Праект партала
Тонус
17.10.2018 / 17:17
Дэтокс-праграмы карысныя для арганізма? Разбіраемся ў модным кірунку здаровага харчавання13

Слова дыета больш не моднае. Усё часцей можна пачуць, што нехта распачаў дэтокс-праграму на дзень/тры дні/тыдзень/.

Давайце разбяромся, што такое дэтокс і для чаго гэтыя праграмы патрэбныя нашаму арганізму?

Таксіны — чаму іх усе баяцца?

Тое, што ўсіх нас атакуюць злосныя таксіны, мы ведаем даўно. Таксіны — гэта шкодныя для арганізма яды, якія пільнуюць нас паўсюль: у няякаснай вадзе і ежы, у таннай касметыцы і бытавой хіміі, у паветры (асабліва ў вялікіх гарадах), у леках і нават у адзенні і мэблі. Менавіта праз іх мы дрэнна выглядаем, дрэнна сябе адчуваем. Яны вінаватыя ў нашых стрэсах і дрэнным настроі. Агульная млявасць і абыякавасць да жыцця — віна ў тым ліку таксінаў.

Канечне, арганізм не дурань і сам ведае, як пазбаўляцца ад усяго непатрэбнага. Але калі яго ўласных рэсурсаў ужо недастаткова, на дапамогу прыходзяць разнастайныя праграмы па ачышчэнні, або дэтокс-праграма, якая запускае натуральныя функцыі па ачышчэнні і аднаўленні нашага цела.

У чым сутнасць дэтоксу?

Галоўнае ў любой праграме ачышчэння, у тым ліку і ў дэтоксе, — не парушаць правілы. Калі іх выконваць, можна правесцi сапраўдную генеральную ўборку ў сваім арганізме. Да непарушных правіл адносяцца пэўны рэжым харчавання, выключэнне шкодных страў і даданне прадуктаў, якія спрыяюць працэсу дэтаксікацыі.

Да прадуктаў, якія дадаюцца ў рацыён падчас працэдуры дэтоксу, адносяцца разнастайныя зялёныя кактэйлі і смузі, свежавыціснутыя сокі, зялёныя салаты, супы-пюрэ, гародніна, якая падверглася мінімальнай тэрмічнай апрацоўцы, а таксама фізічныя практыкаванні, SPA-працэдуры, здаровы сон, паслабленне і звядзенне да мінімуму фактараў, якія спрыяюць забруджванню арганізма, і стрэсаў.

Рэкамендуецца таксама ўжываць шмат вадкасці ў выглядзе простай вады ці травяной гарбаты. Пад забаронай аказваюцца ўсе паўфабрыкаты, прадукты з белай мукі і прысмакі, фастфуд, газіроўкі і сокі з пакетаў, смажаная і тлустая ежа, мясныя і малочныя прадукты, а таксама часам такія нявінныя, здавалася б, прадукты, як бульба і бананы.

У чорным спісе дэтокс-праграмы — алкаголь, курэнне і літры духмянай кавы, якую вы прызвычаіліся піць цягам дня. У выніку вашымі найлепшымі сябрамі павінны стаць хларафіл, антыаксіданты, энзімы, вітаміны і клятчатка, а ворагамі афіцыйна абвяшчаюцца шкодныя тлушчы, пустыя вугляводы, фарбавальнікі і ўзмацняльнікі густу, у тым ліку ўсе прадукты, якія змяшчаюць цукар і соль.

Але! Калі вы будзеце мужнымі і вытрымаеце гэта, то вы пазбавіцеся ад лішняй вагі і алергіі, палепшыцца колер твару і скуры, вырашацца праблемы са страваваннем, вы набудзеце моцны імунітэт, выдатны настрой і зарад энергіі.

Навошта рыхтавацца да дэтоксу?

Адразу з галавой у дэтокс кідацца не варта: арганізм можа проста не справіцца з новай для сябе задачай. Падчас падрыхтоўкі трэба паступова адмаўляцца ад забароненых прадуктаў і дадаваць як мага больш рэкамендаваных: напрыклад, замяніць белы хлеб на зерневы, белы рыс — на карычневы. Непасрэдна сама праграма дэтоксу можа займаць ад некалькіх дзён да некалькіх месяцаў — тут усё залежыць ад вашых мэтаў, магчымасцяў і сілы волі. На выхад з дэтоксу спатрэбіцца каля тыдня, на працягу якога трэба дадаваць звыклыя прадукты і назіраць за рэакцыяй свайго арганізма. Калі вам раптам стала дыскамфортна пасля ўжывання, да прыкладу, хлеба, то гэта дакладны знак таго, што лепш і зусім ад яго адмовіцца.

Найлепшы час для праходжання дэтоксу — якраз пачатак восені або вясны. Менавіта ў гэты час арганізм, як сцвярджаюць спецыялісты і дыетолагі, без асаблівых цяжкасцяў пазбаўляецца ад усяго лішняга.

Якія дэтокс-праграмы прапануюць у Мінску?

Трэба сказаць, што дэтокс-праграмы і нават дэтокс-падарожжы даўно папулярныя ва ўсім свеце. Калі вы маеце дастаткова вольнага часу і грошай, можна выправіцца, напрыклад, у горы. Там, прыкладна за 5000 еўра на тыдзень вам прапануюць лёгкія стравы, свежае паветра, прагулкі па гарах, ёгу, сілавыя практыкаванні, медытацыю, танцы, масаж і іншыя прыемныя SPA-працэдуры.

Апошнім часам праграмы розных беларускіх санаторыяў прапаноўваюць прайсці 10-дзённую дэтокс-праграму пад наглядам спецыялістаў-дыетолагаў. Праграма прадугледжвае спецыяльнае меню і комплекс штодзённых практыкаванняў. Кошт падобнай праграмы вагаецца ад 150 да 300 рублёў у суткі!

Калі часу і грошай на курорты ў вас няма, але пазбавіцца ад ненавісных таксінаў ўсё ж такі хочацца, на дапамогу прыйдуць спецыяльна распрацаваныя праграмы харчавання, якія ў Мінску растуць як грыбы пасля дажджу.

Напрыклад, у праграме Healthy Plan вам прапануюць выбраць план здаровага харчавання, зыходзячы з таго, хочаце вы проста ачысціць арганізм ці яшчэ схуднець пры гэтым. Вы штодня будзеце атрымліваць комплекс свежых, дыетычных страў на дом або ў офіс. Кошт такой праграмы прыкладна каля 40 рублёў у дзень. Або больш бюджэтны варыянт — праграма OxDetoks. Сэт на працоўны дзень каштуе 18 рублёў.

Таксама вялікую папулярнасць цяпер набірае дэтокс на смузі. Напрыклад, праграма SMART-DETOX. Праграма прапаноўвае пяць фруктова-ягадных смузі і смузі з агародніны на кожны дзень для камфортнай дэтаксікацыі і насычэння арганізма вітамінамі і мінераламі. Каштуе смузі-дэтокс 45 рублёў на адзін дзень.

Працягласць праграмы вы выбіраеце самі, але рэкамендаваны тэрмін — ад пяці да сямі дзён, пасля якіх можна казаць пра нейкі бачны вынік.

Што пра гэта кажуць дактары?

Таццяна Ерафеева, доктарка-тэрапеўт медыцынскага цэнтра «Ладэ» кажа, што дэтокс — гэта проста моднае слова.

«Тое, што апошнім часам называюць дэтоксам, насамрэч сто гадоў вядомае пад назвай «разгрузачныя дні». І такія дні для арганізма безумоўныя карысныя».

Падчас разгрузачных дзён чалавек адмаўляецца ад цяжкіх страваў жывёльнага паходжання на карысць страваў раслінных.

«Але падчас разгрузачных дзён таксама трэба быць упэўненым, што ваш арганізм вытрымае такую разгрузку. Таму непадрыхтаваным людзям лепш пачынаць дэтокс-праграмы з 1-2 дзён. І пажадана рабіць гэта пад наглядам спецыяліста-дыетолага».

Наталля Тур, фота pixabay.com

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура