Праект партала
Тонус
07.09.2018 / 09:46
Доктар Салошкін: Усё аб прышчэпках і зменах у беларускім календары вакцынацыі12

Дзіцячы доктар Зміцер Салошкін.

Ёсць хваробы, якія «праходзяць самі», бо іх перамагае наш арганізм. Ёсць тыя, якія можна адолець з дапамогай лекаў. Ёсць хваробы пакуль невылечныя. А ёсць тыя, ад якіх можна засцерагчыся, дзякуючы прышчэпкам. Вакцынацыя — адно з найгалоўных вынаходніцтваў чалавецтва і абавязковая пазнака развітой краіны.

Прышчэпачныя календары розных краін маюць невялікія адрозненні, але асноўны набор хвароб, супраць якіх праводзіцца вакцынацыя, аднолькавы.

У Беларусі з 2018 года дзейнічае новы каляндар вакцынапрафілактыкі. Асноўныя змены: пачатак вакцынацыі супраць дыфтэрыі, слупняку, коклюшу, поліяміэліту і гемафільнай інфекцыі «памаладзеў» на месяц.

Раней вакцынацыя пачыналася ў 3 месяцы. Вакцынацыя ад гепатыту В пераведзена з 3-разовай на 4-разовую схему. З аднаго боку, гэтая схема для больш небяспечных па гепатыце сітуацый, але на практыцы можа быць нават больш зручнай для дзіцяці. Скароціцца і колькасць паходаў у паліклініку, і колькасць уколаў (калі прымяняць камбінаваныя вакцыны).

Фота: popmech.ru.

Вакцыны розных вытворцаў: у чым адрозненні

Вытворцаў вакцын у свеце не вельмі шмат. Асноўныя сусветныя пастаўшчыкі — гэта французская Sanofi Pasteur MSD (Аваксім, Імавакс Полія, Тэтра-, Пента- і Гексаксім ды інш), бельгійская GlaxoSmithKline Biologicals (Інфанрікс, Інфанрікс Гекса, Хіберікс, Пріорікс…), амерыканская Pfizer (Превінар 13) Невялікі па сусветных мерках, але буйны пастаўшчык на беларускі рынак — расейская «НВА «Мікраген» (БЦЖ, АКДС, Агальвак М, Энцевір). Шмат гадоў кампанія LG Chemical LTD пастаўляе асноўную для радзільняў вакцыну супраць гепатыту В — Эўвакс.

Нягледзячы на розных вытворцаў, вакцыны супраць адной хваробы цалкам узаемазамяняльныя. Распачаўшы вакцынацыю адным прэпаратам, пры неабходнасці працягнуць можна іншым.

Асноўнае адрозненне расійскай вакцыны АКДС у тым, што яна ўтрымлівае забітыя, але цэлыя клеткі мікроба (як, дарэчы, і сумнавядомая Эўпента), які выклікае коклюш. Заходнія аналагі ўтрымліваюць толькі анатаксін, без саміх мікраарганізмаў. Дзякуючы гэтаму, яны ў меншай ступені выклікаюць поствакцынальныя рэакцыі.

Яшчэ адно адрозненне — колькасьць кампанентаў, якія ўваходзяць у адну дозу вакцыны. Аднаго і таго ж эфекту можна дасягнуць зрабіўшы 4 або 1 укол.

Напрыклад, у 2 месяцы трэба вакцынавацца супраць гепатыту В Эўваксам; коклюш, слупняк, дыфтэрыя вакцынуецца АКДС, поліяміэліт — Імаваксам Полія, а гемафільная інфекцыя — Хіберыксам. А можна ад усіх шасці інфекцый засцерагчыся Гексасімам або Інфанрыксам Гекса.

Вядома, што больш масава для бясплатнай імунізацыі закупляюцца самыя простыя вакцыны. Але хачу нагадаць, што ўся вакцынацыя праводзіцца толькі са згоды і пасля інфармавання бацькоў або законных прадстаўнікоў дзіцяці і ніхто не забароніць вам за ўласны кошт зрабіць прышчэпку іншай вакцынай.

Якія бываюць ускладненні пасля вакцынацыі і як дзейнічаць пры іх

Дзякуючы вакцынацыі ваша дзіця не захварэе на шэраг небяспечных і невылечных хвароб. Вакцынацыя мусіць даваць бацькам адчуванне палёгкі і абароненасці, а не трывогі.

Поствакцынальныя рэакцыі магчымыя, але рэдкія. Найчасцей гэта адбываецца пасля такіх вакцын, як АКДС (да 30% выпадкаў). Менш характэрна для Тэтра- або Гексаксіму, Інфанрыксу (да 10%) або Эўваксу (1—6%). Як ні круці, у арганізм трапляюць мікробныя клеткі (хоць і не жывыя), або іх анатаксіны. Асобнае рэчыва, на якое можа быць рэакцыя — гідраокіс алюмінію. Гэта так званы дэпануючы агент, які ўзмацняе імунную рэакцыю арганізма і дазваляе знізіць неабходную для выпрацоўкі імунітэту колькасьць мікробаў у вакцыне.

Рэакцыі падзяляюцца на мясцовыя (балючасць, пачырваненне, прыпухласць месца ўкола) або агульныя (млявасць, тэмпература, пагаршэнне сну, самадчування ды інш.). Праяўляюцца яны на працягу 72 гадзін пасля прышчэпкі і цягнуцца не больш за 48. Звычайна для таго, каб усё гэта перажыць, хапае сімптаматычнай тэрапіі: шмат пітва, жарапаніжальныя лекі і, галоўнае, ніякіх кампрэсаў на месца ін’екцыі!

Каб маральна было лягчэй перажыць дзень-два тэмпературы, уявіце, што гэта замест трох месяцаў штодзённага і штоночнага кашлю, які нічым нельга спыніць. Які знясільвае, даводзіць да ванітаў, не дае дзіцяці спаць, есці і нават гуляцца. І гэта апісаная яшчэ не самая горшая з хвароб!

Яшчэ радзей сустракаюцца поствакцынальныя ўскладненні. У сярэднім: 1 на 300 000. Частата поствакцынальных ускладненняў у сотні і тысячы разоў меншая за частату ўскладненняў падчас самой хваробы. Для прыкладу: рызыка развіцця млявага паралюшу пасля вакцынацыі поліяміэлітнай вакцынай меншая 1 на 160 000. Рызыка ж летальнага выніку пры захворванні на поліяміэліт — 5—10%.

У Беларусі прышчэпкі робяцца ад наступных хвароб

  • віруснага гепатыту В (у першыя 12 гадзін жыцця, а таксама дзецям ва ўзросце 2, 3, 4-х месяцаў);
  • туберкулёзу (на 3—5-ы дзень жыцця);
  • пнеўмакокавай інфекцыі (дзецям ва ўзросце 2, 4 і 12-ці месяцаў пры імунадэфіцытных станах, рэцыдывуючым вострым гнойным атыце, пнеўманіях, цукровым дыябеце);
  • дыфтэрыі, слупняку, коклюшу, гемафільнай інфекцыі (дзецям ва ўзросце 2, 3, 4-х месяцаў);
  • дыфтэрыі, слупняку, коклюшу — рэвакцынацыя ў 18 месяцаў;
  • гемафільнай інфекцыі (дзецям да 5 гадоў пры наяўнасці пэўных умоў);
  • поліяміэліту (дзецям ва ўзросце 2, 3, 4-х месяцаў і 7 гадоў);
  • адру, эпідэмічнага паратыту, краснухі (дзецям ва ўзросце 12 месяцаў і 6 гадоў);
  • дыфтэрыі і слупняку (ва ўзросце 6, 16, 26 гадоў і кожныя наступныя 10 гадоў да ўзросту 66 гадоў);
  • грыпу (дзецям ва ўзросце ад 6 месяцаў да 3 гадоў, дзецям, старэйшым за 3 гады, і дарослым з хранічнымі захворваннямі; дарослым, якія старэйшыя за 65 гадоў, цяжарным, медработнікам, фармацэўтам і некаторым іншым катэгорыям асоб).

Акрамя планавых прафілактычных прышчэпак, праводзіцца імунізацыя па эпідэмічных паказаннях супраць 18-ці інфекцый: шаленства, бруцэлёз, ветраная воспа, вірусны гепатыт А, вірусны гепатыт В, дыфтэрыя, жоўтая ліхаманка, клешчавы энцэфаліт, коклюш, адзёр, краснуха, лептаспіроз, поліяміэліт, сібірская язва, слупняк, тулярэмія, чума, эпідэмічны паратыт.

Напрыканцы хачу звярнуцца да бацькоў, якія вагаюцца пасля гучных і трагічных выпадкаў, звязаных з вакцынацыяй ў Беларусі. Не адмаўляйцеся ад вакцынацыі. Няма аніводнай хваробы, на якую лепей было б перахварэць, чым прышчапіцца.

Nina.nn.by

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура