Проект портала
Истории
24.09.2018 / 13:55
Что делать, если детских книг на белорусском языке не хватает? Опыт молодой мамы5

Архітэктарка і мастачка Ганна Шчуко стала мамай 3,5 года таму. У іх з мужам ні разу не ўзнікла пытанне, на якой мове выхоўваць сына Міхася. Вядома, на беларускай. 

Але так сталася, што дзіця расце, а беларускамоўных дзіцячых кніжак не хапае.

Ганна расказала, што робіць у такой сітуацыі сама. Яна спадзяецца, што яе досвед дапаможа іншым мамам.

Букіністычныя крамы ў дапамогу

«Калі дзіцяці споўніўся годзік, натуральна, паўстала пытанне, што яму чытаць. І пачаліся пошукі беларускамоўных кніжак. Я імкнулася знайсці не проста любыя дзіцячыя выданні, а з якаснымі густоўнымі ілюстрацыямі, бо першае, што ўспрымае дзіця, — гэта візуальны складнік кнігі. Адпаведна, кнігі, якія мы чытаем, фарміруюць яго светаўспрыманне ад самага пачатку жыцця. Стракатыя, яркія, ляпістыя я адмятала адразу. Натуральна, добрых кніг аказалася няшмат, ды і забегі па крамах плёну не далі».

Выратавалі тады маладую маму, як ні дзіўна, букіністычныя крамы і інтэрнэт-барахолкі.

«Гэта цудоўнае выйсце. У букіністычных крамах мне трапляліся кніжкі, на якіх я сама расла калісьці. Гэта такая асалода — перадаць дзіцяці тую магію, якую я дагэтуль адчуваю ад старых кніг з дзяцінства! Адной з любімых у Міхася стала кніга з серыі пра знакамітых вучоных «Вынаходнік Эдысан». Мы з Міхасём даведаліся, што ёсць яшчэ іншыя кніжкі гэтай серыі, і, калі сустрэнем, абавязкова дапоўнім калекцыю».

Бібліятэкі — наша ўсё

Цяпер Міхась цікавіцца збольшага тэхнікай, трактарамі, машынамі, космасам. Ганна ж любіць чытаць сыну вершы і казкі розных народаў.

«Неяк у бібліятэцы ўзяла кнігу, якую шукала вельмі даўно. Дарэчы, не абмінайце сваёй увагай бібліятэкі, там можна знайсці цікавосткі, якіх ужо даўно няма ў продажы. Толькі вось кнігу трэба вяртаць, але так хочацца, каб яна засталася ў сямейнай бібліятэцы!

Тады я прыдумала выйсце. Купіла самы танны тонкі фотаальбом. Кніжку адсканавала, раздрукавала на каляровым прынтары, разрэзала і ўставіла аркушы ў фотаальбом. Атрымалася амаль паўнавартасная кніга, якая заняла сваё пачэснае месца на паліцы. Канечне, на распаўсюд такое рабіць нельга, але для ўласнага карыстання чаму б і не».

Спрытнасць рук — і рускамоўныя кнігі ператвараюцца ў беларускія

«Цяпер вельмі шмат харошых добрых вершаў і казак выдаюцца сучаснымі расійскімі выдавецтвамі. Часта там размешчаны ілюстрацыі добрага мастацкага ўзроўню. Мне аднойчы так спадабалася адна кніга, што я вырашыла перакласці расійскі верш на беларускую мову, балазе ёсць пэўны досвед складання вершаў па-беларуску. Пасля захацелася перакласці яшчэ адзін твор. А потым падумала: чаму б не перакласці гэтыя кніжкі? Але асобнымі перакладамі не абмяжуешся, кнігі трэба прыладзіцца неяк чытаць! Купіла блок клейкай паперы для прынтара, друкую свой беларускі варыянт і ляплю наўпрост у кнігу на месца арыгінальнага тэксту або побач».

Ганна кажа, што гэта таксама не простая праца:

«Па-першае, трэба абраць такі шрыфт, каб ён быў чытэльны і па стылі блізкі да арыгінальнага. Каб ён быў пэўнага памеру і пэўнымі міжрадковымі інтэрваламі, каб змяшчаўся на старонцы па шырыні і вышыні. Па-другое, тэкст сэнсава павінен адпавядаць малюнкам, якія ёсць на старонцы».

Ганна адзначае, што больш за ўсё недахоп кніжак на беларускай мове адчуваецца ў самым пачатку гадавання. Патрэбныя кнігі на кардонных старонках для самых маленькіх дзетак да 2 год.

Авечка Агата і янот Ягор. Ганна рыхтуе да друку ўласную азбуку 

«Дзіўна, што ў нашых крамах амаль няма беларускамоўных кніг на кардонных старонках, бо гэта ж цудоўна, калі б малое дзіця мела магчымасць самастойна трымаць у руках і гартаць кніжку».

І Ганна Шчуко вырашыла па-свойму справіцца з гэтай праблемай. Яна прыдумала і намалявала азбуку «Свет літар пані Понюшкі» так, як сама лічыла патрэбным, каб вучыць свайго сына літарам.

Але кніга атрымалася настолькі займальная і няпростая, як меркавалася напачатку, што Ганна не стала абмяжоўвацца ўзростам 0—2 гады і адмовілася ад афармлення кнігі на кардонных старонках, што, дарэчы, як высветлілася, даволі дорага каштуе.

Жанчына вырашыла, што лепей выпусціць вялікую колькасць асобнікаў, каб як мага больш дзяцей магло карыстацца азбукай. Яна наважылася самастойна запусціць краўдфандынг, каб сабраць сродкі для выдання кнігі па ўсіх правілах — у цвёрдай вокладцы, з добрым пераплётам і якасна надрукаванымі ілюстрацыямі.

Кожны малюнак у кнізе аб'ядноўвае прадметы і персанажаў, якія пачынаюцца на пэўную літару. Да малюнкаў далучаныя тэксты, дзе «галоўная» літара і словы, якія складаюць сюжэт, вылучаныя колерам. У некаторых словах падкрэслены націск.

«Азбука першапачаткова выглядала не зусім так. У працэсе стварэння я пачала раіцца з сябрамі, і некаторыя з іх давалі вельмі трапныя парады, якія я ў выніку выкарыстала. Была задума проста далучыць да малюнка асобныя словы, якія ёсць на карцінцы. А пасля мне падказалі аб’яднаць словы ў звязаны тэкст, які можна чытаць, як міні-гісторыю да літары. На літару А у мяне была авечка Агата, а пасля адна маладая мама спытала ў мяне, чаму толькі авечка мае імя. Так з’явіліся дзік Дзям’ян Даніла, ёг СямЁн, янот Ягор і іншыя вясёлыя персанажы, якія разам з імем набылі свой характар».

У пачатку кнігі — увесь беларускі алфавіт. Разам з дзіцём можна вывучаць літары па парадку, шукаць улюбёныя персанажы і карыстацца алфавітам як зместам кнігі.

«Вельмі шмат часу пайшло на расфарбоўку і таксама на пошукі ідэі, якім чынам расфарбаваць гатовыя чорна-белыя карцінкі. Штосьці малявалася ад рукі — контуры тушшу і фон акварэллю, а потым усё злучалася і расфарбоўвалася на камп'ютары. За той працяглы час, пакуль я стварала сваю кнігу, у Беларусі ўжо выйшла тры новыя цудоўныя азбукі — перавыданне азбукі «Вясёлы вулей» Рыгора Барадуліна, летняя і птушыная азбукі. Гэта і стымулявала працаваць хутчэй і адначасова крыху засмучала. Але, як сказаў муж, азбук шмат не бывае. Сапраўды, гэтыя азбукі вельмі своеасаблівыя, прыгожыя, не падобныя адна на адну і ў той жа час яны пра адно і тое ж — пра беларускую мову і нашую любоў да яе».

Топ дзіцячых кніг ад Ганны Шчуко 

Некаторыя з гэтых кніг ужо не знайсці ў продажы, але можна ўзяць у бібліятэцы.

0—1 год

Любыя кнігі з якаснымі, зразумелымі ілюстрацыямі, пажадана на цвёрдых старонках. Мова кніг не такая важная, бо звычайна змест досыць просты для перакладу «з аркуша»:

«Крумкач кажа нельга»

1—2 гады

Кнігі з адной кароткай гісторыяй і вялікай колькасцю ілюстрацый:

«Лясная трывога»

«Бык і ваўкі»

Вершы+казкі:

«Чытанка для маленькіх»

«Чытанка 2»

Для гуляння-напявання:

«А па сенцах ходзіць Бай»

«Дзе ты, Купала, начавала»

Энцыклапедыя:

«Чую, бачу, гавару»

Вершыкі:

«Леў смяецца»

«Звяры ў трамваі»

2—3 гады

Беларускія народныя казкі

«Казкі вандроўніка»

«Птушыная азбука»

«Летняя азбука»

Серыя кніг пра Пэтсана і Фіндуса

Серыя кніг пра Маму Му

«Калядная каша»

«Дзве авечкі»

«Сумны суп»

«Казкі старога Адамкова»

Вершы:

«Сябрына»

«Нататкі таткі»

«Венерын чаравічак»

«Залаты ппеўнік»

«Падарунак ад Дзеда Мороза»

3—7 гадоў

«Азбука Вясёлы вулей»

«У бары жывуць сябры»

Кнігі пра Мумі-троляў

«Прыгоды Чыпаліны»

«Пітэр Пэн»

«Маленькі прынц»

«Скрозь люстэрка, і што там убачыла Аліса»

«Пі-пі Даўгая Панчоха»

«Малы і Карлсан»

«Віта Белая Крэска»

«Лагодны цмок»

«Снежны чалавек у Менску»

«Сем ружаў»

«Кот Шпрот і таямніца атракцыёнаў»

Наталля Тур, фота аўтаркі

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРОЕКТ2 материала Шура-бура