Праект партала
Дома
27.10.2018 / 13:23
Як прыгатаваць суп з фрыкадэлькамі з усходнім акцэнтам РЭЦЭПТ19

Апошнія некалькі год не сціхае папулярнасць азіяцкай кухні. І гэта не дзіўна, бо стравы японскага, кітайскага, в’етнамскага паходжання маюць сапраўды цікавы і незвычайны смак.

Насычанасць соусаў, прыемная вастрыня, кісла-салодкі прысмак — гэта толькі малая частка адценняў смаку гэтых страў. Мне заўсёды было цікава, ці магчыма штосьці аўтэнтычнае стварыць на сваёй кухні, ці знайду я на нашых рынках патрэбныя інгрэдыенты.

І вось гэтым разам мы будзем гатаваць варыянт усім добра вядомай стравы, але з арыентальным акцэнтам: суп з фрыкадэлькамі! Цікавы азіяцкі прысмак тут збольшага надае булён (на мой густ, ён вельмі падобны на булён да супу фо), але і фрыкадэлькі, тушаныя ў мёдзе і апельсінавым соку, не сыходзяць на другі план. Смачна есці!

На булён:

  • 1 цыбуліна-парэй;
  • 1 морквіна;
  • 1 чвэрць кораня сельдэрэю;
  • 1 цыбуліна;
  • костка з курынай грудкі;
  • 6 зорачак бадзяну;
  • 2 лаўровыя лісты;
  • кавалак кары карыцы;
  • 1 перац чылі;
  • 1 ч. л. дзёртага свежага імбіру;
  • 4 ст. л. соевага соусу.

Агародніну чысцім і наразаем кавалкамі. Тым часам костку заліваем вадой, кіпяцім, першую ваду зліваем. У рондаль з косткай дадаём агародніну і ўсе спецыі, акрамя імбіру, заліваем 3 літр вады. Кіпяцім і варым, пакуль булён не ўварыцца ў два разы (у мяне заняло прыкладна 1,5 гадзіны). Булён прапускаем праз сіта, дадаём імбір і соевы соус.

На фрыкадэлькі:

  • 500 г курынага філе (лепш узяць філе на костцы, каб скарыстаць яе для булёну);
  • 3 ст. л. алею;
  • 1 маленькая цыбуліна;
  • пучок зялёнай цыбулі;
  • 1 яйка;
  • 1 ст. л. мукі;
  • 1 ч. л. папрыкі;
  • 0,5 ч. л. перцу чылі;
  • соль, чорны перац;
  • 1 ч. л. мёду;
  • 3 ст.л. соевага соусу;
  • сок, выціснуты з паловы апельсіна.

Цыбулю дробна наразаем і румянім на патэльні з 1 сталовай лыжкай алею. З курынага філею робім фарш, дадаём смажаную цыбулю, нарэзаную зялёную цыбулю, яйка, муку і спецыі. Фармуем невялічкія шарыкі і пакідаем на 20 хвілін у халадзільніку.

Разаграваем алей на патэльні і смажым фрыкадэлькі да румянасці. Змешваем соевы соус, мёд і апельсінавы сок, дадаём соус да фрыкадэлек. Накрываем патэльню накрыўкай і даём 15 хвілін патушыцца.

На дадатак

  • 50 гр. фунчозы ці тонкай рысавай локшыны;
  • свежая кінза.

Перад падачай дадаём у булён фунчозу, трымаем на агні хвілін 5. У талерку кладзём некалькі фрыкадэлек і заліваем іх булёнам. Можна пасыпаць свежай кінзой.

Вольга Чарнова, фота аўтаркі

Каментары
Dub / Адказаць 27.10.2018 / 13:40

Nie...

2
я / Адказаць 27.10.2018 / 17:14

нічога так суперова

2
Зiма / Адказаць 27.10.2018 / 18:03

Гэта як было з гарохавым супам. Спачатку дадалi у ваду спецыi а тады 2 гадзiны гарох варылi. Але тут яшчэ й iмбiр. Няма рознiцы што там дадаваць да iмбiру. Атрымаетца iмбiрны суп. Тьфу!

1
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура