, дык гэта назіраць за святочнымі сталамі ў розных краінах. Сёння мы з вамі завітаем у Нямеччыну і паспрабуем прыгатаваць традыцыйную выпечку на Каляды, якую ўжо шмат год там гатуюць.

Першыя згадкі пра гэты дэсерт з’явіліся ў 14-м стагоддзі, з таго часу ён і папулярны. У Дрэздэне нават існуе свята ў яго гонар, калі ў горадзе арганізуецца працэсія з гіганцкім штоленам, кавалак якога потым можна купіць на святочным кірмашы.

Варыяцый штолена існуе вялікая колькасць: марцыпанавы, міндальны, макавы, але сёння мы з вамі спынімся на варыянце з тварагом. Смачна есці!

Нам спатрэбіцца:

  • 250 гр. масла для цеста;
  • 250 гр. цукру;
  • 250 гр. мяккага тварагу;
  • 2 яйкі;
  • цэдра 1 апельсіна;
  • 600 гр. мукі;
  • 2 ч. л. разрыхляльніка;
  • 200 гр. арэхаў (напрыклад, міндаль, фундук і грэцкія);
  • 350 гр. сухафруктаў (разынкі, сухія журавіны, чарнасліў, цукаты);
  • 4 ст. л. рому;
  • 100 гр. масла для прамазвання;
  • 100 гр. цукровай пудры.

За некалькі дзён (ці хаця б за ноч) рыхтуем начынне: сухафрукты добра мыем, рэжам на кавалачкі (калі ёсць буйныя), замочваем у роме. Арэхі рубім на сярэднія кавалкі.

Масла пакаёвай тэмпературы ўзбіваем з цукрам да пышнай масы, дадаём яйкі і добра перамешваем. Дадаём тварог і цэдру, потым патроху дадаём муку з разрыхляльнікам, замешваем густое цеста.

Акуратна ўмешваем у цеста сухафрукты і арэхі. Дзелім яго на 2 часткі і фарміруем з кожнай па штолену. Традыцыйная форма робіцца наступным чынам: з цеста робіцца авал, адну частку цеста прымінаем рукамі і накрываем гэтай тонкай часткай іншую.

Духоўку грэем да 180 градусаў і выпякаем штолены на пергаменце прыкладна 50-60 хвілін. Калі верх будзе пачынаць занадта рана румяніцца, накрыйце яго фальгой.

Акрамя гэтага, гарачыя штолены насычаем расплаўленым маслам з дапамогай пэндзліка і абільна пасыпаем цукровай пудрай.

Штолены можна загарнуць у фальгу і пакінуць на тыдзень у халодным месцы, каб яны яшчэ больш насыцыліся духмяным смакам.

Вольга Чарнова, фота аўтаркі і thetakeout.com

Каментары
хамса / Адказаць 23.12.2018 / 10:12

Вольга Чарнова, ды вы здзекуецеся) а дзе ж румяная скарыначка і інш., ад чаго мусяць слінкі цячы? бо ўвесь выгляд вашага штолена кажа: не еж мяне.. штоле)

7
Жвір / Адказаць 23.12.2018 / 20:49

Ня ведаю, што гэта такое. Ня памятаю, каб еў такое калісьці. Складнікі нічога так, акрамя разрыхляльніка. Навошта там нешта рыхліць у тым штолені, гэта ж не града з буракамі?..

3
хамса / Адказаць 25.12.2018 / 08:40

не еж мяне штоле на.. трэба было так сказаць.. але я пасаромелася)

6
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура