Праект партала
Навокал
19.12.2018 / 20:39
Маладыя ў Лідзе папрасілі гасцей замест кветак прынесці на вяселле цацкі, а потым падарылі іх дзецям-інвалідам1

Эдвін і Вераніка сям'ёй Ненартовіч сталі менш за месяц таму — 24 лістапада. Сваіх гасцей на вяселле яны папрасілі прыходзіць не з кветкамі, а з цацкамі. Сваякі і сябры маладых людзей ахвотна адгукнуліся на гэту незвычайную прапанову (а ўсяго на вяселлі гулялі больш за 80 чалавек). Сабраныя лялькі, машынкі, развіваючыя гульні, размалёўкі, пазлы, канструктары, кнігі маладыя сёння перадалі ў міжраённае аддзяленне для дзяцей-інвалідаў і хворых з псіханеўралагічнымі захворваннямі Лідскай ЦРБ, паведамляе «Лідская газета».

Праўда, калі маладыя думалі над гэтай ідэяй, яны так і не вырашылі, у якую менавіта ўстанову перадаць падарункі, у Смаргоні, адкуль родам Вераніка, ці ў Лідзе — родным горадзе Эдвіна. Адказ на пытанне знайшоўся ў каталіцкім санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем'яў у вёсцы Тракелі.

— На вяселле некаторыя госці акрамя цацак усё роўна прынеслі яшчэ і кветкі, — усміхнулася Вераніка. — Усе букеты мы сабралі і прывезлі Маці Божай Тракельскай у знак падзякі за наша знаёмства. Так, з Эдвінам мы сустрэліся тут, у касцёле, падчас пілігрымкі ў 2017 годзе. Вось такое Божае благаславенне.

Падчас наведвання санктуарыя маладыя зайшлі да настаяцеля парафіі — ксяндза Юрыя Бяганскага, які таксама з'яўляецца капеланам капліцы пад тытулам Маці Божай з Лурда, якая знаходзіцца на тэрыторыі Лідскай ЦРБ. Так знайшоўся адказ на пытанне: куды перадаць сабраныя на вяселлі замест кветак падарункі — педыятрычнаму рэабілітацыйнаму аддзяленню.

— За чатыры гады існавання капліцы Эдвін і Вераніка, напэўна, ужо пятыя маладыя, якія сваё асабістае свята — вяселле, адзначаюць з дарэннем падарункаў пацыентам лідскай бальніцы. Такія ўчынкі, безумоўна, з'яўляюцца выдатным пачынаннем новага жыцця, — пракаментаваў Юрый Бяганскі.

Сёння ў міжраённым аддзяленні для дзяцей-інвалідаў і хворых з псіханеўралагічнымі захворваннямі Лідскай ЦРБ 28 пацыентаў.

Фоты: Лідская газета

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура