Праект газеты
Рост Фільм беларускай рэжысёркі атрымаў галоўны прыз на амерыканскім кінафестывалі4

Беларускі фільм Ларысы Саенкі «Dublin, Belarus half-life» («Дублін, пэрыяд паўраспаду») атрымаў галоўны прыз за найлепшы замежны дакумэнтальны фільм на кінафэстывалі ў Наеку (ЗША). Фільм расказвае пра жыцьцё беларускай вёскі Дублін Брагінскага раёну ў Чарнобыльскай зоне, піша Радыё Свабода.

— Героі фільма разважаюць пра тое, чаму не квітнее іх шматпакутны край, які патрапіў пад гістарычныя закалоты — вайну, калгасную калектывізацыю, мэліярацыю і радыёактыўнае забруджаньне ў 1986 годзе, наступствы якога яшчэ і ацаніць, напэўна, нельга, — расказвае рэжысэр фільма Ларыса Саенка.

«Прадаць бы гэтую зямлю японцам, яны б тут парадак навялі, ды і нас бы пахавалі», — мяркуе адзін з герояў фільма. «Хто вінаваты?» — на гэта ў іх няма адказу. Прынамсі, не было ў 2000-х, калі здымаўся гэты фільм.

— Выдатны амэрыканскі перакладчык з расейскай Андрэй Гаркуша ня мог зразумець гаворкі маіх герояў, а мне было прыемна — усё ж такі унікальная беларуская мова.

Фільм трое беларускіх журналістаў — Ларыса Саенка, Галіна Аржылоўская, Натальля Цімафеева — і апэратар Уладзімір Бабарыка зьнялі за свае сродкі:

— Фільм быў свайго роду спантанным экспэрымэнтам, паколькі мы не шукалі заказьнікаў і спонсараў, нас было чацьвёра чалавек, кожны зь іх сказаў, што стаміўся ад рутыны і хацеў бы страсянуцца. Вось мы і страсянуліся. То бок увесь працэс быў свайго роду нашай творчай забавай.

Дваіх з той каманды — Натальлі Цімафеевай і Ўладзіміра Бабарыкі — ужо няма ў жывых.

Калі здымалі «Дублін», Ларыса Саенка працавала карэспандэнтам Reuters у Беларусі, а сёлета, калі прыехала ў Беларусь, вырашыла вярнуцца да старых матэрыялаў:

— Неяк усё мінулае накаціла, і я ўзялася дарабіць старыя нарыхтоўкі і паставіла ангельскія субтытры. І адправіла на фэст проста ўпрытык, пад заслону. Ніхто мой «Дублін» на фэстываль не вылучаў, я зрабіла ўсё сама — мне падабаецца гэты час адзіночак, калі любая творчая асоба можа стварыць малабюджэтны фільм і нават паказаць, і нават атрымаць залатую статуэтку

Неўзабаве фільм будзе выкладзены ў Youtube. Ларыса вядзе перамовы з амэрыканскім каналам пра паказ, а таксама спадзяецца некалі прывезьці яго ў беларускі Дублін.

Пасьля Беларусі ў Ларысы Саенкі была праца ў Маскве, у Індыі, у Нью-Ёрку, у ААН — карэспандэнтам ад старога, расфармаванага агенцтва «РИА Новости» (ня блытаць зь сёньняшнімі! — падкрэсьлівае Ларыса). Цяпер яна працуе ў асноўным у Нью-Ёрку над вялікімі праектамі — сцэнарамі мастацкіх фільмаў і кнігамі. Наступнае кіно думае зьняць на смартфоне.

Каментары
Гісторык / Адказаць 08.09.2018 / 10:18

Віншаваньні!

0
Leona / Адказаць 08.09.2018 / 10:34

Які быў доўгі шлях да перамогі! Шчыра віншуем! Чакаем магчымасці прагляду фільма на Youtube.

0
Мікалай Тоўсьцік / Адказаць 08.09.2018 / 12:41

Ёсьць на сьвеце справядлівасьць! Мая ўніверсітэцкая сяброўка Натальля Цімафеева памерла ў 2006 годзе. Разумны й сьветлы быў чалавек! Яна не ўяўляла свайго жыцьця бяз працы ў кіно, на тэлебачаньні. Уганараваны фільм, над якім яна працавала, -- гэта найлепшы помнік ёй.

0
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура