Праект партала
Тонус
12.12.2018 / 17:31
Поўны рэлакс: топ сродкаў для ванных рытуалаў, якія палепшаць і настрой, і стан скуры

Узімку хочацца менш выходзіць на вуліцу, ухутацца ў плед і рабіць больш прыемнага для сябе. Ліна Несцяровіч вырашыла сабраць невялікі гайд: як палепшыць догляд цела і падняць сабе настрой у зімовы час.

(А яшчэ гэта можа натхніць вас на цікавыя ідэі навагодніх падарункаў.)

Соль для ваннаў (або бомбачкі)

У зімовы час любая скура становіцца больш сухой. Сохне не толькі твар, але і цела.

Самае галоўнае правіла ў доглядзе цела зімой — замяніць гарачую ванную на цёплую. А ў ваду дадаваць соль для ваннаў. Прычым падыдзе любая, нават самая танная: яна будзе змякчаць ваду, і, адпаведна, скура будзе не такой сухой.

Больш вясёлы, але менш эканомны варыянт — бомбачкі для ваннаў. Па сутнасці, гэта тая ж соль, толькі ў іншым фармаце.

Калі набудзеце сродкі з прыемным пахам, дадаткова пройдзеце сеанс водаратэрапіі.

Пена для ваннаў

Пена для ваннаў — выдатны сродак падняць сабе настрой і расслабіцца. Некаторыя з іх могуць сушыць скуру, але даведацца пра гэта можна толькі шляхам спробаў і памылак.

Калі акажацца, што пена вам падабаецца, але сушыць, дадайце ў ваду трохі солі (яна нейтралізуе дрэнны эфект).

Гелі для душа з водарам

Духмяны гель для душа — асобны від задавальнення. Зімой з'яўляецца шмат сезонных навагодніх калекцый, і выбар водараў становіцца большы.

Звярніце ўвагу на наборы з шасці мініяцюр ад Yves Rocher: гэта водары з пастаяннай калекцыі, затое вы зможаце мяняць іх у залежнасці ад настрою.

З больш бюджэтнага — «Беліта» ўжо другі год запар выпускае навагоднія калекцыі геляў для душа. У іх сімпатычныя ўпакоўкі і цікавыя пахі, а самі гелі вельмі мяккія.

Скраб для цела і рук

Скраб — гэта, хутчэй, бьюці-рытуал дзеля задавальнення, чым абавязковае дзеянне. Самае галоўнае, каб вам падабалася тэкстура і пах, хоць з пункту гледжання клопату пра экалогію лепш адмовіцца ад касметычных сродкаў з пластыкавымі часцінкамі. Выбірайце тыя, што з натуральнымі кампанентамі.

У гэтым плане добры варыянт — скрабы брэнда Organic Shop, а таксама ад Fito Cosmetic: у іх аснове буйныя крышталікі цукру і солі, яны выдатна скрабіруюць цела і бясследна раствараюцца ў вадзе.

Крэмы і ласьёны для цела

Ласьён або крэм для цела лепш за ўсё наносіць на крыху вільготную скуру: так сродак будзе ўтрымліваць вільгаць.

Цікавае рашэнне — кандыцыянер для цела. Вы наносіце яго падчас прыняцця ванны ці душа на некалькі секунд і змываеце — ён пакідае пласт, які ўвільгатняе скуру і робіць яе мяккай. Гэта суперварыянт для гультаёў, якія не любяць «намазвацца».

Ліна Несцяровіч, ілюстрацыі аўтаркі

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура