Праект партала
Тонус
19.10.2018 / 10:45
«Ты чаго такі худы? А татуіроўкі навошта?» Трэнерка на прыкладзе сваіх кліентаў пра тое, што такое бодзішэймінг і чым ён небяспечны3

«Чаму ты такі худы? У цябе што глісты?», «Табе б скінуць пару кіло», «О, ты так схуднела, табе так нашмат лепш!», «А чаму ў трэнажорную залу не запішашся?», «Ты трэніруешся!? Хм, а так і не скажаш», «Ці не залішне вялікую порцыю ты сабе ўзяў/ла!?», «Што ты з татуіроўкамі, матаў/ла тэрмін на зоне?»… Усе гэтыя фразы ёсць не што іншае, як праява бодзішэймінгу — публічнага ганьбавання чалавечай знешнасці. Слова заходняе, моднае, ва ўсіх на слыху, але калі казаць прасцей, то гэта — звычайная бестактоўнасць, дыскрымінацыя тых, хто не ўпісваецца ў прынятыя рамкі прыгожага.

Мы самі, нашы сваякі (а часам нават і незнаёмыя людзі) дазваляем сабе падобнага роду выказванні — у нас жа свабода слова і меркаванняў. Але рэальнасць такая, што крытыка і погляд збоку карысныя да таго моманту, пакуль не парушаюць асабістых межаў іншага чалавека.

Знешнасць чалавека — самы лёгкадаступны аб’ект для маніпуляцый. Менавіта яна часцей за ўсё становіцца прадметам заўваг і здзекаў. Часам наш выгляд нават уплывае на тое, ці прымуць нас на працу. Інтэрнэт проста перапоўнены артыкуламі на тэму, як адны маладзёны даводзяць сябе да змардавання, а іншыя, наадварот, набіраюць крытычную для здароўя вагу. Нярэдка корань гэтых праблем хаваецца толькі ў адным няўдалым жарце.

Я працую трэнеркай, і так атрымліваецца, што мае кліенты ў нейкі момант адкрываюцца, дзеляцца тым, як яны прыйшлі да таго ці іншага стану свайго цела. Складана перадаць, колькі болю, крыўды і несправядлівасці бывае ў гэтых гісторыях.

Напрыклад, цяпер я займаюся з дзяўчынай, якая на фоне дэпрэсіі і захворвання шчытападобнай залозы ў 26 гадоў дайшла да 106 кг пры росце 165. Але такое адбываецца не за дзень і не за два. На адносіны з нашым целам вельмі моцна ўплывае выхаванне ў сям’і і наша асяроддзе.

Настасся, 27 гадоў, рост 165 сантыметраў, вага — 87 кілаграмаў

«Калі я была падлеткам, то неаднаразова мучыла сябе жорсткімі дыетамі, паколькі лічыла сябе «тоўстай» і «нестандартнай». Гэтаму, вядома, спрыялі школьныя жарты. Ці сітуацыі нашкталт наступнай. Аднойчы, пакуль я пераапраналася, кансультантка ў краме адзення вельмі гучна заявіла маці, што:

«Ды ў дачкі вашай, мякка кажучы, нестандартная фігура. Прыйдзецца папацець, каб знайсці ёй хоць нешта».

А яшчэ вакол былі вокладкі глянцу 2000-х з худымі мадэлямі ў купальніках, тыпу Кейт Мос.

Я захапілася ідэяй схуднець, і ў выніку шматлікія дыеты прывялі мяне да захворвання шчытападобнай залозы. Яно, дарэчы, зрабіла свой унёсак у далейшы набор вагі».

Сёння Настасся важыць 87 кг, бо разабралася з усімі дзіцячымі эмацыйнымі траўмамі, рэгулярна трэніруецца, навучылася харчавацца свядома, прымае гармоны для шчытападобнай залозы.

Але не толькі людзі з лішняй вагой бываюць ахвярамі бодзішэймінгу. Як ні дзіўна для кагосьці, але і «занадта» худыя людзі могуць выклікаць незадавальненне.

Сашы 24 гады, яе вага складае 50 кілаграмаў пры росце 170 сантыметраў

«З падлеткавага ўзросту я часта сутыкалася з жартамі адносна сваёй знешнасці. Цікава, што жартавалі нават такія самыя «шпалы», «запалкі» і «тонкія».

Сёння я пастаянна чую нешта накшталт: «Табе б есці пабольш». Вось я не разумею, каму якая справа да таго, колькі мне трэба есці!? Насамрэч, у мяне нармальны рацыён.

Часам у мяне цікавяцца: ці не на дыеце я? Калі я ў настроі, то адказваю, што так, на дыеце, і пасля весела назіраць за збітымі з панталыку поглядамі: маўляў, ага, гэта я такая ненармальная, што так сябе давяла.

Лекары на аглядах, арыентуючыся па нейкіх табліцах, увесь час паўтараюць, што пры маім росце ў мяне салідны недабор вагі, трэба набіраць. Гэта ўсё не ўкладваецца ў мяне ў галаве: адчуваю я сябе добра, аналізы ў парадку, а мяне спрабуюць пераканаць у тым, што са мной нешта не так.

У сям'і жартуюць, што я «дрышч» — у асноўным я падыгрываю, мне весела. Але бывае, што гэтыя каментары надакучаюць, я кажу пра гэта бацькам — і ўсе спыняецца. Праўда, усе падобныя пытанні калі-нікалі ўсё роўна сапсуюць настрой. Бывае, ляжу, сумую і думаю: навокал столькі фігурыстых дзяўчат, чаму я такая? Я, канечне, разумею, што ўсе гэтыя ідэалы ці добра папрацавалі над фігурай, ці ў іх добрая генетыка, а яшчэ, што нават самыя прыгожыя дзяўчынкі ўсё роўна камплексуюць праз сваю знешнасць…

З мінулага года, па рэкамендацыі сястры, я вырашыла змяніць свой лад жыцця. Купіла праграму харчавання і трэніровак. Вынік мяне неўзабаве парадаваў, я пачала заўважаць, як маё цела пакрысе пачало змяняцца. Я не ганюся за попай, як у Кардаш'ян. Хачу проста быць лепшай, чым я ёсць, у рамках сваіх магчымасцяў і здольнасцяў».

Бодзішэймінг — гэта не толькі пра вагу, але і пра любыя знешнія праявы, якія не падабаюцца грамадскасці: сюды могуць уваходзіць і пірсінг, і татуіроўкі, і колер валасоў. Але якім чынам наяўнасць малюнкаў на целе ўплывае на інтэлектуальныя здольнасці або маральныя якасці? Давайце адкажам на гэта пытанне раз і назаўсёды.

Нейкі час я працавала ў офісе менеджаркай па продажах, у мае абавязкі ўваходзілі сустрэчы з кліентамі, таму кіраўніцтва папрасіла мяне апранацца так, каб татуіровак не было бачна. Пазней я адкрыла уласную справу, дзе нарэшце магла быць самой сабой. Адназначна заяўляю: татуіроўкі ніяк не паўплывалі на перамовы з кліентамі і паспяховасць бізнэсу. Татуіроўкі — гэта ўсяго толькі праява індывідуальнасці, а можа, і хобі. Ніхто ж не адмовіць у працы кандыдату толькі таму, што ён любіць коміксы або калекцыянуе паштовыя маркі!?

Чаму мы задаём пытанні наконт пірсінгу, але не пытаемся, чаму так апрануты чалавек у шкарпэтках і сланцах?

Спадзяюся, аднойчы мы навучымся больш беражліва адзін да аднаго ставіцца. Мы навучымся любіць блізкага свайго, як сябе самога.

Чытайце таксама:

Адэля Вольская шчыра расказала, як тое, што сваякі крытыкавалі яе знешнасць, паўплывала на яе жыццё

Лера Казакевіч, фота lifehacker.ru

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура