Праект газеты
Стасункі Уласны досвед: спіс базавых рэчаў, якія варта ўзяць з сабой у радзільню5

Роды — не толькі працэс з’яўлення на свет новага жыцця, але і сур’ёзны іспыт на трываласць і самаарганізацыю. Як забяспечыць сабе максімальны камфорт у беларускай радзільні? Збіраемся правільна разам.

Па-першае, улічыце, што ў беларускі радзільны дом рэчы трэба везці толькі ў поліэтыленавых пакетах. Ніякія торбы і нараканні на экалогію не прымаюцца. Па-другое, зручна падзяліць усё патрэбнае на тры пакеты — для родаў, для немаўляці і для мамы. З першым пакетам вы паедзеце нараджаць, астатнія рэчы вам перададуць сваякі ў пасляродавае аддзяленне. І трэцяе важнае правіла: не набіраць вялізны багаж, бо ніхто, акрамя парадзіхі, яго насіць не абавязаны, ды ў стандартных палатах няшмат месца, каб усё размясціць.

Фота: pixabay.com.

Пакет для родаў

  • Дакументы (пашпарт, абменная карта, дамова, калі заключалі);
  • Гумовыя тапачкі (якія можна памыць);
  • Тэлефон, зараднае;
  • Мяккая туалетная папера і прадметы асабістай гігіены (зубная паста, шчотка, мыла, расчоска);
  • Кубак, лыжка, відэлец;
  • Некалькі падгузкаў на дзяцей вагой 2—5 кг (загадзя аддаць медсястры);
  • Ручнік і некалькі пялюшак;
  • Бутэлька вады 1 л і што-небудзь салодкае (напрыклад, зефір);
  • Пакеты для адзення і абутку, у якім прыедзеце нараджаць.

Пакет для мамы

  • Халат;
  • Некалькі начных сарочак (лепей на шлейках, калі збіраецеся карміць грудзямі, ці адмысловыя, з зашпількамі) і станікаў для кармлення;
  • Аднаразовыя майткі, пракладкі ўралагічныя ці вялікія начныя;
  • Некалькі пар шкарпэтак;
  • Укладышы ў станік;
  • Сродкі для душа, патрэбная касметыка;
  • Пакеты для бруднай бялізны.

Пакет для малыша

  • Пачак падгузкаў для нованароджаных 2—5 кг;
  • Дзіцячыя вільготныя сурвэткі, невялікі ручнік;
  • Дзіцячы крэм, прысыпка;
  • Пачак аднаразовых пялюшак, 5—6 баваўняных;
  • 2—3 бодзі або сліпы, шкарпэтачкі, каптурык, рукавічкі.

Фота: 7ya.ru.

І яшчэ некалькі лайфхакаў

1. Улюбёная музыка дапамагае лягчэй пераносіць схопкі. Падрыхтуйце свой плэйліст і вазьміце навушнікі.

2. Падчас родаў вельмі хочацца піць, але рабіць гэтага нельга. Вазьміце з сабой флакон тэрмальнай вады, каб папырскаць на твар — будзе лягчэй.

3. Адразу пасля родаў вельмі хочацца есці. Не ігнаруйце гэта, бо на прыём ежы па раскладзе радзільні можаце не патрапіць.

4. Загадзя вызначце, як будзеце карміць дзіця. Калі ў вас плануецца кесарава, набудзьце малакаадсос, каб наладзіць лактацыю і перадаваць малышу сваё малако. Калі ў вас плоскія смочкі, вазьміце з сабой спецыяльныя накладкі для кармлення. Крэм для смочак будзе дарэчы.

5. У пасляродавых палатах цягам ночы гарыць святло. Калі вам гэта замінае, паклапаціцеся пра маску на вочы.

6. Каб хутчэй ачуняць пасля родаў, вазьміце тое, што ніяк з імі не звязана. Напрыклад, кніжку ўпадабанага аўтара або часопіс.

7. Савецкая практыка выкарыстання падкладаў яшчэ жывая. Калі вам накладаюць швы, могуць параіць пэўны час карыстацца менавіта падкладамі, а не пракладкамі, каб забяспечыць патрэбную тэмпературу і цыркуляцыю паветра. Вырашыце скарыстацца парадай — падрыхтуйце чыстую баваўняную тканіну, якую потым парэжаце на кавалкі.

Улічыць ўсё немагчыма, кожныя роды — асобная, часам непрадказальная, гісторыя. Аднак належная падрыхтоўка дапаможа займець правільны настрой і звесці дыскамфорт да мінімуму.

Паліна Дзяшук

Каментары
Насц / Адказаць 10.10.2018 / 15:56

У сэнсе нельга піць падчас родаў?! Нельга толькі ў родавай залі, але там не так доўга, як час да яго. Можна і трэба піць! Яшчэ і шакалад раяць некалькі кавалачкаў з'есці

3
Ulad / Адказаць 10.10.2018 / 20:19

Што такое "расчоска"? Мо, тады трэба казаць "жэншчына"? Гэта лукашэнка артыкул пісаў?

1
хамса ў та-маці / Адказаць 10.10.2018 / 20:46

дзякуй амерыканцам, што хоць у іх у некаторых фільмах праслізгвае ў якасці жартачкаў некаторая праўда пра роды.. а тое ў некаторых дзяўчат потым бывае ад нечаканасці такі стрэс.. я бачыла іх бедныя вочы і разгубленыя твары ў пасляродавай палаце

0
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура