Праект партала
Гісторыі
23.08.2018 / 11:30
Хто вырашыў, што птушка без крыла не павінна жыць? Як сямейная пара з-пад Асіповічаў ратуе буслоў, лебедзяў ды соў7

«Вы б бачылі, што тут адбываецца ўвечары! — распавядаюць гаспадары прытулку для птушак Жанна і Аляксандр Сталяровы. — Буслы грукаюць дзюбамі, страусы рыкаюць, як ільвы, вароны дражняць сабак, совы вухаюць».

Сапраўдны райскі сад, каб не адно але… Гэтыя птушкі трапілі сюды не па сваёй волі, а ў асноўным праз жорсткасць чалавека. І зляцець яны адсюль не могуць, бо ў кагосьці няма крыла, у кагосьці лапы, а хтосьці яшчэ пакуль не ўмее лётаць наогул.

Прытулак для птушак, або, калі правільна яго назваць, — прыватная ўстанова «Ахова прыроды», месціцца ў вёсцы Маісеевічы, што ў Асіповіцкім раёне, ужо чатыры гады.

Сёння ў прытулку знаходзяцца абяздоленыя лебедзі, буслы, пугачы, вароны, сарокі, ластаўкі. Жанна і Аляксандр не адмаўляюць у дапамозе нікому. Прымаюць і лечаць птушак амаль з усёй Беларусі.

Хлеб для птушкі — павольная і пакутніцкая смерць

«Але так крыўдна, калі прыязджаеш дадому, а пад варотамі стаіць скрыня, у якой літаральна памірае птушка, — распавядае Аляксандр. — Людзі ж не ўяўляюць, як даглядаць птушку, нагуляюцца, а калі ратаваць амаль не засталося каго, прывозяць да нас».

«Неяк да нас трапіла чомга, птушка з Чырвонай кнігі, якую людзі накармілі хлебам. А хлеб — гэта смерць для птушак», — кажа Жанна.

«Ад хлеба ў птушак пачынаецца закісанне ў страўніку, у іх ўсё бурліць унутры. Так і было з той чомгай, якая памірала амаль тыдзень. Птушка загінула ад таго, што ў яе разарваўся кішэчнік. Так адбываецца і з качкамі, і з лебедзямі, якіх «добрыя» людзі падкормліваюць у парках».

Сава, якая звалілася ў бітум, і бусел, якога расстрэльвалі ў гняздзе

Такіх сумных гісторыі ў сям’і Сталяровых хоць адбаўляй. Ёсць у прытулку лебедзь, якому няправільна зрасцілі крыло. Крыло зажыло, а вось лятаць птушка больш не будзе.

«Лебедзя да нас прывезлі зусім аслаблага, яшчэ зімой. Птушка знясілела і сама выйшла да людзей. Доўга лячылі крыло, у лебедзя былі адмарожаныя лапы. Крыло гніло і не зажывала, бо яно было раздробленае ўшчэнт. Тады прынялі рашэнне ампутаваць яго. Аперацыю рабілі проста тут, у двары, крыві было…»

Аляксандр расказвае, што яму самому не раз даводзілася бачыць праявы людской жорсткасці.

«Тут у нас на возеры жыла сям’я чорных лебедзяў, а нехта ў адну ноч забіў іх усіх. Бачыў, як зімой на лёдзе ад лебедзя засталіся адныя толькі лапы, якія ўмерзлі ў лёд».

Кульгае па двары і бусел, які вываліўся з гнязда. Яму давялося адняць нагу.

Шмат пакутнікаў, якія пацярпелі ад чалавечай жорсткасці. У вальеры, дзе жывуць вароны, перадусім ахвяры пнеўматычнай зброі.

Не так даўно з Валожынскага раёна прывезлі маладога бусла, якога хтосьці расстрэльваў з пнеўматыкі проста ў гняздзе. Птушка, на шчасце, выжыла, а вось ці будзе яна лятаць, пакуль невядома.

Ёсць у прытулку і рэдкія птушкі. Напрыклад, чорны бусел або лунь. У чорнага бусла няма крыла. Імаверна, яго збіў цягнік. У луня таксама крыла няма. І што з ім адбылося, невядома. 

Лыпае вачыма сава, якая палявала на мыш пры дарозе і трапіла ў гарачы бітум. Птушку выратавалі, але новае пер’е адрастала вельмі доўга.

«Дык што, цяпер гэтым птушкам не жыць? — пытаецца Аляксандр. — Аднойчы нам у прытулак чалавек прывёз параненую варону, убачыў, што наш бусел кульгае, у яго няма нагі і кажа: «Давайце я сякеру прынясу, па шыі цюкнем — і ўсё. Чаго птушцы мучацца?» Мяне ад такіх размоў аж злосць бярэ. Хіба так можна? Ты прывёз ратаваць варону і тут жа раіш забіць бусла? Наогул, каму гэта вырашаць, што птушка без крыла павінна загінуць?»

Ад першага грака да дзвюх сотняў выратаваных птушак і птушанят

А пачыналася ўся справа з абвесткі мясцовай суполкі ў сацыяльнай сетцы.

«Я прачытала пра тое, што хтосьці аддаваў аднакрылага грака, — расказвае Жанна. — Узялі адну птушку. Мы тады якраз куплялі гэты дом, пабудавалі граку вальер, але яму аднаму было сумна. Тады па аб’явах узялі яшчэ адну птушку. Так і пайшло. Пасля самі валанцёры нас шукалі, перадавалі нам птушак. Але ніводнай здаровай сярод іх не было. Усе траўмаваныя, усе пакалечаныя».

Жанна, распавядаючы пра гэта, не мае на ўвазе маленькіх птушанятак. Тыя траплялі да Жанны і Аляксандра здаровымі. Падрасталі і хутка зляталі.

«Вельмі часта нам прыносяць злёткаў. Ізноў жа, людзі не разумеюць, што ёсць птушаняты, якія вывальваюцца з гнёздаў, а ёсць злёткі, якія вучацца лётаць. Чалавек бачыць такую птушку і цягне яе дадому, а што з ёй рабіць, не ведае, прыносіць нам».

За чатыры гады працы птытулку Жанна і Аляксандр выгадавалі, вылечылі і адпусцілі на волю каля 200 птушак.

«Пасля 200, па шчырасці, мы перасталі іх лічыць. Ёсць у планах завесці картатэку на нашым сайце, а на кольцах птушак, якіх акальцавалі, пачалі выбіваць метрычныя каардынаты нашай арганізацыі. Робіцца гэта для таго, каб, калі птушка патрапіць у бяду, па каардынатах можна будзе вярнуць яе назад».

Сайт «Дапамога дзікім птушкам» — гэта найперш анлайн-кансультацыя

Ужо год, як Аляксандр і Жанна запусцілі свой сайт. Там выкладваюць гісторыі птушак, а таксама кансультуюць тых, хто знайшоў птушку і не ведае, што з ёй рабіць.

«О, колькі такіх званкоў штодзённа! Канечне, імкнёмся дапамагчы. Ну не ведаюць людзі, куды званіць, калі птушка трапіла ў бяду! Таму мы нашых тэлефонаў не хаваем. Але здараюцца і такія званкі: «А можна зрабіць фотасесію з вашым пугачом?» Такім людзям адмаўляем. Для птушкі любы кантакт з чалавекам — гэта стрэс. Нашы птушкі, напрыклад, бачаць нас толькі тады, калі мы прыносім ім ежу».

Пракусаныя рукі і падрапаныя твары — гэта нармальна

Ні заалагічнай, ні медыцынскай адукацыі ў Сталяровых няма.

Жанна — эканаміст, Аляксандр зараз ездзіць на адукацыйныя семінары па арніталогіі, так што пасведчанне арнітолага хутка атрымае. 

У пары падрастае чатырохгадовы сын Ратмір.

«О, ён у нас першы памочнік».

Ратмір адзіны, хто можа з рук карміць птушанят.

«Птушаняты вялікіх рук баяцца, а Ратмір корміць іх сваімі ручкамі, але да вялікіх птушак сыну падыходзіць нельга. Што вы! Лебедзь адным ударам можа зламаць руку. Хаця Ратмір у свае чатыры гады разумее, што калі праходзіш праз вальер з бусламі, якія не ўмеюць лётаць, то трэба ісці каля самай агароджы, каб даць магчымасць птушцы размінуцца з табой».

«Усё прыходзіць з досведам. Калі паглядзіш на дзясяткі аперацый, калі выратуеш або не зможаш выратаваць птушку, тады разумееш, як трэба сябе паводзіць з імі», — расказвае Аляксандр і пацірае палец, які толькі што разадраў пугач.

«Я неяк даставаў птушку з клеткі пакарміць яе, а ён, пугач, учапіўся мне лапай у руку і прабіў яе наскрозь. Я толькі паўгадзіны спрабаваў стрэсці яго з рукі».

Траўмы, кажуць Сталяровы, здараюцца.

«Гэта нармальна, калі птушка цябе баіцца або нападае на цябе. На тое яна і птушка. Не можа здаровая птушка есці з рук або фатаграфавацца ўвесь дзень, як можна заўважыць гэта ў парках ці якіх-небудзь фестывалях. Для птушкі — гэта стрэс. І яна або хворая, або яе пракалолі транквілізатарамі. Здаровая птушка будзе абараняцца».

Буслы, напрыклад, так і цэляць дзюбай трапіць у вока, пугачы драпаюцца і дзюбамі, і лапамі.

Тут птушкам так хораша, што яны не спяшаюцца злятаць

Лебедзь, якога прывезлі з абрэзанымі пёрамі, паправіўся. Пер'е адрасло, а вось злятаць птушка не спяшаецца. Бо ў яго тут з’явіліся дзве сяброўкі: адна без крыла, другая без лапкі. Яны зляцець не могуць, а іх ахоўнік не хоча.

Таксама і буслы. Ходзяць удваіх па агародзе. Яна — з перабітым крылом, ён — ужо здаровы, але злятаць не хоча.

«Нашы гадаванцы, — кажа Жанна, — з намі развітвацца не спяшаюцца. Зімой вяртаюцца вылечаныя і вароны, і сарокі. А бачылі б вы вераб’ёў! Іх тут сотні. Калі вынесеш зерне і не паспееш прыгнуцца, саб’юць з ног».

«Не ведаем, што будзем рабіць, калі надыдуць халады, — уздыхае Аляксандр. — Гэта ж трэба ўсіх нашых птушак сяліць у доміку, дзе ёсць ацяпленне. Каб птушкі перажылі зіму, ім неабходная тэмпература +10».

Утрымліваць прытулак, распавядаюць гаспадары, справа не танная.

«Не хочацца нават думаць пра тое, дзе дастаць грошы на ацяпленне.

Толькі на адных мышэй для нашых драпежнікаў у месяц мы трацім 2000 рублёў, — расказвае Жанна, — нас, бывае, пытаюцца неабыякавыя людзі, чым нам дапамагчы.

Мы адказваем: хаця б мышамі. А то, бывае, прывозяць птушку, абяцаюць, што будуць прывозіць корм, а потым знікаюць. І адным галодным ротам у нас становіцца больш».

«А я са зваркай працаваць не ўмею, — кажа Аляксандр, — і быў бы рады, каб хтосьці прыехаў і дапамог зварыць чарговы вальер, бо месца ў нашым птушыным інтэрнаце, ох, як не хапае».

Дапамагчы прытулку можна наступным чынам:

- Для фіз. і юр. асоб: рахунак BY48BAPB30153017400160000000 ў РКЦ №13 у г.Асіповічы філіяла ААТ «Белаграпрамбанк» Магілёўскае абласное ўпраўленне БІК BAPBBY27458;

- Інфармацыя для аплаты ў сістэме АРІП: Грамадскія Аб'яднанне / Абарона прыроды / Узносы на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы / Прыватнае прыродаахоўная ўстанова «Ахова прыроды»;

- Перавод на кашалёк Яндэкс. Грошы: нумар 410014636078658;

Або проста ўзяць з сабой мышэй ці дробную рачную рыбку і прыехаць паваланцёрыць на вуліцу Рачную, 29 у вёску Маісеевічы, што знаходзіцца ў Асіповіцкім раёне.

Наталля Тур, фота аўтара 

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура