Праект партала
Тонус
27.09.2018 / 15:24
Тлусты крэм, рознакаляровыя калготы і ўцёкі ў цёплыя краіны. Як беларускі перажываюць надыход халадоў?

«Сцелюцца валокны, тчэцца павуціна — блізка, блізка восень, смутная часіна», — пісаў Якуб Колас пра пару, якая не проста надыходзіць, а наступае сваімі вялікімі дажджлівымі слядамі, халоднымі раніцамі і кароткімі днямі.

Мы запыталіся ў беларусак, як яны змагаюцца з восенню, ці змяніўся іх лад жыцця і якія сродкі з’явіліся ў касметычцы з надыходам восені.

Паліна Рэспубліка, спявачка:

«Восень пачынаецца з таго, што я мяняю летнююю, паветраную парфуму на больш горкую і даўкую. Яшчэ пачынаю часцей паласкаць горла ў прафілактычных мэтах. І, канечне ж, амаль пастаянна грэюся гарачым чаем».

Ганна Шакель, студэнтка, паэтка:

«Я восень вельмі люблю. Калі восень — паміранне, то смерць — гэта прыгожа. Звычкі не мяняюцца, бо іх у мяне папросту няма, кожны дзень унікальны.

Восенню люблю мяняць колеры калготак і смакі ўвільгатняльных памадак: ваніль, вішня, яблык — гэта падымае настрой.

А бліжэй да зімы пачынаю мазацца больш тлустымі крэмамі. Вось і ўсё».

Караліна Лобач, фітнэс-трэнерка:

«А ў маіх звычках з надыходам восені нічога не мяняецца. Я гэтаксама п’ю патрэбныя вітаміны, працягваю займацца спортам. Я лічу, што распарадак дня, догляд сябе, трэніроўкі не павінны залежаць ад нейкага пэўнага перыяду часу. Самае галоўнае — стабільнасць. Здаровы лад жыцця не павінен быць нейкай разавай акцыяй, ён павінен увайсці ў штодзённасць, стаць карыснай звычкай. Ва ўсім важная паступовасць і ўмеранасць, а любое рэзкае змяненне ладу жыцця, хай нават і ў лепшы бок, непазбежна вядзе да зрываў і кампенсацыі. Таму мая парада ўсім: проста імкніцеся свой дзень зрабіць крышачку лепшым.

Анхела Эспіноса, паэтка:

«Я восенню бываю ў Беларусі ўсяго пару тыдняў, таму нічога кардынальнага прадпрымаць не буду. Толькі апрануся цяплей. А ў Іспаніі восені няма. Зараз у нас +30».

Марына Ганчарова, працуе ў МНС:

«Вітаміны п'ю цягам года перыядычна і пастаянна амегу-3. Рэжым дня, вядома, змяняецца. Улетку з малодшым сынам або сям'ёй толькі а восьмай гадзіне вечара выходзіш на вячэрні шпацыр, а яшчэ лепей — велапрагулку. Восенню такога сабе не дазволіш. Мая скура ў асенне-зімовы перыяд патрабуе да сябе іншага догляду. У ацяпляльны перыяд яна перасушваецца. Таму ў мяне проста велізарны арсенал крэмаў і ласьёнаў, алеяў для цела, а ў доглядзе твару радзей выкарыстоўваю маскі на аснове гліны, да прыкладу, бо яны сушаць скуру.

Не магу ў гэты перыяд абысціся без экстраўвільгатняльных сродкаў у доглядзе вуснаў і рук.

З шафы ў гэтую восень я дастала адначасова ўсе восеньскія рэчы — надта рэзка прыйшлі халады. Больш за тое, сёння я адназначна замест паліто апрану кажушок — зусім замерзла. Нягледзячы на гэта, восень — мая любімая пара, таму што можна папаўняць свой арганізм карыснымі вітамінамі са свежай садавіны і гародніны».

Яўгенія Цюленева, мадэлька:

«З прыходам верасня ў мяне з'яўляецца шмат планаў і жаданне заняцца нечым новым, я запісваюся на вялікую колькасць адукацыйных курсаў, спартыўных класаў. Праўда, да большасці так і не даходжу, бо да кастрычніка імпэт знікае. Лістапад і блізкая зіма — самы складаны для мяне перыяд. Катастрафічна не хапае сонца. Стараюся з'ехаць у паўднёвыя краіны на максімальна працяглы тэрмін. У астатні час ёсць абавязковая праграма, каб пратрымацца. Па-першае, сонечныя ванны. У ясныя гадзіны выбягаю на вуліцу, каб хоць на хвілін пяць прамяні патрапілі на адкрытыя ўчасткі цела. У асабліва змрочныя месяцы хаджу ў салярый з гэтай мэтай. Па-другое, кіслародныя ванны. Амаль кожны дзень выходжу на шпацыр. Цёпла апранаюся і іду шпацыраваць хуткім крокам. Пажадана не менш за гадзіну на дзень. Прычым гуляю пры любой тэмпературы. Выключэнне толькі дождж. Ну а падымаюць настрой сустрэчы з сябрамі».

Наталля Доміні, спявачка:

« З надыходам восені стала нашмат цяжэй уставаць раніцай. Я мярзляк, таму восенню п’ю шмат чаю, сагравальных напояў з аблепіхай ды імбіром. У касметычцы з’яўляецца ўвільгатняльны крэм для рук. І пару разоў на тыдзень п’ю вітамінкі-«шыпучкі».

Вольга Шылейка, доктарка:

«Асноўная для мяне праблема ў восені — гэта скарачэнне светлавога дня. Здаецца, што заўсёды цёмна і гэта ніколі не скончыцца. Таму імкнуся болей бываць на сонейку, калі гэта атрымліваецца.

Бо дзякуючы сонцу ў арганізме будзе нармальны баланс сератаніну і мелатаніну, а яны адказваюць за настрой, працаздольнасць, сон.

Рацыён троху змяняецца, бо няма пэўных «летніх» прадуктаў, затое ёсць гарбузы, грыбы, яблыкі і іншыя восеньскія прысмакі. Трэба гэтым карыстацца. Яркі гарбузовы суп, а яшчэ і з сырам — дакладна падыме настрой. Скуру ніяк асабліва не даглядаю, проста бяру больш тлусты крэм для рук, карыстаюся ім часцей. Вітамінаў звычайна не п'ю для прафілактыкі. Лічу, што ўвосень яны не вельмі патрэбныя, вітамінаў і так дастаткова ў ежы».

Наталля Тур

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура