Праект партала
Рост
20.12.2018 / 15:33
Як выбрацца з путаў хатняга гвалту: прайшоў першы паказ дакументальнага спектакля «Родныя людзі?»1

Спектакль «Родныя людзі?» задуманы вельмі даўно: студэнты Еўрапейскага коледжу ліберальных мастацтваў (ECLAB) збіралі інтэрв'ю пацярпелых ад хатняга гвалту, у 2017 годзе прайшлі чыткі сабранага матэрыялу. За гэты час з'явілася некалькі паўнавартасных работ, сярод якіх хацелася б вылучыць дакументальны спектакль «11 красавіка», прысвечаны выбуху ў мінскім метро.

Спектаклі рэжысёркі Валянціны Мароз ад пачатку не прэтэндуюць на поўнае раскрыццё тэмы. Сама назва калектыву «Лабараторыя сацыяльнага тэатра ECLAB» ўказвае на эксперыментальнасць спектакляў. У першую чаргу эксперыментальны сам падыход. Зрабіць дасканалы спектакль пра выбух у метро ці пра хатні гвалт, такі спектакль, які спадабаецца ўсім, — немагчыма. Тым важней, што тэатр бярэцца за гэтыя тэмы.

Складанасць тэмы гвалту ў тэатры ўздымалася на абмеркаванні, якія для «Лабараторыі сацыяльнага тэатра» не менш важныя за самі спектаклі. У гвалце ёсць агрэсар і ёсць пацярпелы бок, дакументальнасць, то бок калі тэкст заснаваны на інтэрв'ю, вымагае лінейнага наратыву, гэта значыць, што вялікая колькасць паралельных наратываў (а такое ў тэатры здараецца) ускладняе дзею, робіць яе больш цьмянай. Між тым сітуацыя з хатнім гвалтам у святле нядаўніх дыскусій з нагоды адпаведнага закона выглядае і так занадта складанай, і асабіста я лічу, што не так важна тут і цяпер даць вычэрпны адказ на тое, што такое гвалт, як выратаваць з гвалтоўнай сітуацыі тых, каму пагражае небяспека.

Выратаваць можна перш за ўсё тым, што даць слова тым, хто выжыў. У гэтых гісторыях, як самі артысты іх называюць, агрэсары ці аб'юзары выглядаюць такімі плоскімі карыкатурамі. Такімі яны засталіся ва ўспамінах, ужо нястрашнымі, ужо пераможанымі. У іх, напэўна, ёсць свае версіі падзей, але гэта не іх гісторыя, і тэатр у дадзеным выпадку не суд, а інфармацыйная пляцоўка.

Чытайце таксама: «У аднакласніка драматурга бацька забіў маці». Стваральнікі спектакля пра сямейны гвалт пра тое, чаму беларусам важна наведаць іх прэм’еру

Невыпадковы акцэнт на мінулым у драматургіі спектакля (афармляць інтэрв'ю ў сцэнічныя тэксты дапамагаў вядомы драматург Лёха Чыканас). Кожная невялікая навела пачынаецца з тэлефанавання на «гарачую лінію», і ствараецца важнае адчуванне, што сітуацыя ўжо адбылася, што яна перажытая, што ахвяра выйшла пераможцай. Гэта тым важней адчуваць, чым больш мы даведваемся пра крывавыя падрабязнасці.

Цікава, што ў гэтым спектаклі, у параўнанні з «11 красавіка», зроблены вялікі крок насустрач эстэтыцы традыцыйнага тэатра. Мы бачым схематычную сцэнаграфію: двое дзвярэй і невялікі памост, — такую лёгка ўявіць, калі разыгрываюцца напаўантрэпрызныя меладрамы нашых невялікіх тэатраў. Тут больш выкарыстана таксама традыцыйных мізансцэн, акцёры «бачаць» адзін аднаго, рэагуюць, узаемадзейнічаюць. На нейкія моманты ствараецца ўражанне, быццам глядзіш тыповую меладраму. Не падманвае толькі маўленне: вось тут не хапіла паўзы, вось тут акцэнт не на тым слове. Па вуху лязом рэжуць дыктафонныя інтанацыі, а іншымі інтанацыямі апісваць гвалтоўныя дзеі немагчыма, адна ўдала пастаўленая паўза — і надта лёгка эмацыйна праваліцца ў прорву. Адна з такіх эмацыйных сцэн, калі герой расказвае пра татуіроўку кветак, якую зрабіў на месцы шнараў, і на яго праецыруюцца кветкі. Гэта павінна гучаць як эмацыйны апагей спектакля, але пададзена гэтаксама проста, як і папярэднія сцэны гвалтавання. Такое эмацыйнае выроўніванне не дазваляе закранаць крайнасці і пакідае вялікую прастору для дыскусіі пасля спектакля, а ў гэтым якраз і ёсць асноўная мэта спектакля.

Сама эстэтыка спектакля супраціўляецца таму, каб вылучаць кагосьці з акцёрскага складу. Разважаць пра «акцёрскія работы» да месца ў традыцыйным спектаклі, дзе задача для акцёра — самасцвердзіцца, выявіць сябе ў персанажы, а тут задача адваротная. Акцёры нібыта адлюстроўваюць для нас падзеі, як падчас следчага эксперыменту ці ў музеі. Ёсць сумневы, што акцёры традыцыйнай школы змаглі б падаць такі складаны тэкст настолькі карэктна, не пераціскаючы эмацыйныя акцэнты, з мэтай перадаць змест падзеі. А вось выканаўцы, якіх Валянціна Мароз рыхтуе на сваіх майстар-класах, спраўляюцца з задачай досыць пераканаўча.

На абмеркаванні стваральнікі спектакля падкрэслілі, што для іх тэма не закрытая, што яны чакаюць новых гісторый. Падкрэслівалася, што ў мужчын таксама шмат гісторый гвалту, але яны рэдка пагаджаюцца расказваць пра такое на дыктафон.

«Лабараторыя сацыяльнага тэатра» выконвае функцыю тэатра-парламента, калі на сцэне жыўцом выяўляюцца тэмы, якія мы прызвычаіліся абмяркоўваць анлайн.

Аляксей Стрэльнікаў, фота Дар'і Пашкевіч

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура