Праект партала
Рост
19.12.2018 / 10:43
Гуськова, Жук, Шапуцька… Жанчыны, якія зрабілі 2018 год5

2018-ты яшчэ не скончыўся, і мы верым, што за апошнія тыдні ў ім могуць адбыцца сапраўды прыемныя інфармацыйныя выбухі. Але ўжо цяпер прапаноўваем згадаць разам з намі тых жанчын, якія зрабілі гэты год насычаным і лепшым (хаця ўнёсак у гэта рабіла кожная з нашых чытачак, мы ўпэўненыя). Якія змагаліся, перамагалі, натхнялі і рабіліся першапраходцамі.

Арына Сабаленка і прарыў у тэнісе

Фота: Tut.by

2018 год год прайшоў для 20-гадовай тэнісісткі Арыны Сабаленка пад шчаслівай зоркай. 

Сёлета Арына ўпершыню ўвайшла ў топ-50 сусветнага рэйтынгу. Адбылося гэта пасля ўдалага выступу на турніры ў швейцарскім Лугана, дзе беларуска дайшла да фіналу. А ўжо ў канцы жніўня Арына Сабаленка заваявала першы ў кар’еры тытул на турнірах прэм’ер-узроўню. У фінальным паядынку ў Нью-Хэйвене (ЗША) яна перайграла іспанку Карлу Суарэс Навара, пасля гэтага беларуска трапіла ў топ-20 сусветнага рэйтынгу. 

А ў верасні-кастрычніку імя Арыны Сабаленкі было на слыху амаль у кожнага беларуса, бо ўся краіна заўзела за Сабаленку ў адкрытым чэмпіянаце Кітая. Пасля выхаду ў чвэрцьфінал Арына стала ракеткай №11 у сусветным рэйтынгу. 

Чым матывуе Сабаленка? Сваім уменнем «закрыць рот і гуляць». Відэа, на якім трэнер Арыны Дзмітрый Турсунаў расказвае пра памылкі сваёй падначаленай, стала ўзорам матывацыі не толькі ў спорце. 

Журналісткі, затрыманыя па справе БелТА

7 жніўня беларуская журналісцкая супольнасць канчаткова падзялілася на два лагеры: на тых, хто запусціў і падтрымліваў «справу БелТА», і тых, хто перажываў разам з калегамі, якія трапілі пад удар.

Летам 2018-га пачаліся допыты журналістаў і рэдактараў Tut.by, БелаПАН, супрацоўнікаў выдавецкага дома «Беларуская навука», партала Realt.by, газеты «Культура». Ім былі выстаўленыя абвінавачванні ў несанкцыянаваным доступе да матэрыялаў з платнай падпіскі БелТА.

Калектыў TUT.by у жартаўлівых цішотках па тэме. Фота facebook.com.

Былі затрыманыя галоўная рэдактарка TUT.by Марына Золатава, выпускаючы рэдактар TUT.by Ганна Калтыгіна, рэдактар раздзела «Грамадства» TUT.by Ульяна Бабаед, дзяжурны рэдактар TUT.by Галіна Уласік, а таксама аглядальніца БелаПАН Таццяна Каравянкова і галоўная рэдактарка інфармагенцтва Ірына Леўшына. Затрыманыя былі таксама і мужчыны, але мы акцэнтуем увагу менавіта на журналістках, бо пасля ў іх адрас пачаліся сэксісцкія выказванні як не пра прафесіяналаў, а як пра «дам, зручных у побыце». Гэта ў сваю чаргу прывяло да з’яўлення ў Беларусі цэлага праекта з аднайменнай назвай, мэта якога — крытычнае асэнсаванне сітуацыі няроўнасці жанчын і мужчын у беларускім грамадстве.

Усе пералічаныя асобы знаходзіліся пад следствам, вытрымалі суткі на Акрэсціна, журналісткам прыйшлося заплаціць адміністратыўныя штрафы. У выніку з усіх, акрамя Марыны Золатавай, у лістападзе абвінавачванні знялі. Галоўную рэдактарку TUT.by абвінавачваюць па ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэкса Беларусі («Бяздзейнасць службовай асобы»). Мы да гэтага часу проста не верым у тое, што чалавек, які прафесійна робіць самы папулярны партал, стаў у нашай краіне злачынцам.

Ганна Шапуцька і абарона Курапат

Фота Волі Афіцэравай.

Ганна Шапуцька стала адным з тых «воінаў святла» ў абароне Курапат, мужнасцю якога сапраўды захапляешся. Яе пазіцыя выразна акрэсленая: зачыніць рэстаранна-забаўляльны комплекс побач з месцам забойства ахвяр сталінскіх рэпрэсій. І дзеля гэтай мэты яна гатовая вось ужо як паўгода дзяжурыць там гадзінамі і цярпець здзекі ад заезджых наведнікаў «Паедзем, паядзім».

Барацьба для яе пачалася яшчэ ў 2006-м годзе — тады яна ўпершыню выйшла на Плошчу. Разам з мужам яны дапамагалі дачцэ-маладафронтаўцы расклейваць улёткі, маляваць плакаты. Ездзіла на суды, каб падтрымліваць затрыманых, і сама аказвалася ў аўтазаку.

Курапаты — гэта яшчэ адзін прынцыповы прыклад несправядлівасці, з якой Ганна не можа мірыцца. У адным з інтэрв’ю яна тлумачыла такі свой характар: «Абвостранае пачуццё несправядлівасці — адзін з галоўных чыннікаў у маім жыцці. Заўсёды ў ім прысутнічае змаганне з гэтай несправядлівасцю, яно таксама было закладзена з дзяцінства». На такіх асобах, як яна, свет і трымаецца.

Алімпійскія чэмпіёнкі

Фрыстайлістка Ганна Гуськова скарыла нашы сэрцы на сёлетняй Алімпіядзе. Ганна выканала сальта назад прагнуўшыся ў першым сальта і па шрубе яшчэ ў двух сальта!

Ганна Гуськова. Фота: sb.by.

Ганна называе сябе Спантаннасцю. Марыла быць і журналісткай, і швачкай. Пасля Алімпіяды хацела пайсці здаваць на правы і пераехаць ва ўласную кватэру.

Не можам мы абмінуць увагай і Дар’ю Домрачаву, Надзею Скардзіна, Ірыну Крыўко і Дзінару Алімбекаву — алімпійскіх чэмпіёнак ў біятлоннай эстафеце.

Дзяўчат называлі беларускімі гераінямі, а іх медалі — подзвігам. Дзякуючы гэтай перамозе, Дар’я Домрачава стала адзінай у свеце чатырохразовай алімпійскай чэмпіёнкай па біятлоне, а для Алімбекавай, Скардзіна і Крыўко гэты медаль наогул стаў першым залатым алімпійскім медалём у кар’еры.

Фота: noc.by.

Вольга Мазуронак і «крывавая» перамога

Працягваем тэму спорту.

Фота: imenamag.by.

На чэмпіянаце Еўропы па лёгкай атлетыцы Вольга выйграла залаты медаль. І гэта ўжо вялікае дасягненне. А калі ўспомніць фотаздымак Вольгі, на якім у яе падчас пераадолення дыстанцыі твар заліты крывёй, то ясна, чаму Мазуронак у топе жанчын, якія нас натхнялі.

Мазуронак — прыклад сілы волі, мужнасці і стойкасці. Ва ўсіх сваіх інтэрв’ю яна прызнаецца, што бегае дзеля таго, каб забяспечыць сябе і сына.

«Муж ставіўся да спорту дрэнна. Лічыў, што жонка дома павінна сядзець, хадзіць на звычайную працу. Гэта выклікала пратэст. Я — лідар, і мяне пераламаць вельмі складана. І на гэтым, уласна, наша сямейнае жыццё і завяршылася. Як нарадзіла, практычна адразу пачала бегаць».

Цяпер у Вольгі ў планах удзел у Алімпійскіх гульнях 2020 года. І залаты медаль, не менш. Чаго б ёй гэта ні каштавала!

Беларускія кінарэжысёркі

Рэжысёркі Дар’я Жук і Юля Шатун проста зрабілі прарыў у беларускім кіно. Стужка «Крышталь» была вылучана на «Оскар». А стужка Юлі Шатун «Заўтра» — выбухнула і на леташнім «Лістападзе», і на сёлетніх міжнародных конкурсах.

Дар'я Жук, фота Паўла Аксіновіча.

Чым натхнялі рэжысёркі нас? Сваім поглядам на жыццё, кіно і рэчаіснасць.

Для Юлі Шатун думка міністра культуры пра яе фільм не аўтарытэтная, і яна смела пра гэта казала. А Дар’я Жук наогул даказала ўсім, што калі ты робіш вартыя рэчы, то табе не зможа перашкодзіць нават адсутнасць камісіі па «Оскары» ў Беларусі. Яе створаць!

Юлія Шатун. Фота Волі Афіцэравай.

Любоў Пашкоўская і топ-50 жанчын са сферы IT

Фота forbes.com.

У гэтым годзе аналітыкі Forbes уключылі 33-гадовую мінчанку Любоў Пашкоўскую ў «Еўрапейскі топ-50 жанчын тэхіндустрыі» (Europe's Top 50 Women In Tech). Любоў з’яўляецца адной з акцыянерак кампаніі Verv, якая займае першыя пазіцыю сярод найлепшых распрацоўшчыкаў мабільных праграм для фітнэсу ў Еўропе і ЗША.

Жанчына скончыла БГУІР, яна магістр тэхнічных навук. Перш, чым рабіць кар’еру ў ай-ці, працавала ў рэкламе. Пасля пачала са звычайнай тэсціроўшчыцы. А потым разам з калегамі стварыла беларускі стартап, які дапамагае мільёнам людзей ва ўсім свеце скідаць лішнюю вагу і весці здаровы лад жыцця. Выдатны прыклад, які дэманструе: ніколі не позна перавучыцца, змяніць працу і разам з гэтым жыццё.

Лера Яскевіч і блогінг

Фота Сяргея Гудзіліна.

Некалькі музычных кліпаў, пахвала ад Манаціка і Макса Каржа, актыўныя гастролі і сотні тысяч падпісантаў на ютубе і ў інстаграме. Некалькі год таму, пачынаючы весці свой відэаканал з каверамі, дзяўчынка з Багушэўска не магла і падумаць, у што гэта ўсё выльецца. Яе крытыкавалі настаўнікі са школы, а аднакласнікі недалюблівалі, і мы шчыра не разумеем чаму, бо, нягледзячы на ўсё большую папулярнасць, яна застаецца суперадкрытай да кантактаў, а яе актыўная міміка кажа ўсё лепш за словы. У Беларусі не так шмат блогераў з вялікай аўдыторыяй, якім сапраўды можна даверыць сваіх дзяцей, дык вось Лера якраз з іх.

Цяпер спявачка запісвае новы альбом, і мы спадзяёмся, што ў канчатковай версіі будзе пабольш беларускамоўных песень, бо спяваць іх у Леры атрымліваецца выдатна.

Насця Рыбка і міжнародны скандал

Фота: miss-tramell.livejournal.com.

Сярод гераінь павінны быць і спрэчныя асобы (для кагосьці нават — антыгероі), бо свет рознакаляровы. Менавіта таму мы не маглі не адзначыць зямлячку з Бабруйска Насцю Рыбку (па пашпарце — Анастасія Вашукевіч), якая ў 2018-м праславілася на ўвесь свет, дзякуючы расследаванню камандзе Аляксея Навальнага.

Дзяўчына, якая з’ехала скараць Маскву, банальна жадаючы пахваліцца сваім багатым жыццём, выклала фотаздымкі з адпачынку на яхце расійскага мільярдэра Дзерыпаскі. Па фота і відэа з таго круізу Навальны змог выявіць сувязь алігарха з расійскім віцэ-прэм'ерам Сяргеем Прыходзькам. Акрамя таго, у сваёй кнізе «Дзённік па спакушэнні мільярдэра, або Клон для алігарха» Рыбка распавяла пра інтымныя стасункі з абодвума персанажамі — карацей, весялуха.

Праўда, самой Рыбцы потым было не да смеху: былы «каханы» Дзерыпаска падаў на яе ў суд за распаўсюд прыватных звестак, ёй прыйшлося выплаціць бізнэсмену каля 8 тысяч даляраў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды. Цяпер жа Настасся знаходзіцца ў турме. Але па іншай справе: за сэкс-турызм у Тайландзе. Біяграфія бабруйчанкі настолькі захапляльная, што рэжысёрка Дар’я Жук нават выказала жаданне аднойчы экранізаваць яе біяграфію.

Актывісткі «Маршыруй, дзетка»

Марына Корж і Святлана Гатальская, стваральніцы суполкі.

Своеасаблівы рух «Маршыруй, дзетка» быў распачаты ў кастрычніку 2018 года як рэакцыя на крытыку Лукашэнкі канцэпцыі закона супраць хатняга гвалту. Група была створаная для абмеркавання актыўных дзеянняў па ўнясенні гэтай канцэпцыі ў заканадаўства. Так, актывісткі збіраюць подпісы за распрацоўку і прыняцце ў Беларусі закона аб супрацьдзеянні хатняму гвалту. І кожная з удзельніц (ці ўдзельнікаў суполкі) робіць свой унёсак у агульную справу. Вольга Гарбунова прымала жанчын-ахвяр у прытулку «Радзіслава», а зараз працуе над стварэннем кафэ «Норм», дзе яны змогуць працаўладкоўвацца. Лідарка «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч выступае на гендарных дыскусіях, Ірына Альхоўка працягвае прасоўваць тэму ў МУС, ставяцца тэматычныя спектаклі, адкрываюцца выставы… Дзякуй усім, каму не ўсё роўна.

Валянціна Мароз і дакументальны тэатр

Фота Таццяны Брагінскай.

У 2017 годзе на базе канцэнтрацыі «Сучаснае мастацтва і тэатр» Еўрапейскага каледжа Liberal Arts у Беларусі (ECLAB) з’явілася свая лабараторыя сацыяльнага тэатра. Педагог, рэжысёрка Валянціна Мароз адразу марыла пра такую магчымасць, і ў выніку практычных заняткаў у каледжы трупа паціху сфарміравалася. Так у Беларусі пачаў запаўняцца прабел з недахопам якасных дакументальных спектакляў: спачатку пра «11 красавіка», потым пра гвалт у сям’і «Родныя людзі?», і гэта, сцвярджаюць у лабараторыі, толькі пачатак.

Маргарыта Ляўчук і опера

Салістка Вялікага тэатра Беларусі і Музычнага дома «Класіка» Маргарыта Ляўчук — гэта новае імя на опернай сцэне Беларусі, нават не імя, а з’ява.

Пра Маргарыту кажуць, што яна паўтарыла лёс Папялушкі. Нарадзілася ў маленькай вёсцы на Брэстчыне, а змагла скарыць оперныя сцэны не толькі Беларусі, але і замежжа. Сёлета атрымала залаты медаль у вакальным конкурсе ў Берліне. На пытанні, як атрымалася ў Маргарыты дамагчыся ўсяго, адказвае:

«Трэба мець дзве рэчы: талент і мару».

Святлана Коржыч і змаганне за праўду пра сына

Святлана Коржыч і ў гэтым годзе была прыкладам мужнасці і стойкасці.

Пасля ўсіх выпрабаванняў, якія зваліліся на яе плечы, мама загінулага радавога Коржыча працягвае настойваць на тым, каб за смерць сына адказалі не толькі сяржанты, але і афіцэры. Святлана камунікуе з журналістамі, не замыкаецца ў сабе і ў сваім горы. Прыклад моцнай жанчыны.

А якія жанчыны і іх учынкі запомніліся ў гэтым годзе вам?

На застаўцы выкарыстанае фота Дар'і Жук аўтарства Канаплёў&Лейдзік. 

Кацярына Карпіцкая, Наталля Тур

Каментары
хамса / Адказаць 19.12.2018 / 11:22

'На такіх асобах, як яна, свет і трымаецца.' ды вы смяецеся.. яна ж на вас (якія больш за іншыя выданні) асвячалі гэтую 'абарону', наязджала ў каментарах, хацела дзесьці там ставіць пытанне аб журналістскай этыцы.. а вы ёй за гэта такі рэверанс? ды і гэтае стаянне пад кабаком далёка не такое адназначнае

7
Nokia / Адказаць 19.12.2018 / 12:34

А Яскевiч за што патрапiла у топ? Нi аб чым.

2
Ляксандра / Адказаць 19.12.2018 / 14:32

Кацярына і Натальля.І на што вы зьмяшалі ў кучу боб з гарохам?ТУТбай тут прычым?А Рыбка-ўвогуле сьмех.І так палова "знакамітасьцей".Зусім павярхоўна.Зусім.

2
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура