Праект партала
Рост
16.12.2018 / 14:51
Адкрыйце для сябе новыя імёны ў кіно: 15 беларускіх рэжысёрак, пра якіх вы маглі не чуць, падзяліліся з намі сваімі планамі8

Беларуская кінасупольнасць апошнім часам поўніцца жарсцямі — то забараняюць фільм паводле апавядання Быкава (на самай справе — не), то на гарачыя губы сабраны камітэт патаемна выбірае намінанта на «Оскар», то цэнзура такі прачынаецца і пачынае пагражаць прэстыжу фестывалю «Лістапад», то свежаабвешчаная Нацыянальная прэмія нагадвае больш за ўсё рытуальныя бюракратычныя танцы, дзе «Беларусьфільм» мае ўзнагародзіць сваіх жа супрацоўнікаў.

Але хаця б у чымсьці наша кіно выглядае прыстойна — на фоне змагання заходніх рэжысёрак за аднолькавыя магчымасці, у нас хаця б, на першы погляд, пануе роўнасць.

Давайце ж напярэдадні Дня беларускага кіно (які адзначаецца 17 снежня) парадуемся хаця б гэтаму — нашым выдатным рэжысёркам ды іх творчасці. Кінакрытык Максім Карпіцкі склаў для вас непазбежна няпоўны і прадузяты спіс, а таксама спытаўся ў рэжысёрак пра тое, чаго ж варта чакаць ад іх гледачам.

Дар'я Юркевіч

Як і многія іншыя маладыя рэжысёры, Дар'я паехала вучыцца за мяжу (у прэстыжную французскую кінашколу Ле Фрэнуа), але, на шчасце, здымае ў Беларусі. Звярніце ўвагу на яе «Пасху» — віртуозна сканструяваны камерны нарыс, 13 хвілін якога паспяваюць распавесці пра горад і вёску, рэлігійнае і секулярнае ў іх заблытаным перапляценні больш, чым многія гадзіны іншых фільмаў.

Чакаем: «На самай справе, я цяпер здымаю дакументальны поўны метр, гэта сумесны праект «Беларусьфільма» і французскай кампаніі. Я працую над ім у сааўтарстве з вядомым беларускім рэжысёрам-анімалістам Ігарам Бышнёвым. Наш фільм распавядзе пра падлеткаў, якія жывуць побач з Чарнобыльскай зонай. Мы здымаем яго ўжо год, і думаю, што яшчэ недзе столькі ж спатрэбіцца, каб даздымаць і завяршыць гэту працу. Затое ўжо зараз на этапе постпрадакшну знаходзіцца невялікі гульнявы кароткаметражны фільм, зняты з Цэнтрам сучаснага мастацтва «Бягучая чарапаха», прадзюсарамі Леанідам Калітэнем і Наталляй Бужнік. Праект эксперыментальны і называецца «Пасха», а прэм'ера запланаваная на студзень-люты.

PAQUES-ENGSUB from Daria Roma on Vimeo.

Улада Сянькова

Улада Сянькова вядомая ў першую чаргу прыгодамі ў стварэнні фільмаў, пра якія яна з гумарам і неабыякавасцю распавядае ў сацыяльных сетках, а таксама «Графам у апельсінах», сваёй поўнаметражнай стужкай пра тое, як гарадскія падлеткі прыехалі адпачыць у вёску і што з гэтага выйшла. Падказка — нічога добрага; затое з іх нягодаў атрымалася рэдкая для нашага сучаснага кіно гісторыя, дзе дзеці — не чысцюткія анёлы, якія нясуць дарослым мудрасць і дапамагаюць вырашыць любыя праблемы. Куды там, ім бы са сваімі разабрацца.

Чакаем: Плануецца паказ «З вышыні» у рэгіёнах, гэтым займаецца «Сваё кiно». Зараз здымаю поўны метр «Пражэцёры». Гэта беларуска-расійскі праект, гісторыі з жыцця маладзёнаў, што спрабуюць зарабіць грошай, адкрываюць розныя бізнэсы, але ім не вельмі з гэтым шанцуе. Так бы мовіць, моладзевая гісторыя пра каханне і пошук грошай. Пракат фільма плануем у наступным годзе. У перадвытворчасці — яшчэ адзін поўнаметражны фільм, «Памылка 404», пра двух хлопцаў, што ўцякаюць ад беларускага войска. Гэта будзе зімовая драма пра вайну і мір, «Сотнікаў» 2019 года. Выхад мяркуецца ў 2020 годзе.

Настасся Мірашнічэнка

Дакументальныя стужкі Настассі — не такі ўжо часты выпадак супадзення глядацкага інтарэсу і поспеху на фестывалях. Яны зроблены на самай мяжы эксплуатацыйнасці — рэдка хто не пусціць слязу, гледзячы яе першы фільм пра шчырага і наіўнага бясхатняга мастака («Скрыжаванне») альбо «Дэбют» пра тое, як жанчыны ў калоніі спрабуюць прымірыцца з сабой і светам, удзельнічаючы ў аматарскай тэатральнай пастаноўцы.

Яе галоўныя таленты — прафесіяналізм і тактоўнасць, якія дапамагаюць фільмам перадаць адчуванне павагі да персанажаў, а не стаць шараговай слязлівай тэлевізійнай стужкай, якія хіба што даюць гледачу магчымасць пазбавіцца ад уласнага стрэсу напрыканцы працоўнага дня.

Чакаем: «Я не люблю распавядаць пра планы, пакуль яны не здзейсняцца. Не хочацца сурочыць. 17 снежня пачынаецца пракат майго фільма «Дэбют» у Мінску, будзе і сеанс з абмеркаваннем. Таксама фільм нядаўна купілі міжнародныя тв-каналы».

Юлія Шатун

Юлія Шатун з'явілася даволі нечакана і без папярэдняй медыйнай рэкламы выйграла з фільмам «Заўтра» галоўную ўзнагароду ў нацыянальным конкурсе «Лістапада». Нягледзячы на сумніўнае меркаванне міністра культуры, сучаснае кіно — гэта не шматмільённыя стужкі, якія сотнямі выплёўвае галівудскі канвеер, а такія вось гісторыі, у каторых пазнаеш кожную дэталь і вучышся бачыць непрыкметную прыгажосць у знаёмых шэрых вуліцах. Галоўныя героі фільма былі сыграныя бацькамі Юліі, дык так удала, што хочацца адправіць на перападрыхтоўку ледзь не ўсіх нашых прафесійных акцёраў, а сама гісторыя пра былога настаўніка ангельскай мовы і яго жонку, якія беспаспяхова спрабуюць знайсці прыстойную крыніцу заробку, за мінулы год стала толькі актуальнейшай. Але сапраўднае майстэрства фільма ў тым, што ён распавядае пра ціхае сямейнае жыццё і няўлоўныя эмоцыі, якія, напэўна, можна назваць каханнем, — ціхім і сапраўдным, без прыўставання на дыбкі падчас пацалункаў і пазіравання на камеру.

Чакаем: «Фільм «Заўтра» ў студзені будуць паказваць на фестывалі ў Брусэлі, а ў снежні паказы пройдуць у мазырскім кінатэатры. Ужо скончаная супольная праца з Мікітам Лаўрэцкім (яшчэ адзін лаўрэат нацыянальнага конкурсу, і застаецца толькі здзіўляцца, чаму іх фільму не знайшлося месца на сёлетнім фестывалі). Гэта фільм «ДРАМА», і ён распавядае пра тое, як тры рэжысёры здымаюць кіно пра падзеі свайго мінулага тыдня, дзе мы імкнуліся паказаць, як свежасць падзей у памяці персанажаў надае новы сэнс самой ідэі ігравога кіно. А свой наступны поўны метр, канечне, хацелася б зняць з пэўным бюджэтам, а не ўдвух з сябрам».

Галіна Адамовіч

Галіна Адамовіч — ужо класік нашага дакументальнага кіно. Адзін з першых яе напраўду адметных фільмаў  «Геній месца», дзе архіўныя савецкія кадры эксперыментальна спалучаліся з кадрамі сучаснасці і танцам, стваралі надзею на змены. Яе фільм «Маляваны рай» паспрыяў вяртанню заслужанай увагі да творчасці мастачкі Алены Кіш. Яна здымала стужкі пра праваслаўныя манастыры, пра памінанне продкаў на Дзяды ў цяперашняй Чарнобыльскай зоне, але трэба прызнаць, зняла і кан'юнктурны фільм пра гісторыю сучаснай Беларусі. Больш нядаўні поспех  «Шамбала», прысвечаны балотам Беларусі, аказваецца зусім не відэа-паштоўкай для турыстаў і школьнікаў, нават не сацыяльным ролікам (памятаеце пра лёгкія Еўропы?). Хутчэй, гэта спроба псіхагеаграфіі, якая пакідае далёка ззаду «Сфагнум» моднага пісьменніка Марціновіча.

Чакаем: Фільмы Галіны Адамовіч часам паказваюць па тэлебачанні, ладзяцца іх рэтраспектывы ў Музеі гісторыі беларускага кіно ды на іншых пляцоўках, напэўна, неўзабаве будзе магчымасць убачыць і яе новую стужку «Нашы дзеці».

Дар’я Жук

Дар'я ў дадзены момант хіба не самая вядомая рэжысёрка ў беларускім кіно, бо намінацыю яе «Крышталя» на «Оскар» абмяркоўваюць нават людзі, далёкія ад кіно. Пісалі пра фільм і на «Нашай Ніве». Добры ці дрэнны, ён мала каго пакідае абыякавым, і гэта ўжо больш, чым можна сказаць пра ўсе ігравыя фільмы, знятыя сёлета на нацыянальнай кінастудыі.

Чакаем: Натуральна, завяршэння гэтай гісторыі, а таксама новых фільмаў. Сама Дар'я пакуль занятая працай і магчымыя будучыя праекты каментаваць адмовілася.

Мара Тамковіч

Яшчэ адна неспадзяванка: зняты ў Польшчы дэбютны кароткі метр Мары Тамковіч абышоў відавочнага фаварыта, «Крышталь», і быў абраны міжнародным журы як найлепшы беларускі фільм на сёлетнім «Лістападзе». «Дачка»  не выпадковы выбар, бо гэта смелы, крытычны фільм. Мара зняла гісторыю пра сэксуальны гвалт і нялюдскасць бюракратычнай машыны, дзе ахвяра не можа знайсці абароны. 16-гадовая дзяўчына шукае выйсце ў самагубстве (гэта не спойлер, а толькі завязка драматычнай гісторыі).

Чакаем: «Калі казаць пра планы, «Дачка» працягвае свой фестывальны шлях. Найбліжэйшы паказ адбудзецца ў Турцыі, у горадзе Ушак. Фільм зроблены ў 2018-м годзе, а гэта значыць, што перад намі яшчэ адзін фестывальны год. Потым  патэнцыйная тэлевізійная дыстрыбуцыя. Анлайн-прэм'еры пакуль у планах няма. У распрацоўцы таксама ідэя па магчымых дадатковых паказах у Беларусі (не толькі ў сталіцы). Яшчэ я працую над сцэнарам поўнаметражнага дэбюта пад працоўнай назвай «Юля». Гэта гісторыя, якая адбываецца ў сучаснай Беларусі, і якую, спадзяюся, атрымаецца там жа зняць. Але пакуль праект у сваёй пачатковай фазе, таму яго яшчэ давядзецца пачакаць».

Алена Турава

Галоўны адмыслоўца ў дзіцячым кіно на «Беларусьфільме», асабліва вартая ўвагі яе стужка «Кіндэр-вілейскі прывід». Занадта часта ў нашым кіно вырашаюць, што найбольш надзейны шлях да замежнага поспеху  пазбавіць карціну ўсіх прыкметаў тутэйшасці, і ў выніку атрымліваецца мала каму цікавы і ў нас, і ў іншых краінах безаблічны прадукт. Гэты фільм  іншы выпадак, хоць ён і заснаваны на «Кентэрвільскім прывідзе» Оскара Уайльда, падзеі тут адбываюцца ў Вілейскім раёне, маюць выразны водар таямніцаў беларускай мінуўшчыны, а за недарагімі спецэфэктамі хаваецца кранальная і забаўная прыгодніцкая гісторыя.

Чакаем: «Я ўжо некалькі гадоў працую над вялікім анімацыйным праектам «Зоркі сёмага неба» па аднайменнай кніжцы Генадзя Давыдзькі. Імаверна, праца будзе завершаная ў 2020 годзе, і мы атрымаем першы беларускі поўнаметражны анімацыйны фільм. Гэта мюзікл, музыку да якога напісаў вядомы беларускі кампазітар Леанід Шырын. Ролі агучваюць зоркі беларускай эстрады, а таксама акцёры-спевакі: Тэа, Дзядзя Ваня, Святлана Бень, Дзяніс Дудзінскі ды іншыя. Мае фільмы-казкі можна ўбачыць па тэлебачанні. Часам я сустракаюся з дзецьмі на прэзентацыях сваіх кніжак у бібліятэках».

Аляксандра Бутар

Бывае, чыесьці фільмы складана любіць, але цяжка абысці ўвагай. Аляксандра Бутар  менавіта такі выпадак. Здаецца, ні ў каго ў свой час не выклікала асаблівага энтузіязму навіна, што «Беларусьфільм» збіраецца зняць працяг сваёй найпапулярнейшай стужкі «Белыя росы» (Ігар Дабралюбаў, 1983). Сапраўды, колькі ўжо можна паразітаваць на мінулым? Але ж вось, фільм атрымаўся. Канечне, Аляксандра Бутар  не постаць маштабу Ігара Дабралюбава (гэта быў яе першы поўнамэтражны фільм), але «Белыя росы. Вяртанне» ўдала трапляе ў сучасны кантэкст і паказвае да болю пазнавальны канфлікт  ужо не мірны сыход старой вёскі, а непадкантрольныя дзеянні замежных інвестараў і тутэйшых чыноўнікаў, якія разбураюць як прыроду (нядаўнее пракладанне трасы праз Альманскі запаведнік), так і гарады. На жаль, наступны фільм («Салодкае развітанне Веры») аказаўся няўдалай спробай зрабіць «агульнаеўрапейскую» меладраму, дзе ані сюжэтныя калізіі, ані горад у кадры не нагадваюць аніякіх сапраўдных месцаў і падзей.

Чакаем: «З чэрвеня пачынае афіцыйна дзейнічаць мая кінакампанія «Тэрыторыя кіно». Фільм «У асабістую прастору ўваход забаронены» быў набыты маскоўскай дыстрыб'ютарскай кампаніяй для паказу на тэлебачанні. Я працую над новым сцэнаром пад назвай «Мішэнь» пра бацьку і дачку, здраду, помсту і дараванне. Здымкі пачынаюцца ў ліпені. Таксама працуе кінашкола, і сёлета ў нас вельмі моцны рэжысёрскі курс. У наступным сезоне мусіць быць адкрыты новы курс — навучанне прадзюсарскай дзейнасці».

Нэля Васілеўская

Здымае кіно з артхаўсным ухілам. Нярэдка, гледзячы яе кароткія метры, згадваеш Таркоўскага, Лінча ці іншых мэтраў аўтарскага кіно. Але яе апошні фільм «Сябры па ліставанні» распавядае больш сучасную гісторыю кахання: Антон і Ліза знаёмыя ўжо год і закаханыя адно ў аднаго, але стасуюцца выключна праз сацыяльныя сеткі, бо жывуць у розных гарадах. Нарэшце, Антон прыязджае з Масквы да Лізы ў Мінск, але пытанне ў тым, ці гатовыя яны да рэальных стасункаў.

Чакаем: «Зараз, разам з Андрэем Кашперскім, працую над дакументальнай паўнаметражнай камедыяй «Шчасця, здароўя табе, мілы сябра» пра Андрэя Гурына, 34-х гадовага мінчаніна, які з'ехаў ад бацькоў, завёў у кватэры гусака і пачаў здымаць пра гэта влог, які потым ператварыўся у сапраўдны ютуб-серыял. Планую на 14 лютага анлайн-прэм'еру свайго кароткаметражнага фільма «Сябры па ліставанню»».

ТемаVIDOS (Настасся Сулім, Маша Пархімчык і Ганна Мядзведзева)

Дзяўчаты зусім не здымаюць кіно, затое робяць процьму займальных і часта забаўных відэа на YouTube.

Магчыма, найбольш важнае іх дасягненне — пацешны вэб-серыял пра жыццё гомасэксуальнай пары ды іх сяброў. Без аніякіх зніжак на сціплыя сродкі, гэта адна з лепшых камедый, якія вы можаце паглядзець.

Яна здольная аб'яднаць аматараў замежных малабюджэтных сіткомаў і прадукцыі ТНТ, і часам здаецца, нават прысарамаціць гамафобаў (калі такое наогул магчыма).

Чакаем (каментуе Анастасія Сулім): «Увосень мы завяршылі здымкі 1-га сезона свайго серыяла «Усе свае» і ўзялі паўзу. Зараз я вельмі захапляюся запісам спантанных скетч-відэа для свайго інстаграма, большасць з іх дублюецца і ў нашую суполку ва Ўкантакце. Канешне, хацелася б зняць поўнаметражную камедыю, але для гэтага пакуль не стае часу. Наогул, я люблю гумар, і няхай няма магчымасці здымаць «вялікае», мы робім кароткія відэа на побытавыя, жыццёвыя сюжэты. Галоўнае здымаць і шукаць нешта новае ў сабе і ў жыцці. Няма рамак, у якіх трэба было б здымаць, гумар — гэта бясконцасць».

Аляксандра Ігнатовіч

Кіно — не толькі забава, але і сродак даследавання сябе і рэальнасці навокал, як у «Сукенцы», гэтым недасканалым, забаўным, некамфортным, абуральным «першым фемінісцкім відэа». Іншыя фільмы Аляксандры таксама даследніцкія і эксперыментальныя па форме. Яны нязменна здзіўляюць нават спрактыкаванага гледача.

Чакаем: «Апошнія паўгода я працую над кароткім эксперыментальным фільмам, прысвечаным (мэйнстрым) парнаграфіі, і спадзяюся завяршыць яго на пачатку 2019 года. Анлайн-прэм'ер я пакуль не планую, фільмы вандруюць па фестывалях: напрыклад, кароткаметражны антрапалагічны фільм «Stolen Footage», над якім я працавала ўлетку 2018-га ў Белградзе, будзе прадстаўлены на 65-м Міжнародным фестывалі кароткаметражных фільмаў Oberhausen у межах праграмы «Адкрыты паказ» (Open screening) у траўні 2019-га, а эксперыментальны фільм «XYX», які я і Като Дробыш зрабілі яшчэ ў 2014-м, на пачатку 2019-га будзе паказаны ў межах кінапраграмы андэграўнднага квір-калектыву CINEMQ ў Шанхаі».

Марына Карпава

Як і многія беларускія аніматары, Марына працуе за мяжой (у Расіі і Кітаі), яе мультфільмы — класічная маляваная анімацыя, кранальныя казкі на зразумелыя кожнаму сюжэты. Скажам, прыгоды багоўкі, каторая трапляе ў пастку-кішэню, а перажыўшы ўсе нягоды нечакана задумваецца пра сапраўднасць сусвету. Альбо аніматарка распавядае, адкуль бяруцца сняжынкі, ды так, што нават калі першы снег у цябе выклікае толькі прыступ дэпрэсіі, то хаця б ненадоўга ўзгадаеш уласнае дзяцінства. Гэты настрой настолькі заразлівы, што нават яе 9-гадовы сын ужо малюе анімацыю (першая апублікаваная спроба — мілая анімацыя на тэму беларускага арнаменту). 

Чакаем: Канечне ж, новых мультфільмаў. Шкада толькі, што кароткаметражную анімацыю так рэдка можна ўбачыць у кіно.

Святлана Казлоўская

Святлана каля 15 гадоў працавала на тэлебачанні аператарам-пастаноўшчыкам, пераважна на музычных праектах. Калі ж яна пачала рабіць музычныя відэа, то аказалася адной з нямногіх беларускіх кліпмейкераў, хто не абмяжоўваецца тым, каб без дай прычыны выпусціць музыкаў у лес: маўляў, няхай сабе блукаюць, партызанскія сыны. Але сакрэт добрага відэа і не ў вялікім бюджэце ці гісторыі, якая «тлумачыць» песню (празмерная ілюстратыўнасць — адзін з горшых грахоў жанру). Святлана Казлоўская ўмее стыльна зняць музыкаў — ужо немалы талент і палова поспеху, але сапраўды адметнымі яе відэа робіць удала падабраны асацыятыўны шэраг кадраў, часта толькі ўмоўна звязаных з тэкстам і настроем песні, як у відэа для «Серебряной свадьбы» ці «Петли пристастия».

Яна часта супрацоўнічае з Кірылам Галіцкім, і яны былі аднымі з нямногіх рэжысёраў, што знялі свае фільмы з конкурсу «Лістапада» на пратэст супраць цэнзуры Міністэрства культуры. Спадзяемся, гэты іх сумесны праект («Пляж/Лес/Тамбур») яшчэ будзе магчымасць паглядзець пазней, а пакуль прапаноўваем паглядзець музычнае відэа, дзе Святлана далучылася да развіцця альтэр-эга Сяргея Пукста (шансанье Георгія Дабро) і нетрывіяльна спалучыла рамантычныя вобразы з шэрай будзённасцю.

Чакаем: «На дадзены момант мы не плануем здымкі новых фільмаў і лічым куды больш важным і карысным свой праект інтэрв'ю з беларускімі кінематаграфістамі, які публікуем анлайн (на ютубе і ў фэйсбуку). Асабліва пры адсутнасці глядацкага інтарэсу, які мы назіраем. Так, на нядаўным паказе выдатнага фільма «Перазімаваць» Кацярыны Махавай, арганізаваным «Сваё кіно», было зусім вобмаль людзей. Але мы, канечне ж, адкрытыя прапановам да паказаў».

Максім Карпіцкі

Каментары
AQUARIUS / Адказаць 16.12.2018 / 17:37

Режиссёрка, а что есть такое слово?))))

6
Анна / Адказаць 17.12.2018 / 06:34

AQUARIUS , лингвистическое оружие "уравнивающее" мужчин и женщин

4
Максім Карпіцкі / Адказаць 17.12.2018 / 14:44

У самім тэксце не знайшлося месца, але хочацца адзначыць, што "Сукенка" - калектыўны праект, у якім удзельнічалі яшчэ і Наталія Голава, Ксенія Пажыдаева, Наталля Аксеневіч, Таццяна Сяцко, Кацярына Буйко, Дар'я Сапранецкая.

0
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура