Сённяшняя гераіня нашай традыцыйнай рубрыкі «Пяць рэчаў» тату-майстрыха Марына Грэчкіна сваім мастацтвам дапамагае ахвярам хатняга гвалту або тым, хто перажыў няпростую жыццёвую сітуацыю, забыцца пра боль, які яны калісьці перажылі.
«Я неяк задумалася пра тое, які сэнс я ўкладваю ў сваю працу, для чаго кожны дзень прыходжу ў салон, чаму мае кліенты давяраюць мне сваё цела, якое я маю права рабіць нешта з гэтым целам назаўжды? І я зразумела: сэнс майго жыцця — зрабіць жыццё чалавека больш прыгожым і, калі атрымаецца, то і лягчэйшым».
Да Марыны звяртаюцца людзі, якія перажылі трагедыю, або нейкую складаную жыццёвую сітуацыю, ад якой на целе засталіся шнары.
«Я не буду расказваць, што гэта за гісторыі, бо сеанс у тату-майстра можна параўнаць з сеансам у псіхатэрапеўта. Чалавек адкрывае душу, дзеліцца самым патаемным, распавядае, ад чаго і пры якіх абставінах у яго на целе з’явіўся той ці іншы шнар».
«Ёсць гэтая балючая гісторыя і ёсць гэты шнар, які чалавек бачыць кожны дзень, які нагадвае яму пра тое, што з ім адбылося. Я ж закрываю гэты шнар прыгожым малюнкам з сэнсам. Чалавек больш не бачыць шнар, ён бачыць прыгожы малюнак і менш думае аб тым, што было з ім да гэтага тату. Я называю гэта так: пераступіць праз эмацыйны боль праз фізічны, каб у рэшце рэшт атрымалася нешта прыгожае».
Першая рэч у спісе Марыны — тату-машынка.
«Малюю я ўсё жыццё. Але карціну можна сапрасаваць, заліць, спаліць. Яна можа выгараць, выцвітаць, а тату — гэта назаўжды. Кожны раз, калі я бяру ў руку тату-машынку, я вельмі хвалююся. Я думаю: «Чорт, а гэта ж мая праца назаўсёды!»
Першыя свае тату Марына вучылася рабіць на апельсінах.
«У мяне быў настаўнік, я прыходзіла да яго, брала машынку і спрабавала нешта маляваць. Не адразу ж псаваць чалавека! А неяк зайшла са сваім хлопцам. І настаўнік кажа: «Хлопец, ты выбірай, тату, а Марына бяры ў руку машынку і працуй».
Так атрымалася першая тату — сабачка з адбіткамі лапак.
«Тату атрымалася не самым горшым, бо хлопец тую тату не перакрывае, носіць і сёння».
Тату-машынкі, распавядае Марына, можна параўнаць з музычным інструментам.
«Як, напрыклад, гітара. Іх безліч, але кожны творца выбірае тую, што яму бліжэй. Мне гэтая машынка даспадобы таму, што яна нагадвае аловак, вельмі зручна кладзецца ў руку».
Машынка Марыны — беларускай вытворчасці, каштуе 350 долараў.
«Далей, чым на метр, я свой айпад ад сябе не адпускаю. Для мяне не будзе трагедыяй, калі я згублю тэлефон, бо ўсе кантакты сінхранізаваныя тут. А вось што я буду рабіць, калі нешта здарыцца з айпадам, я не ўяўляю. Ён са мной паўсюль. Тут праграмы, у якіх я малюю».
Марына паказвае аловак, якім малюе на экране.
«Ён таксама частка майго айпада. Бо што я буду без яго рабіць, мульцікі глядзець?»
Марына кажа, што айпад часцей за ўсё ёй і патрэбен, каб нешта дарабляць у эскізах сваіх прац.
«Да тату я стаўлюся вельмі сур’ёзна. Таму, перад тым, як прызначыць кліенту сеанс, мы падоўгу з ім сустракаемся, абмяркоўваем, я ўважліва стаўлюся да просьбаў чалавека зрабіць тут больш прасторы, а тут зрабіць больш шчыльна. Гэта вельмі важна. Вы ж не пойдзеце на сняданак з чалавекам, які вам чужы або непрыемны? І тату-майстра трэба выбіраць сабе так».
Цяпер у працоўных папках Марыны безліч эскізаў з выявамі кветак.
«На жывыя кветкі ў мяне алергія, таму я раблю іх на скуры».
«Калі табе спаўняецца 25 гадоў, ты пачынаеш разумець, што мы не маладзеем. І таму трэба больш старанна ахоўваць скуру вакол вачэй. Таму, як толькі выглядвае яркае сонца, я хаваю свае вочы за чорным шклом».
Акуляры, што на Марыне, яна купіла за 4 еўра падчас падарожжа ў Германію.
Але не толькі ад надакучлівага сонца Марына хавае вочы, але і ад бестактоўных людзей.
«Не было яшчэ ні аднаго дня, каб на мяне ў метро ці ў аўтобусе не тарашчыліся людзі. Абавязкова нехта зробіць заўвагу».
«Аааааааааааа, таму я ў акулярах, гэта мая сценка ад тых, хто хоча дакалупацца».
А яшчэ Марына вельмі сентыментальная.
«Я люблю параўсці. Мяне можа расчуліць і засмуціць многае. Нават няўдалы эскіз. Магу расплакацца праз гэта. Ці нейкае неасцярожнае слова сяброў у мой адрас. А так, хоба, акуляры надзела, і мяне не бачна. А з мімікай як-небудзь спраўлюся».
«Калі я нарвуюся і перажываю, я заўсёды кручу ў руках пярсцёнак, які прывезла з аднаго падарожжа».
Год таму Марына паехала ў Германію ў госці да сяброўкі. Быў пачатак кастрычніка. Дзень, калі святкуецца свята Адзінства Германіі.
«У гэты дзень не працуе нічога. Толькі запраўкі і рэстараны. І мне сяброўка прапанавала паехаць пракаціцца. Я ўзяла з сабой сумку, у якой было толькі 50 еўра, нават пашпарт не брала».
Па дарозе Марына стала заўважаць, што білборды на нямецкай мове больш не трапляюцца па дарозе.
«Мы прыехалі ў Францыю. Там жа не выхадны. Пагулялі па вуліцах, зайшлі ў кавярню, замовілі кавы з круасанамі. Пасля зайшлі ў антыкварную краму. І на вітрыне я ўбачыла яго… Пярсцёнак з кветачкай».
У Марыны пасля кавы і круасанаў засталося ў кішэні 25 еўра. Роўна столькі каштаваў срэбраны пярсцёнак.
«Ён чакаў мяне. Таму цяпер, калі мне сумна ці нешта не атрымоўваецца, я дакранаюся да яго і ўспамінаю той незапланаваны, але такі цудоўны дзень. І думаю пра тое, што і сёння можа здарыцца нешта вельмі добрае і нечаканае».
Яшчэ адна рэч звязаная з падарожжамі заўсёды ляжыць у кашальку Марыны. Гэта звычайная манетка ў 2 еўра.
«Я часта падарожнічаю адна. Бывае, што здараецца ў гэтых падарожжах рознае. Магу і заблукаць, і на аўтобус спазніцца».
Вось для такіх выпадкаў Марына і трымае ў кашальку дзяжурныя 2 еўра.
«Хай гэта будзе самая танная кава з самага дзярмовага апарата, але я ведаю, што я магу сесці, выпіць кавы і падумаць, што рабіць далей».
Наталля Тур, фота Волі Афіцэравай