Праект партала
Тонус
05.10.2018 / 09:36
Беларуска, якая дзевяць гадоў жыла з буліміяй, расказвае, як уратавала сябе12

У 14 год Юля Грыцкевіч яшчэ не ведала, што такое булімія і да чаго яна можа прывесці. У імкненні да ідэальнага цела яна спачатку абмяжоўвала сябе ў ежы, пасля адкрыла для арганізма слабіцельныя, мачагонныя, а ў нейкі момант навучылася яшчэ і выклікаць ірвоту.

Юля Грыцкевіч.

Даведка:

Булімія — расстройства харчовых паводзін (РХП), звязанае са стратай кантролю над колькасцю спажывання ежы ў спалучэнні з жаданнем падтрымліваць бягучую вагу.

Перадгісторыя

Юля расказвае, што яе жыццё нагадвала бег па коле: нервавацца, заядаць праблему, адчуваць сябе вінаватай за гэта і ванітаваць, каб ачысціцца не проста ад ежы ў страўніку, але і ад негатыўных эмоцый.

Юля звязвала свае прыступы менавіта з негатыўнымі эмоцыямі, трывожнасцю і нізкай самаацэнкай. Але хоць яна і ўсведамляла гэта, не заўсёды ўдавалася трымаць сябе пад кантролем: нейкі час яна магла пратрымацца і весці больш-менш нармальны лад жыцця, а потым зноў здараўся зрыў.

«У самы цяжкі для мяне перыяд частата прыступаў дасягала трох на дзень. Пачуцце віны (напрыклад, за лішні з’едзены кавалачак яблыка) прыводзіла да злосці на сябе, і я зноў і зноў адпраўляла ежу ва ўнітаз. Я прагуляла шмат пар ва ўніверсітэце, таму што не магла прымусіць сябе выйсці на вуліцу з ацёклым тварам пасля чарговага прыступу. У такім рэжыме я б доўга не працягнула: пачалі ламацца пазногці, крышыцца зубы. Праз месяц такога жыцця я паспрабавала спыніцца».

Сёлета было 9 год з таго моманту, як дзяўчына жыве з багажом расстройства харчовых паводзін. За гэты час нават не ўсе знаёмыя ведалі, што з ёй нешта не так: адкрылася Юля толькі самым блізкім і сустрэла ад іх падтрымку, якая вельмі дапамагла. Гераіня сцвярджае, што цяпер адчувае сябе больш-менш добра, стабільна ходзіць на працу:

«Апошні зрыў у выглядзе выкліку рвоты здарыўся 13 месяцаў таму. Апошнія слабіцельныя я прыняла 12 месяцаў таму. Засталося цалкам адмовіцца ад мачагонных прэпаратаў і, нарэшце, цалкам палюбіць сябе. Але мне здаецца, што галоўны крок да выздараўлення я зрабіла. Я прыняла праблему і вырашаю яе. Рацыён у мяне просты — ніякіх абмежаванняў. Я ем усё, што хачу, і тады, калі хачу. Хоць у 12 ночы, хоць у 5 раніцы».

Юля не звярталася па дапамогу да псіхатэрапеўтаў. Кажа, што, калі б дайшла да іх, магчыма, яе праблема вырашылася б хутчэй. Але яна паспрабавала адольваць хваробу сваімі сіламі, шмат у чым ёй дапамагла філасофія бодзіпазітыву.

З улікам перажытага досведу Юля сфармулявала падрабязную інструкцыю «Як перастаць ванітаваць пасля ежы». У першую чаргу, яна стваралася для таго, каб нагадаць самой сабе, што рабіць, калі праблемы вернуцца зноў. Але яна вельмі хоча, каб яе парады дапамаглі і тым, хто сутыкнуўся з нечым падобным у жыцці, а сіл і фінансавых магчымасцяў, каб ісці да спецыялістаў, у іх не будзе.

«Я ведаю, што людзей, якія сутыкнуліся з такой самай праблемай, хапае. У свой час я «лячылася» гісторыямі людзей, якія прайшлі праз булімію, і спадзяюся, што мая інструкцыя таксама некаму будзе карыснай. Яна змяшчае некалькі парад пра тыя крокі, якія можна прайсці самастойна. Я не даю рэкамендацыі па правільным харчаванні ці лячэнні расстройства харчовых паводзін. Калі праблема вельмі сур’ёзная, лепш звяртацца да медыкаў», — удакладняе Юля.

Як перастаць ванітаваць пасля ежы? Пяць пунктаў на шляху да выздараўлення

Стомленасць

Каб перастаць ванітаваць, трэба гэтага захацець. А каб захацець больш не выклікаць ірвоту, трэба стаміцца ад працэсу фізічна і маральна. Калі арганізм змучаны, ён дае пра гэта ведаць. Напрыклад, вы можаце страціць прытомнасць.

Я ні ў якім разе не заклікаю даводзіць сябе да такога стану. Лепш вучыцеся на чужых памылках. Але калі вы ўжо скаціліся ў гэтае балота, то выкараскацца з яго зможаце толькі калі моцна стоміцеся тануць. Што са мной і адбылося.

Седзячы аднойчы перад унітазам і душачыся ўласнымі пальцамі, я раптам адчула, наколькі ж мне дрэнна ад гэтага. Страціла прытомнасць. Ачуняла праз пару секунд і спалохалася, што магу памерці вось наўпрост цяпер. Падзеі разварочваліся ў гасцях у бацькоў, і таму думка пра магчымую смерць прывяла мяне ў жах. Калі маці з бацькам убачаць сваю дачку, якая захлынулася ванітамі ў іх жа прыбіральні, то жыць нармальна не змогуць. А я ведаю, што такое жыць ненармальна, і не хачу, каб гэта пачуццё адчуваў нехта яшчэ.

Тады я выразна ўсвядоміла, як моцна мне надакучыла псаваць зубы, рукі, зубныя шчоткі… Сваё жыццё, у рэшце рэшт. Я падумала: «Ёсць людзі, якія нармальна ядуць і пры гэтым застаюцца худымі. Чаму я не магу гэтаксама? Чаму мне абавязкова трэба сябе забіваць?»

Зачыстка сацыяльных сетак

Стужку ў сацсетках мы ствараем па прынцыпе «што мне падабаецца, тое там і будзе». А калі з намі здараецца РХП, падабаюцца нам звычайна худыя, кашчавыя, жылістыя людзі. У выніку большую частку стужкі запаўняюць фатаграфіі гэтых «ідэалаў». Іх мы ставім на застаўку тэлефона і камп’ютара. Раздрукоўваем і завешваем імі пакой, у якім спім. Вешаем фоткі на халадзільнік і, можа быць, нават у прыбіральні (каб, выклікаючы рвоту, бачыць, дзеля чаго сябе мучым).

Мы думаем, што матывуем сябе такім чынам. Але на самай справе толькі разбураем сваю самаацэнку. Мы ўвесь час параўноўваем наша цела з целам «ідэальных» мадэляў, і гэта параўнанне ніколі не на нашу карысць.

Калі вы адпішыцеся ад усіх-усіх «ідэальных» інстаграмаў, паблікаў з фотападборкамі «правільна худых» людзей, выкінеце усё раздрукаванае на сметніцу — прыблізна праз месяц вам стане лягчэй. З часам да вас дойдзе, што ідэальных людзей не існуе. І нават калі хто-небудзь са знаёмых схуднее і будзе выхваляцца новым целам у сацсетках, вас гэта не зачэпіць.

Карысная інфармацыя

Калі ўсіх «ідэальных» мы са стужкі прыбралі, яе трэба запоўніць чымсьці прыемным. Гэта могуць быць карцінкі з коцікамі або крутой архітэктурай. Галоўнае, каб малюнкі выклікалі ў вас прыемныя эмоцыі.

На адных карцінках далёка не з'едзеш, таму падпішыцеся на карысныя блогі. Гэта можа быць тэкставы фармат, відэа, аўдыя. Мне, напрыклад, падабаецца блог Ria Zee Silver. Аўтарку завуць Маша, яна таксама сутыкнулася з РХП. Распавядае пра ўсё, што можа дапамагчы.

Зачыстка акружэння

Кожны, хто якім-небудзь чынам прымушае нас адчуваць сябе дрэнна, правакуе нашы прыступы. Толькі не трэба перакладаць усю віну на іншых людзей! Рашэнне (хоць часам гэта складана назваць рашэннем) ванітаваць ці не заўсёды прымаем мы самі. І за гэта трэба несці адказнасць.

Але калі навокал ёсць тыя, хто адпускае з’едлівыя жарты наконт вашай вагі, скараціце кантакты з такімі людзьмі да мінімуму. Навучыцеся бараніць сябе: казаць «не», «мне нецікава» або «не рабі так, мне непрыемна».

Ёсць такое паняцце, як газлайцінг. Калі цытаваць вікіпедыю, то гэта форма псіхалагічнага гвалту, галоўная задача якога — прымусіць чалавека сумнявацца ў адэкватнасці ўспрымання рэчаіснасці. Прасцей кажучы, калі вы чуеце «ты выдумляеш сабе праблему, ніякай буліміі не існуе, я кажу табе праўду», а пасля пачынаюцца жарты пра ваш знешні выгляд — вас газлайцяць. Не спрачайцеся з такімі таксічнымі персанажамі. Проста сыходзьце.

Праца, навучанне або хобі

Я не буду казаць, што ўся праблема ад гультайства, гэта не так. Але на сваім досведзе я пераканалася, што прысутнасць у жыцці справы, якая мне па душы, адцягвае ад думак пра ежу.

Згадайце, што вам больш за ўсё падабалася ў дзяцінстве. Маляваць? Купіце фарбы, пэндзлікі і малюйце. Чытаць? Запоўніце вольны час кнігамі. Спяваць? Уключайце музыку і дзейнічайце!

Пяці гэтых крокаў на шляху да выздараўлення, вядома, можа быць недастаткова. Нават выканаўшы кожную з гэтых парад, вы не вылечыце расстройства. Загубленае здароўе і самаацэнка, якая скача ад «а я нічога» да «якая ж я нікчэмнасць», не адпусцяць вас так хутка, як хацелася б. Але вы паложыце пачатак. А гэта ўжо добра.

Гутарыла Кацярына Карпіцкая

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура