Праект партала
Густ
19.08.2018 / 11:32
Дызайнерка Вольга Бігель (Гарапучык): «У дзяцінстве ў мяне кідаліся бульбай і пісалі непрыстойнасці на сцяне дома культуры»10

Сённяшняя гераіня нашай традыцыйнай рубрыкі «Пяць рэчаў» —Вольга Бігель — стваральніца брэнда адзення «WearBigel» не любіць, калі яе называюць дызайнеркай.

«Я ўвесь час задаю сабе пытанне: «Хто такая Вольга Бігель»? Дызайнер — гэта той, хто вынаходзіць і стварае нешта новае: формы, крой, спалучэнне тканін ці дэкору, мы ж з маёй паплечніцай Евай Селіванавай бяром і імкнёмся нейкія базавыя рэчы прапрацаваць да ідэалу. Узяць, напрыклад, штаны: мы год працуем над тым, каб яны сядзелі на фігуры ідэальна, прапрацоўваем пасадку, змяняем лякала па міліметрах. Але, я паўтаруся, мы не вынаходзім кола. Таму на гэты момант я называю нашу справу праектам, не дызайнам».

Жыццё Вольгі падзеленае на дзве часткі: да абеду яна працуе журналістам на сайце marketing.by, пасля абеду яе час займае ўласны брэнд і свая крама адзення. Час на асабістае жыццё — пасля дзевяці вечара.

У дзевяць вечара Вольга з мужам традыцыйна выгульваюць сваіх трох лабрадораў:

«У нас тры лабрадоры, якія трапілі да нас з «Каманды дапамогі лабрадорам». Як мы жартуем з мужам, узялі сабе трох самых кволых. Сабакам 15 год, 13 год і 6 год. Самы старэйшы Х’юга, потым Прайм, які важыць ледзьве не 50 кілаграмаў, за гэта і атрымаў мянушку, і самая маладая — Міна. І мы проста не вылазім з ветэрынарных клінік: лечым, аперыруем іх, мажам мазямі рознымі. Не адно, дык іншае. Але гэта наш свядомы выбар. Калі я маю магчымасць і сілы дапамагчы ім, я гэта буду рабіць. Спачатку мы бралі гэтых сабак на ператрымку, а пасля вырашылі, што лепш за нас наўрад ці хто будзе іх даглядаць». 

Перад сном, які звычайна здараецца прыкладна ў дзве гадзіны ночы, Вольга чытае кнігі. З кнігі і пачала знаёмства са сваімі ўлюбёнымі рэчамі.

«Да кніг не стаўлюся як да артэфакта. З імі я працую, таму чытаю з алоўкам»

«Брэнд WearBigel у чымсьці сімвалічна, але пачынаўся з кнігі, якую я прынесла з сабой: «Палітычная гісторыя штаноў». Менавіта яе я чытала ў той час, калі адбываліся асноўныя ваганні перад першымі крокамі гэтага брэнда. Наогул, уся серыя «Бібліятэка часопіса «Тэорыя моды» пра моду і адзенне, але з пункту гледжання культуры, гісторыі, мастацтва і сімвалізму.

Я заўсёды кажу, што наша адзенне — гэта не проста знешнасць. Гэта сімвалы, праз якія чалавек стасуецца з іншымі людзьмі і праз якія адлюстроўвае свой погляд на свет. Адзенню, калі так можна сказаць, не вельмі пашчасціла быць аб’ектам даследавання так, як, напрыклад, мастацтву, таму для мяне вельмі важна тое, што ўдаецца знайсці і адкрыць для сябе.

Пры гэтым я не стаўлюся да кнігі як да артэфакта, які трэба берагчы. Асноўная функцыя кнігі — даваць веды, вучыць. Таму калі я хачу, каб важная інфармацыя засталася ў мяне ў галаве, я спакойна бяру ў рукі аловак ці нават асадку і падкрэсліваю ў кнізе тыя моманты, якія падаюцца мне важнымі. Я імкнуся вылучаць час на чытанне і адукацыю кожны дзень. Не істотна, гэта будзе 100 старонак ці 5. Я ўзяла за правіла, што нават калі ў мяне зусім няма сілаў, то перад сном я прачытаю хоць некалькі старонак, хоць старонку. У якасці альтэрнатывы чытанню, напрыклад, у дарозе я слухаю аўдыякнігі ці гляджу лекцыі». 

50 адценняў памады пад любы настрой

Другая рэч, якую прынесла Вольга, памада.

«Для мяне абсалютна не важна, дарагая яна ці танная, замежная ці беларуская. Істотна толькі тое, гатовы вы яе несці ці не. Патлумачу, як гэта працуе. Калі я адчуваю сябе кепска ці няўпэўнена, я ніколі не буду фарбавацца чырвонай ці іншай яркай памадай. Бо я не буду адчуваць сябе з ёй адзіным цэлым і мы з ёй будзем уступаць у візуальны дысананс. Але агулам з памадай я адчуваю сябе абароненай. Гэта псіхалагічны момант самаабароны і выбудоўвання асабістых межаў. Колеры памады дапамагаюць кожны раз быць рознай асобай».

А вось калі Вользе дораць касметыку, яна не любіць.

«Касметыка — дастаткова асабістая рэч. Таму яе выбар я давяраю толькі сабе. У такіх пытаннях заўсёды лепш запытацца ў мяне, чым я карыстаюся ці што я мару прыдбаць. Але з той жа памадай для мяне галоўнае — адсутнасць блёстак ды моцнага перламутру. Усе астатняе магу вытрымаць».

Гадзіннік як частка вопраткі

У Вольгі Бігель тры гадзіннікі «Прамень»: з чорным, жоўтым і белым цыферблатам.

«Гадзіннікі я нашу амаль заўсёды, стаўлюся да іх як да часткі вопраткі. Калі я забываю іх надзець, адразу адчуваю сябе недастаткова цэльнай. Таму рэмені пад іх таксама абіраю ўніверсальных, спакойных колераў, каб пасавалі пад усё».

Гадзіннік, лічыць Вольга, нашмат зручнейшы ў карыстанні за мабільны тэлефон, калі трэба паглядзець час.

«Час — гэта самае каштоўнае, што ў нас ёсць. Таму наяўнасць гадзінніка на руцэ для мяне як своеасаблівая магчымасць гэты час адчуваць і кантраляваць. Хаця з часам у мяне адносіны не простыя. Я ці спазняюся на сустрэчы, ці прыходжу вельмі загадзя. А калі гуляю з сабакамі, то наогул магу забыцца пра час. Да таго ж жывёлам не пакамандуеш, каб яны гулялі хутчэй. Таксама завіснуць магу і ў сацыяльных сетках».

Таму чацвёртая рэч — мабільны тэлефон.

«Мабільны тэлефон я не выключаю ніколі»

«Я чалавек свайго часу, таму самая неабходная і важная рэч для мяне — тэлефон.

Уся мая праца тут. Дамовы пра інтэрв’ю, адказы кліентам, дамоўленасці пра фотасесіі і праекты. Я тэлефон амаль ніколі не выключаю. Магу нават па працы адказаць кліентам у 2 гадзіны ночы. Да таго ж тэлефон — гэта маленькі фотаапарат. Бо шмат фота мы робім для нашай старонкі ў інстаграме наўпрост на мой мабільны».

Вольга аднойчы нават паставіла дослед над сабой. Умова была — пратрымацца суткі без мабільнага тэлефона.

«Эксперымент я вытрымала, але заўважала па сабе, як расце трывожнасць. Я заўсёды вельмі імкнуся прыслухоўвацца да таго, што адбываецца ў маёй свядомасці, таму такі эксперымент быў вельмі карысным. Бясконцая плынь інфармацыі прывучае да таго, каб увесь час кантраляваць тое, што адбываецца вакол цябе, у свеце. І без гэтага ты як бы непаўнавартасны. Мы настолькі звыкліся да навакольнага інфармацыйнага шуму, што без яго спачатку ўзнікае дзіўнае адчуванне, нібыта ты губляеш нешта істотнае. Але на мой погляд, гэта вялікі зман».

Некаторыя СМІ Вольгу называюць іконай стылю. А шукала свой стыль Вольга з дзяцінства.

«Я ўвесь час эксперыментавала з вобразамі. У школьныя часы мы з сяброўкай былі ў моднай на той час плыні эма. Толькі калі эма выкарыстоўвалі ружовы і чорны колер як асноўныя, то я насіла чорны і блакітны. Гэта быў, канечне, трэш. Я гляджу на здымкі таго часу і задаю сабе пытанне, што было ў маёй галаве? Пры гэтым я разумею каштоўнасць таго, што мае бацькі не казалі нічога супраць і далі магчымасць перарасці гэты час. Я ім за гэта неверагодна ўдзячная. Мы насілі касеты на сабе, каляровыя гетры, нейкія начосы шалёныя».

У Белазерску, дзе расла Вольга, так апраналіся толькі яны з сяброўкай удвух.

«Канечне, на нас звярталі ўвагу. Нашы равеснікі кідаліся ў нас каменнем, бульбай з дахаў, на сцяне нашага дома культуры напісалі пра нас непрыстойныя словы. Мы даводзілі да шаленства ўсіх, але свой погляд адстаялі. Гэты досвед навучыў таму, як істотна абараняць свае погляды і як вонкавае адрозненне можа выклікаць у іншых людзей агрэсію да цябе. Гэта актуальна і для моды, і да палітычных поглядаў. Калі ты іншы, то, хутчэй за ўсё, ты вораг».

Цяпер Вольга не робіць нічога такога, каб шакаваць грамадскасць. Рэчы, якія яна робіць з камандай, — класіка, якая падабаецца як моладзі, так і старэйшаму пакаленню.

«У базавых рэчах няма тэрміну прыдатнасці. Нашая аўдыторыя — гэта дзяўчаты і жанчыны 24—35 год. Часам да нас прыходзяць у краму модніцы мінулых гадоў і ўсклікаюць: «Ой, гэта ж тое, што мы насілі ў нашай маладосці. Гэта выклікае ў іх прыемнае цёплае пачуцце настальгіі. Але пры гэтым гэтыя рэчы актуальныя і зараз».

Вольга стараецца пагутарыць з кожнай сваёй пакупніцай. І падарыць сваю фірмовую паштоўку.

«Паштоўка­-візітоўка. Каб кантакты былі пад рукой»

«На кожны сезон мы замаўляем сабе паштоўкі-візітоўкі, якія адпавядаюць нашай стылістыцы і адлюстроўвае галоўную рэч сезону. Малюе іх Анастасія Малашонак. Мастачка дакладна ўгадала тое, што мы хочам паказаць нашым брэндам. Гэтыя паштоўкі заўсёды ў мяне з сабой. Часта дару гэтыя паштоўкі, каб чалавек выкарыстоўваў яе як закладку ў кнігу. І каб нашыя кантакты і спасылка на інстаграм заўсёды былі пад рукой».

 

Наталля Тур, фота Паўла Аксіновіча

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура