Проект портала
Накипело
17.11.2018 / 09:01
Как изменились стандарты женской красоты за последние годы38

Дастаткова паглядзець на вокладкі глянцу, каб убачыць, які прыклад нам навязваюць.

Яшчэ нядаўна на вокладкі траплялі толькі ідэальныя жаночыя целы: тонкія запясці, гладкая скура, беласнежныя ўсмешкі і шаўкавістыя валасы. Прызнаваліся выключна прапорцыі 90-60-90, усё астатняе лічылася нефарматам. Прозвішчы знакамітых мадэляў, такіх як Кейт Мос або Сіндзі Кроўфард, сталі сінонімамі да слоў «прыгажосць» або «ідэал». Нібы жанчын з іншымі параметрамі знешнасці і не існавала зусім, а калі яны і сустракаліся, то падвяргаліся асуджэнню і крытыцы накшталт: «Гультайка, не можа заняцца сабой». І божа барані якой-небудзь актрысе або спявачцы набраць пару-тройку «лішніх» кіло, як у лічаныя хвіліны навіна пра гэта разляталася па ўсім свеце з загалоўкам: «ШОК! Знакамітая актрыса набрала вагу!» (Чытай паміж радкоў: набор вагі — гэта агідна і дрэнна. Быццам, яе ямачкі на ягадзіцах — праблема, важнейшая за галодных дзяцей у Афрыцы або разбіты самалёт.)

Параўнайце старыя вокладкі і сучасныя.

Кожны другі артыкул у СМІ абавязкова быў пра тое, як схуднець, нешта выправіць, дадаць або замазаць. Жанчыны кідалі ўсе свае сілы на тое, каб адпавядаць стандарту, але чым глыбей уключаліся ў гэтую гонку, тым больш пераконваліся ў тым, што ідэалы з вокладак недасягальныя, у рэальным жыцці ўсё зусім інакш: дыеты абавязкова заканчваюцца зрывамі, незбалансаванае харчаванне багатае на праблемы са здароўем, высокія шпількі не камфортныя, штодзённы макіяж псуе скуру, пастаянныя ўкладкі сушаць валасы, што ўжо казаць пра няўдалыя пластычныя аперацыі або касметычныя ін'екцыі.

Такое адчуванне, што чалавецтву трэба было прайсці праз гэтыя няўдачы, праз тысячы разбураных лёсаў і жыццяў з анарэксіяй, нервовай буліміяй і іншымі разладамі, праз атручэнні рознага роду прэпаратамі для пахудзення і праблемы са здароўем. Усё гэта для таго, каб нарэшце ўсведоміць, што любое цела — гэта выдатна, кожнае мае права на існаванне і самавыяўленне. Вугры, складка на жываце, зморшчыны, і нават валасок там, дзе яго не «стаяла», — усё гэта нармальна і натуральна.

Нібыта барацьба за прывідную прыгажосць дайшла да свайго пункту кіпення, пасля якой на гарызонце з'явіўся «бодзіпазітыў» як крык пра тое, што свет розны.

Грамадства прачнулася ад шматгадовай комы і быццам пачало бачыць. Шмат у чым гэтаму паспрыяла развіццё сацыяльных сетак і асабістых блогаў, дзе кожны можа дзяліцца сваімі інтымнымі думкамі і перажываннямі. Усё тое, што раней заставалася за кулісамі, выйшла на першы план. Так мы сталі больш бачыць: што і зоркі ядуць піцу, на іх сцёгнах таксама ёсць цэлюліт. Што тыя, хто нам жыццярадасна ўсміхаўся з экранаў, аказаліся ахвярамі псіхічных расстройстваў, што ў сваім штодзённым жыцці яны ходзяць у зношаных кедах і працёртых джынсах, а не на шпільцы ў васямнаццаць сантыметраў ці вузкіх спадніцах.

Сёння ўсё часцей у сетцы можна сустрэць шчырыя прызнанні знакамітасцяў і шкадаванне пра няўдалыя пластычныя аперацыі або пра сумныя наступствы дыет.

Рыяна раней і на сучаснай вокладцы.

На другой вокладцы Беёнсе паказаная куды больш натуральнай.

Мы можам лёгка ўбачыць, напрыклад, што Беёнсе робіць фотасесіі практычна без макіяжу, Рыяна з целам, якое трансфарміравалася, не саромеецца з'яўляцца ў ніжняй бялізне перад камерай і, больш за тое, у рэкламе сваёй лініі касметыкі выкарыстоўвае мадэляў з акнэ або трансгендараў. А Лэдзі Гага з гонарам пагладжвае свой носік з гарбінкай у фільме пра каханне «Зорка нарадзілася».

Лэдзі Гага і Брэдлі Купер.

З'явілася такое паняцце як «плюс-сайз мадэль», цяпер дзяўчаты розных формаў і знешнасці могуць не махаць на сябе рукой і адмаўляцца ад сваіх мар, цяпер усе могуць самавыяўляцца без страху, што грамадства іх асудзіць, абразіць ці не прыме. Сёння сапраўднымі кумірамі становяцца тыя, хто глядзеў НА вокладку, а не З яе. У рэшце рэшт куды больш важным стаў змест, а не форма.

Дзякуючы бодзіпазітыву, жанчыны выйшлі з-пад прыгнёту патрыярхату і могуць насіць тое адзенне, якое самі хочуць, а не тое, якое «трэба», могуць хадзіць без макіяжу дваццаць чатыры гадзіны ў суткі, не мардаваць сябе дыетамі, каб быць «фарматам». Маладыя маці могуць карміць грудзьмі ў тым месцы і ў той час, калі таго патрабуе малы. Ужо можна не ахвяраваць сваім камфортам, інтарэсамі і, галоўнае, здароўем. Усе могуць проста быць сабой.

Але, як і ўсё, што нараджаецца, праходзіць свае этапы сталення, і пакуль яшчэ бодзіпазітыўны рух перажывае свой падлеткавы бунт з перападамі настрою.

Многія СМІ хай і публікуюць плюс-сайз мадэляў, але да гэтага часу звяртаюцца да фоташопу. Большая частка з гэтых «плюс-сайз» хай і поўныя, але з бачнымі скуламі і без другіх падбароддзяў, што выглядае як вынік пластычнага ўмяшання. Можна сказаць, што індустрыя прыгажосці, якая так доўга харчавалася за кошт жаночых комплексаў, прыняла новыя правілы гульні і павярнула іх у свой бок. Так што і ў гэты надзвычай лаяльны перыяд не варта губляць пільнасць.

Праз моцную шуміху вакол новай вокладкі часопіса Cosmopolitan і ўвогуле вакол паняцця «бодзіпазітыў» у галаве можа зарадзіцца памылковае разуменне, што бодзіпазітыўныя — гэта толькі грузныя жанчыны з няголенымі падпахамі, якія купаюцца ў фрыцюры і прыгаворваюць: «Адчапіцеся ад мяне, я люблю сябе!» На справе гэта зусім не так.

Калі ўзяць этымалогію самога вызначэння, то гэта пазітыўнае стаўленне да цела. Само цела можа быць якім заўгодна: шырокім, вузкім, высокім, нізкім і гэтак далей. Гэта не субкультура або палітычная партыя, якая мае нейкія свае адметныя рысы і знешнія атрыбуты. Гэта не рамкі і клішэ, а хутчэй — іх адсутнасць.

Бодзіпазітыў — не пра гонку і спаборніцтвы, гэта пра спакойнае і ўсвядомленае прыняцце генетычна дадзеных параметраў, пра лаяльнае стаўленне да любой формы ў любы час, пра любы памер і колер, пра клопат пра сваё целе, пра спорт з задавальненнем, пра ежу з густам і на карысць здароўю, пра камфортную вопратку, пра розную знешнасць і шырокія погляды.

Лера Казакевич, фото pinterest.ru и cosmopolitan.com

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРОЕКТ2 материала Шура-бура