Праект партала
Стасункі
23.12.2018 / 21:49
«Калегі былі ўпэўненыя, што я нетрадыцыйнай арыентацыі». З чым сутыкнуўся мінскі хлопец, які стаў майстрам па манікюры30

Мінчанін Ігнат Булаш скончыў каледж кулінарыі і на працягу 7 год працаваў кухарам, пры чым дасягаў у сваёй сферы вельмі добрых вынікаў. Але ў нейкі момант зразумеў, што хоча працаваць на сябе — так у Мінску з’явіўся новы майстар па манікюры, якога сярод многіх астатніх вылучае якраз тое, што ён — мужчына.

Сярод кліентаў Ігната — вядомыя мадэлі і спартсменкі, але каб усё склалася менавіта такім чынам, яму самому трэба было прайсці праз уласныя страхі і недавер будучых калег. Расказваем гісторыю аднаго з першых нэйл-майстроў сярод мужчын у сталіцы.

Ігнат Булаш.

— Пасля каледжа я 7 год адпрацаваў у сферы грамадскага харчавання. Удзельнічаў у мішленаўскіх конкурсах і дэманстраваў сапраўды добрыя вынікі. Я быў універсальным салдатам — у Bistro de Luxe, дзе я рабіў апошнім часам, не было дзялення на спецыялістаў гарачых і халодных цэхаў, там супрацоўнікі павінны былі ўмець гатаваць усё — ад амлетаў да карбанары. У нейкі момант я зразумеў, што дасягнуў у сваёй прафесіі столі, нічога новага не адбывалася і я банальна засумаваў, цікаўнасць да справы стала меншай.

Я вырашыў, што хто хачу працаваць на сябе, але каб стаць самім сабе гаспадаром, трэба было засвоіць нейкую новую прафесію. Я чатыры месяцы сядзеў дома без працы, думаў, чым магу заняцца. А потым у галаву прыйшла думка: у Мінску ж амаль няма хлопцаў, якія робяць манікюр! Я пачаў апытваць сваіх знаёмых сябровак: ці пайшлі б яны да мужчыны-майстра на пазногці. Іх гэта адразу зацікавіла: «А што, ты можаш кагосьці параіць?». Калі яны даведаліся, што я сам хачу пайсці на курсы па манікюры, то горача падтрымалі маю ідэю якраз таму, што гэта незвычайна. Для сябе я зрабіў выснову: калі гэта зацікавіла сяброў, то зацікавіць і іншых. Так я пайшоў на курсы па манікюры і педыкюры, і ўжо праз некалькі месяцаў уладкаваўся у салон «Пляткарка», там мяне вельмі многаму навучылі, за што я ўдзячны камандзе. Я ніколі добра не маляваў, але змог засвоіць тое, чаго хацеў.

Вельмі парадавала, што мяне падтрымалі і бацькі. Яны ў мяне простыя людзі: маці працуе прадаўшчыцай, бацька — зваршчык. Я быў упэўнены, што яны будуць угаворваць мяне, каб кінуў дурное, працягваў працаваць кухарам. Але, на дзіва, бацькі адрэагавалі на маё жаданне змяніць жыццё такім вось чынам вельмі пазітыўна.

Ігнат на мінулай працы.

На курсах я, вядома, быў адзіным хлопцам, і там да мяне спачатку ставіліся зусім несур’ёзна. У прынцыпе, я быў гатовы да такіх рэакцый. Падобная сітуацыя была ў салоне. Праўда, калегі яўна не дэманстравалі свайго стаўлення да мяне: проста праз паўгода майго навучання і працы прызналіся, ў тым, што былі ўпэўненыя, што я нетрадыцыйнай арыентацыі. У мяне ж яшчэ і валасы былі пафарбаваныя ў чырвоны — карацей, зусім «нестандартны» хлопец. Аднак усё гэта — толькі стэрэатыпы.

Цікава, што цяпер да мяне часта падыходзяць розныя мужчыны, якія выказваюць рэспект маёй смеласці. Кажуць, што калісьці таксама думалі пачаць рабіць манікюр, але не рашыліся якраз праз тое, што гэта нібыта не мужчынская справа.

Я працую ў салоне, а ўвечары як ІПэшнік магу дадаткова прыняць дома пару чалавек. Пад сваю новую працу я спецыяльна зрабіў з аднаго пакоя міні-студыю. Калі камусьці вельмі тэрмінова патрэбны манікюр, магу запрасіць да сябе нават зусім незнаёмага чалавека і ў гадзіну ночы. Цяпер, калі хутка Новы год, кліентаў увогуле шмат, прымаю па 6 чалавек за дзень. Нават няма часу вучыць новыя тэхнікі і дадаткова самаадукоўвацца ці граць на гітары, якую я сам засвоіў яшчэ ў 16 год. Нават у гурце быў.

Адна з прац хлопца.

Часам да мяне на манікюр прыходзяць мужчыны. Часам — вядомыя беларускі: мадэлькі Вольга Рыбакіна і Кацярына Коба, алімпійская чэмпіёнка Ганна Гуськова. Ганну я ведаю даўно: у мяне брат-фрыстайліст, так што я знаёмы з усёй зборнай. А наконт астатніх зорак — я часам нават не разумею, што «рамантаваў» пазногці камусьці вядомаму. Пра гэта мне ўжо потым калегі кажуць, калі кліенты сыходзяць. Пытаюцца: «А ты ведаеш, што толькі што ў нас была блогерка, у якой мільён падпісчыкаў!?». Мне, калі шчыра, усё роўна каму рабіць манікюр. Я не падзяляю людзей на знакамітых і не.

Калі раней у манікюры маглі быць нейкія трэнды, то цяпер на рынку так шмат розных колераў і прапаноў у дызайне, што вылучыць нешта немагчыма. Усе робяць розныя пазногці, каму што да душы. Я люблю чырвоны колер, гэта класіка, таму, калі кліенты не ведаюць, чаго хочуць, заўсёды раю абараць яго.

Чырвоная класіка ў выкананні Ігната.

Часта да мяне прыходзяць творчыя людзі з дзіўнымі просьбамі: хтосьці просіць мацюкі на пазногцях, напрыклад, намаляваць. Аднойчы завітвала Аляксандра Галавач. Як я потым даведаўся, яна ўдзельнічала ў шоу «Дом-2». Я ёй нарошчваў 5-сантыметровыя кіпцюры: на адной руцэ яны былі вострыя і кіслотна-жоўтага колеру, на другой — квадратнай формы і пафарбаваныя ў бэжавы. А неяк фітнэс-інструктарка папрасіла нарасціць ёй 7 сантыметраў. Я доўга думаў, як яна будзе з такімі пазногцямі працаваць ці мыцца хаця б.

Канечне, мяне здзіўляюць падобныя жаданні, часам я магу сказаць шчыра: тое, што вы прапаноўваеце, нейкі адстой. Але жаданне кліента — закон, зраблю, што заўгодна, раз хочацца.

Так сам пра сябе жартаўліва піша Ігнат.

Я працую майстрам па манікюры з лютага. У мяне часта пытаюцца, ці не расчараваўся я, ці не надумаў вярнуцца ў кухарства. А я абсалютна ні пра што не шкадую! Калі пасля працы ў рэстаране, я валіўся з ног і проста засынаў дома пасля змены, як толькі прыходзіў, то цяпер, нават адпрацаваўшы столькі ж па часе, выходжу поўны сіл. Мяне не раздражняюць ні пахі лакаў, ні тое, што прыходзіцца апрацоўваць чужыя ногі. Першыя, другія, трэція ногі — і ты ўжо ні на што не звяртаеш увагі.

У будучыні я б вельмі хацеў адкрыць уласны салон з арыгінальнай канцэпцыяй. Якой — не скажу, каб ніхто не скраў ідэю (пасміхаецца).

Гутарыла Кацярына Карпіцкая, фота з асабістых архіваў героя

Каментары
Antyzombie / Адказаць 24.12.2018 / 10:13

Усё правільна - жанчыны кладуць шпалы і ідуць у забой, а "мужыкі" паліруюць пазногці і робяць макіяж. Шэрае чалавецтва ў дзеянні. Ні пола, ні расы, ні ўзросту, ні нацыіянальнасці, ні веры - мара ТНК і лібер-сацыялістаў.

39
ignat / Адказаць 24.12.2018 / 11:56

Antyzombie , Когда в статье написано что человек работал 7 лет поваром,этого ты не видишь,только видишь что ногти делаю))вам хоть пишите Что человек работал на заводе и решил пойти в сферу красоты,вы сразу будете думать другое, такая тенденция только у девушек,так что Это вам нужно доказать Что вы мужчина)) а если есть вопросы кто "мужик",а кто нет,я предпочитаю говорить при личной встрече в глаза!))

3
Мікола / Адказаць 24.12.2018 / 15:48

Ігнат, рэспект! Галоўнае што ты робіш што табе падабаецца і робіш гэта добра, калі кліенты ідуць. Не звяртай увагі на хворых на галаву.

3
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура