Праект партала
Тонус
13.10.2018 / 10:09
«Адзінае, што ратуе псіхіятра, каб не звар’яцець, — пачуцце гумару». Дзённік доктаркі, што працуе ў псіхбальніцы 52

Не ўсім падабаецца тое, што яна вядзе дзённік. Але доктарцы гэта дапамагае заставацца чалавечнай.

Вольга Ш. трэці год працуе псіхіятаркай у адной са сталічных бальніц. Яна запісвае 

«У псіхіятрыі я ўжо больш за тры гады, калі лічыць год інтэрнатуры. Большую частку гэтага часу працавала ў аддзяленнях, дзе пацыенты хварэюць даўно і доўга.

«Працаваць даволі цяжка ў эмацыйным сэнсе, бо бачыш шмат несправядлівасці у адносінах да людзей, якія лечацца ў псіхіятрычай лякарні, але не можаш з гэтым нічога зрабіць. Заўсёды гэтыя ярлыкі кшталту «шызік», «дурка», «а яны у вас там да батарэй прывязаныя?» і г. д. Ад многіх адмаўляюцца сваякі, блізкія, кагосьці аддаюць у дамы-інтэрнаты. Вельмі ратуе ад гэтай паўсядзённасці пачуцце гумару».

Аднак, Вольга расказвае, што не ўсім падабаецца тое, што яна вядзе гэты своеасаблівы дзённік.

«Некалькі разоў мне пісалі, што я не маю на гэта права, гэта не этычна. Я ж так не лічу. Па-першае, ніякая персанальная інфармацыя пра пацыентаў у пастах не раскрываецца. Па-другое, кожны пост поўны павагі да пацыентаў, я нікога не зневажаю і не абражаю. А можа я ўвогуле ўсё гэта прыдумала (ха-ха)».

«Гэты «дзённік» і пішацца для таго, каб яго чытачы не ўспрымалі герояў маіх пастоў як нейкі набор стэрэатыпаў ды сімптомаў. Кожны — асоба, у кожнага з іх вялікае жыццё за плячыма, са сваім болем і са сваімі радасцямі…».

З дазволу Вольгі на ананімнай аснове мы друкуем некаторыя запісы з яе дзённіка.

Фота: tabloidtv.lv.

* * *

Пацыентка на абыходзе:

— Стас Міхайлаў і Алег Газманаў увогуле мае ворагі! 

— Чаго так?

— Ну, галасы кажуць, што яны найгоршыя, урэдныя.

— То Газманаў дрэнны?

— Так, ясныя дні ўсе пазабіраў…

— Ну, і я яго не люблю.

— Во таму я з вамі і дружу.

* * *

Перайшла ў іншае аддзяленне і пакуль яшчэ не запомніла ўсе прозвішчы пацыентаў. На абыходзе:

— Добры дзень! Як вас зваць? 

— С неба звёздачка упала на прамую лінію. Падскажы мне, добры доктар, як мая фамілія?!

— То я думала, вы мне скажаце… 

— Пры дарозе лебяда, у агародзе лілія. Падскажы мне, мілы доктар, як мая фамілія!

* * *

На абыходзе загадчык пытае ў пацыенткі:

— Ну, а што б вы ўвогуле хацелі цяпер? 

— Мужыка б хацела! 

— То вам жа ўжо 80 год, нашто вам той мужык?

— Мне 80? Мне 63, я з 37-га года!

— То цяпер жа 2017 год, падлічыце колькі вам.

Паўза недзе на хвіліну, потым сумным голасам:

— І праўда, 80. Ну то людзі павінныя да 120 год жыць. Прапішыце мне мужыка, калі ласка!

* * *

Дыялог медсястры з пацыенткай: 

— А адкуль гэтая драпіна на шыі ззаду?

— Гэта я на сонцы згарэла. Пайшла ў гастраном, сустрэла сабаку і яна мяне дальш ісці не пускала. Я стаяла і згарэла.

— А сабака што?

— А сабака чорны. Таксама згарэў, пэўне…

* * *

Бяру пацыентку за руку, каб палічыць пульс. Яна мне: «Ой, якія ў вас рукі халодныя! Давайце я вам сваю куртку дам». 

* * *

Дзве пацыенткі сядзяць за сталом, размаўляюць:

— Дарагая мая, мілачка, ай лав ю! 

— Ай лав ю, ай лав ю! Каб згарэла ты ў агню! Закалупала! 

* * *

Чую размову санітаркі (С) з пацыентам (П):

П:… і за Лукашэнку этага я ні разу не галасаваў! Прайдоха такі ўжо! 

С: А што ж вы так кажаце! Не баіцеся? 

П: А што мне баяцца. Мне ўжо дзявяты дзясятак і я ў дурдоме! 

* * *

На абыходзе:

— Добрай раніцы, М., як здароўе? 

— Мілачка мая, а ты дастала мне памаду? 

— Не. 

— Шоб ты здохла!

* * *

Сёння пацыент паскардзіўся, што яму «неяк грашно ў грудзях». Цудоўны сімптом. А ў вас бывае «грашно ў грудзях»?

* * *

На абыходзе:

— М., ну што ў вас чуваць? 

— Скубуць, скубуць з усіх бакоў! І есці хачу! Пакладзі мне што-небудзь смачнае. 

— Зараз сняданак будзе. Дадуць што-небудзь смачнае. 

— А ты што, не можаш? 

— Не, я доктар, я за сняданак не адказваю. 

— От а яшчэ доктар называецца! Есці даць не можа, а таблетак цэлую жменю няўкусных паназначала мне…

— То там жа тры таблеткі ўсяго. 

— Ога! А ў роце горка! Сама во паеш іх, а мне пячэння дай.

* * *

У прыёмным пакоі:

— У вас якія-небудзь хранічныя хваробы ёсць?

— Не, німа. Толькі во галава баліць.

— Якія-небудзь таблеткі пастаянна прымаеце?

— Оо, не. Прыйду ў аптэку, мне дадуць мар'яначкі ад галавы, ды і ўсё.

— Мар'яначкі?

— Ну, мар'янкі! У бутэлечцы, бывае, даюць, бывае, таблеткі жоўтыя. 

* * *

Адна пацыентка павучае другую:

— Э, чаго ты ўсё на падлозе качаешся, ідзі сядзь на табурэтку. Кажу табе, не сядзі на падлозе, бо жопа кашляць будзе. 

* * *

Падыходжу да ложку пацыенткі:

— Добрай раніцы, як здароўе?

— Здрасце, генерал маей душы, лекар майго цела! 

* * *

Адна пацыентка павучае другую:

— Ты на Новы Год нармальнае што ў Бога папрасі. Здароўя папрасі, розуму паболей. Каб ты пахудзела, папрасі…

Фота: cameralabs.org.

* * *

Размаўляем з пацыенткай:

— …ну во спіна яшчэ ў мяне крывая, хаджу крыва. 

— Здаецца ж, роўна вы ходзіце.

— Мы ходзім роўна, але мы не з Роўна. Бакі ў нас гладкі, але мы не з Камчаткі…

* * *

У пацыенткі Д. пайшла носам кроў. Яна нікому не сказала і паспяхова выцірала яе сваім халатам. Пазней я падышла да Д., каб растлумачыць, што рабіць у такіх выпадках.

— Д., у вас калі кроў раптам пойдзе носам, вы адразу медсястры кажыце, яна вам дапаможа. 

— Ну дзіўна, чаго яна пайшла? Я ж нічога не драпала. Толькі козы ела.

— І козы есці не трэба.

— Козы есці карысна для страўніка.

— Гэта не праўда. 

— Усё карысна, калі ўмерана есці.

* * *

Бачу, як пацыентка, стоячы ў сталовай, нацягвае на сябе ўжо пятую ці шостую кофту. І сукенку наверх. І яшчэ халат.

Пытаю:

— А што гэта вы робіце, спадарыня?

— Я тут уцяпляюся, каб мозг лепш працаваў. Вось вы ў адным халаце ходзіце і нічога не ведаеце! Як манголы захапілі і Крым, і Рым, і медныя трубы. А беларусы нікога не захапілі. Таму што мозг адмарозілі… Вам кофту даць? 

* * *

Пацыентка Л.:

— Мы б хацелі, Вольга Уладзіміраўна, каб вы нам усім адмянілі таблеткі і заўтра выпісалі. Але вы ж не абавязаныя апраўдваць нашы чаканні, так?

* * *

Выйшла з вакацый на працу, раблю абыход. Пацыентка пытае:

— А дзе вы былі?

— У водпуску была.

— Аааа, а я думала, вы памерлі…

* * *

На абходзе размаўляю з пацыенткай:

— М., што ў вас чуваць?

— Усе скубуць!

— І есці не даюць?

— Не даюць, уся галодная хаджу.

— І ўсё баліць?

— Ой, баліць, уся бальная я.

— Ох, і што ж гэта за жыццё такое…

— А якое? Такое, як і ў цябе!

* * *

На абыходзе пацыентка пытае:

— Вольга Уладзіміраўна, а сёння ж свята, так?

— Ага.

— А заведуюшчы на рабоце? Хачу яго павіншаваць.

— Так, у кабінеце.

— А сёння не выхадны?

— Не, мы працуем.

— А 8 Марта выхадны?

— Ага.

— О як нагнулі патрыярхат!

Наталля Тур 

Каментары
Папярэджанне / Адказаць 13.10.2018 / 10:35

Шаноўная доктарка. Такімі дзённікамі не ў сябе на паліцы дома, але выкладзенымі ў прэсе на агульны прагляд Вы парушаеце асноўныя нормы медыцынскай этыкі і дэанталогіі. Гэта жывыя і хворыя людзі, якія патрабуюць дапамогі, а не гумарыстычная перадача. Прабачце, але я буду вымушаная звярнуцца ў адміністрацыю клінікі для разгляду гэтага Вашага дзіўнага ўчынку.

85
Гісторык / Адказаць 13.10.2018 / 10:59

Аўтар_ка, хопіць пхнуць фемінітывы, будзьці людзі_нямі, нарэшце!

31
хамса / Адказаць 13.10.2018 / 11:23

толькі пра нагнулі патрыярхат спадабалася.. а астатняе ўсё брэд.. навошта гэта запісваць? ну але калі доктарцы дапамагае.. доктарка лякуецца брэдам пацыентаў.. гм.. можа ёй самой паказацца спецыялісту?)

52
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура