Праект партала
Тонус
30.09.2018 / 08:54
Кожнаму па спорце: як выбраць сабе фізічную актыўнасць, якая не наробіць шкоды арганізму?1

Для многіх спорт даўно стаў нечым накшталт рэлігіі, і гэта нядрэнны трэнд. Праўда, толькі калі вы займаецеся спортам разумна, без імкнення да рэкордаў, якія могуць дрэнна адбіцца на стане здароўя.

Кожны арганізм мае свае асаблівасці і вытрымлівае розныя аб’ёмы нагрузак. Калі вы толькі вырашылі стаць на спартыўную сцяжыну, то расказваем пра самыя папулярныя сёння кірункі і тое, каму яны лепш падыдуць, а каму строга супрацьпаказаныя.

Фітнэс у трэнажорнай зале

Фота: championat.com.

Падыходзіць людзям практычна пры любых дыягназах, траўмах і ўзросце ад 16 і да 70. Універсальнасць абумоўленая тым, што ў ідэале заняткі будуць праходзіць пад наглядам кваліфікаванага трэнера, які распрацуе індывідуальную праграму заняткаў з улікам усіх асаблівасцяў кліента. Пры правільным падыходзе можна не толькі ўмацаваць мышцы, але і выправіць праблемы з поставай, умацаваць суставы і звязкі, што асабліва актуальна для людзей з сядзячым ладам жыцця (большая частка офісных работнікаў пакутуе ад скаліёзу).

Варта адзначыць, што базавыя практыкаванні з уцяжарвальнікамі (станавая цяга, прысяданні, жым ад грудзі) выклікаюць у арганізме магутны гарманальны ўсплёск.

Выпрацоўваецца тэстастэрон, які адказвае за зацвярдзенне касцявых тканак, рост цягліц і лібіда (прычым як у мужчын, так і ў жанчын); самататрапін, або гармон росту, які рэгулюе абмен бялкоў і ліпідаў у арганізме; адрэналін паляпшае працу сасудаў і сэрца, папярэджвае такія захворванні, як атэрасклероз. І самае галоўнае: у выніку павялічваецца адчувальнасць да інсуліну, што з'яўляецца прафілактыкай цукровага дыябету.

Кросфіт (ці, як варыянт, TRX)

Фота: rusadventures.ru.

Несумнеўным плюсам кросфіту з'яўляецца тое, што за адзін занятак вы развіваеце адразу некалькі якасцей: сіла, вынослівасць, каардынацыя і спрытнасць. Падчас трэніровак у зале прыйшлося б на ўсё гэта вылучаць асобныя заняткі, а тут усё даецца адразу. Акрамя таго, салідныя нагрузкі дазваляюць хутка пазбавіцца ад лішняй вагі, калі вы паставілі такую мэту, і нармалізаваць апетыт, калі з ім меліся праблемы.

У гэтага віду актыўнасці ёсць і адваротны бок медаля. У кросфіце выкарыстоўваюць тэхнікі цяжкай атлетыкі, практыкаванні часта выконваюцца на хуткасць і патрабуюць вялікіх намаганняў.

Гэты спорт з'яўляецца траўманебяспечным, таму падыдзе людзям, якія маюць якую-ніякую падрыхтоўку. Таксама важна, каб не было траўмаў, парушэнняў у апорна-рухальным апараце: адзін няправільны рух можа прывесці да пагаршэння старых праблем альбо з'яўлення новых.

Тэарэтычна тое самае можа адбыцца і на занятках фітнэсам, калі ваш трэнер раптам будзе няўважлівым. Аднак на кросфіце гэта больш верагодна, таму што заняткі праходзяць у групах ад 5 чалавек, тут складана прасачыць за кожным.

Таксама не варта займацца кросфітам людзям з праблемамі і захворваннямі сардэчна-сасудзістай сістэмы, паколькі выкананне цяжкаатлетычных практыкаванняў за кароткі прамежак часу прымушае сэрца працаваць практычна на знос з максімальнай частатой сардэчных скарачэнняў. Нядужае сэрца можа гэтага проста не вытрымаць.

Да кросфіту не раю звяртацца і тым, у каго вельмі напружаны і нервовы лад жыцця з невялікай колькасцю адпачынку. Уся справа ў картызоле — гармоне стрэсу, які выпрацоўваецца ў нас у адказ на знешнія пагрозы, стрэсавыя сітуацыі, падчас інтэнсіўных фізічных нагрузак. Дзякуючы яму, узмацняецца сэрцабіцце, павышаецца артэрыяльны ціск. Карцізол актывізуе працу цягліц, зніжаючы ў іх расход глюкозы, пры гэтым актыўна запазычваючы яе з іншых органаў. Дзякуючы гэтаму, арганізм як бы мабілізуецца, каб выжыць. Але калі перабраць з гэтым гармонам, можна сур'ёзна сабе нашкодзіць і атрымаць зніжэнне імунітэту, ацёчнасць, змяншэнне мышачнай масы, апатыю, зніжэнне лібіда і парушэнне сну. Яшчэ адзін непрыемны момант: карцізол павышае цягу да салодкага, таму што органы, якія недаатрымліваюць глюкозу, пачынаюць патрабаваць «паліва» — чалавек неўсвядомлена налягае на мучное і салодкае.

Ёга, пілатэс

Фота: news.rambler.ru.

Пра карысць ёгі напісана мноства навуковых артыкулаў. Ды што там артыкулаў — нават цэлых тамоў кніг і знята нямала дакументальных фільмаў. Гэта адзін з самых старажытных і шырока прызнаных відаў чалавечай актыўнасці. Падчас заняткаў ёгай актыўней за ўсё задзейнічаны наш пазваночнік, а ён з'яўляецца стрыжнем, які трымае і рэгулюе працу ўсяго арганізма.

Выконваючы розныя асаны, вы ствараеце спрыяльныя ўмовы для транспарціроўкі неабходных рэчываў да органаў, тканак, нервовых канчаткаў і эндакрыннай залозы, дзякуючы чаму нармалізуецца абмен рэчываў, паляпшаецца імунітэт, наладжваецца праца сардэчна-сасудзістай сістэмы.

Дыхальныя практыкі і энергетычныя замкі на занятках ёгай спрыяюць кровазабеспячэнню палавых органаў, што папярэджвае развіццё расстройстваў палавых функцый або выпраўляе існуючыя паталогіі. Асабліва гэта актуальна для жанчын, у якіх ёсць праблемы з рэгулярнасцю менструальнага цыклу.

Пілатэс, ёгу і стрэтчынг аб'ядноўвае тое, што яны нацэленыя таксама на развіццё гнуткасці.

Супрацьпаказаннямі да заняткаў ёгай могуць быць такія дыягназы, як лардоз, кіфоз, астэахандроз і грыжа хрыбетніка.

Калі вы трапілі да добрага трэнера, ён абавязаны папярэдзіць вас падчас нейкіх асан, што іх неабходна выконваць асцярожна ці лепш прапусціць зусім.

Пілатэс у гэтым плане цалкам бяспечны і, больш за тое, нават паказаны людзям з парушэннямі апорна-рухальнага апарата.

Ёга — выдатны варыянт, калі вам важна знайсці ўнутраны баланс і гармонію, вы стаміліся ад стрэсаў і мітусні. Як правіла, заняткі праходзяць у групах, пад прыемную рэлакс-музыку, што стварае ідэальныя ўмовы не толькі для прапрацоўкі цела, але і для адцягнення ўвагі ад хвалюючых праблем і перажыванняў.

Праўда, не трэба думаць, што на ёзе людзі толькі расслабляюцца. На самай справе, выкананне многіх асан можа прымусіць «папацець» нават самага падрыхтаванага атлета.

Танцы і аэробіка

Фота: 12millionov.com.

Заняткі танцамі з'яўляюцца рэкардсменамі па выпрацоўцы гармонаў радасці і шчасця: сератанін адказвае за добры настрой і папярэджвае дэпрэсію, аксітацын развівае эмпатыю, а вазапрэсін кантралюе агрэсію.

Разам з тым танцы і аэробіка лічацца самымі небяспечнымі заняткамі для каленных суставаў і хрыбетніка.

Часта яны суправаджаюцца працяглымі скачкамі, рухамі пры напаўсагнутых каленях, значным напружаннем у паясніцы. Таму выбіраючы нейкі кірунак, памятайце пра свае магчымасці і супрацьпаказанні, пра якія можна даведацца ў дактароў.

Школы бегу

Фота: nv.ua.

Бег трушком — самы просты і натуральны для чалавека рух, таму займацца ім можна і дзецям, і дарослым. Бег спрыяльна ўздзейнічае практычна на ўсе сістэмы арганізма: сардэчна-сасудзістая ўмацоўваецца (а значыць, зніжаецца рызыка атэрасклерозу, інфаркту і інсульту, памяншаецца ўзровень халестэрыну); з боку дыхальнай сістэмы адбываецца павелічэнне аб'ёму лёгкіх, паляпшаецца працэс паступлення кіслароду да ўсіх органаў і тканак (асабліва раім звярнуць увагу на гэты від спорту тым, хто кінуў або кідае паліць). Добры бег і для страўніка — можна палепшыць маторыку кішэчніка. Праўда, калі вы нацэленыя на тое, каб нарасціць мышцы, то бег не падыдзе: ён толькі ўмацоўвае іх, але не нарошчвае. Уся справа ў тым, што ў чалавека ёсць два тыпы мышачных валокнаў: чырвоныя і белыя.

Падчас бегу ў нас у асноўным задзейнічаныя чырвоныя, якія адказваюць за вынослівасць, у іх актыўна адбываецца акісленне тлушчаў.

Менавіта таму бег — гэта найлепшы спосаб схуднець. Белыя валокны падчас бегу практычна не развіваюцца, бо яны, у сваю чаргу, адказныя за сілу, а каб яе развіць патрэбныя кароткія, магутныя і выбуховыя нагрузкі, а гэта не пра бег, гэта хутчэй пра гантэлі і штангі.

Вядома, як і ў любога віду спорту, у бегу ёсць супрацьпаказанні. Ахілесавай пятой бегуна з'яўляецца пазваночнік і каленныя суставы. Таму не рэкамендуецца нікуды бегчы людзям з наяўнымі паталогіямі і траўмамі, а таксама людзям з залішняй вагой: іх суставы могуць не вытрымаць ціску ўласнай вагі.

Плаванне

Фота: goldsgym.ru.

Плаванне — гэта адзін з самых натуральных відаў рухальнай актыўнасці для чалавека, таму супрацьпаказанняў тут практычна няма, за выключэннем такіх дыягназаў, як хранічныя ВРВІ, пнеўманія, неўралагічныя захворванні, што суправаджаюцца сутаргамі, скурныя інфекцыі, парок сэрца, эпілепсія.

Людзям са скрыўленнем пазваночніка басейн проста неабходны, бо плаванне актыўна задзейнічае мышцы і суставы спіны, грудзі і плечы.

Акрамя таго, плаванне з'яўляецца вельмі энергазатратным заняткам: за гадзіну можна спаліць каля 500 ккал. Таксама знаходжанне ў вадзе мае лімфадрэнажны эфект, што з'яўляецца прафілактыкай цэлюліту. Так што тут можна займець не толькі стройную постаць, але і выдатны сілуэт. Ну, і не варта пакідаць без увагі той факт, што вада з'яўляецца выдатным антыдэпрэсантам.

Лера Казакевіч

Каментары
Васисуалий Лоханкин / Адказаць 30.09.2018 / 14:44

Существует физкультура и спорт. Полезна только физкультура,спорт вреден в любых количествах :-)

0
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура