Праект партала
Гісторыі
21.09.2018 / 19:28
«Прыгажосць мацнейшая за рак». Гамяльчанка робіць бясплатны перманентны макіяж для анкахворых жанчын4

Сярод усіх спецыялістаў б'юці-сферы ў Гомелі Вольга Цітова вызначаецца тым, што яна вырашыла сваёй працай дапамагаць хворым на рак людзям, а менавіта — вяртаць ім згублены падчас прамянёвай тэрапіі вобраз.

Нездарма кажуць, што пазітыўнае мысленне — адзін з правільных спадарожнікаў у барацьбе з цяжкім захворваннем. З дэвізам «Прыгажосць мацнейшая за рак» Вольга робіць перманентны макіяж для тых, хто вырашыў не здавацца.

Для Вольгі Цітовай яе «сувязь» з анкалагічным аддзяленнем пачалася досыць даўно. Паводле яе слоў, рак пераследуе яе сям'ю з даўніх часоў: бабулі, дзядулі, родныя, сябры. На сённяшні момант хварэе яе бацька. І разам з ім яна вельмі часта бывае ў аддзяленні анкалогіі.

Прайшоў ужо год з тых часоў, як Вольга вырашылася дапамагаць хворым на рак людзям. За мінулы час да яе звярнулася больш за 25 жанчын. На жаль, мужчыны такую працэдуру ігнаруюць. Па словах майстра, мужчыны нашмат спакайней успрымаюць поўную адсутнасць валасоў падчас хіміятэрапіі.

«Я магу сабе дазволіць некалькі такіх кліентаў у месяц. Максімальна чалавек 5. Мне ўвесь час тэлефануюць, пішуць. Каго магу — таго бяру. Але я прынцыпова працую толькі з тымі, хто на гэты момант знаходзіцца на інваліднасці, і не можа дазволіць сабе такую працэдуру. Бывае, пішуць, што ў іх сваячкі толькі выявілі рак. Я такіх не бяру, бо яны яшчэ працуюць, і значыць, могуць дазволіць сабе гэтую працэдуру. Крыўдзяцца часта, што не хачу рабіць перманентны макіяж бясплатна для тых, у каго, дапусцім, ужо 10 гадоў таму была выдаленая пухліна і цяпер чалавек у стадыі рэмісіі. Фармальна гэта ўсё яшчэ анкахворы, але ж гэты чалавек ужо працуе».

Галоўная задача для людзей, якія звяртаюцца да Вольгі, — вярнуць свой звыклы лад, пазітыўныя эмоцыі, калі дзяўчаты і жанчыны пачынаюць зноўку сабе падабацца. Бо падчас барацьбы з хваробай, падчас прамянёвай тэрапіі або хіміятэрапіі чалавек істотна змяняецца. Часта на такія змены не згаджаюцца жанчыны ва ўзросце. Для іх перманентны макіяж асацыюецца з татуіроўкай. Але больш маладое і сучаснае пакаленне ахвотна ідзе на такія меры, бо ўжо даўно не сакрэт, што перманентны пігмент, у адрозненне ад татуіроўкі, застаецца на скуры не больш за 5 гадоў.

На гэты момант максімальную колькасць чалавек, якім Вольга ў стане дапамагчы, каля 5 у месяц. Калі іх больш, майстар можа прапанаваць сваякам аплаціць расходны матэрыял — гэта палова кошту працэдуры, дзесьці 50-70 рублёў.

«Расходнікі ў нас не вырабляюцца, абсталяванне высокага класа, дарагое. Усё, чым я працую, купляецца з Амерыкі ці Еўропы. Але некаторыя не згаджаюцца для сваіх хворых сваякоў нават на такое. Такіх лічу халяўшчыкамі».

Вольга лічыць, што тыя, хто прыходзіць да яе, гэта людзі, якія не прынялі сваю хваробу. Якія разумеюць, што гэта ўсё часова, пройдзе час, пройдзе лячэнне, зноўку адновяцца валасы, вобраз: «Гэта людзі, якія вераць у сваё выздараўленне. Вельмі цяжка жыць з гэтым, глядзець на гэта. Гэта бясконцая барацьба, ніхто не ведае, калі гэтаму прыйдзе канец».

Вольга памятае кожнага кліента, які пераступаў парог яе кабінета. Кожны кліент з анкадыспансера заўсёды ў яе галаве. Яна пастаянна успамінае пра іх, піша, перыядычна сочыць за іх жыццём. Што тычыцца калегаў, то, на жаль, аднадумцаў Вольга пакуль не знайшла. Яна распавядае, што хоць калегі ставяцца добра, але большасць пабойваецца працаваць з анкахворымі.

У Вольгі ёсць мара — каб такія ж спецыялісты з б'юці-сферы аб'ядналіся ў адну супольнасць, якая дапамагала б бязвыплатна анкахворым людзям. Бо не згубіць сябе для людзей, якія змагаюцца за сваё жыццё, атрымаць падтрымку ад навакольных, працягваць верыць у сябе — найлепшы рэцэпт папраўкі. А для Вольгі і яе сям'і гэта не пустыя словы.

Сильные новости

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура