Праект газеты
Тонус 29-гадовая беларуска вядзе шчыры блог, дзе расказвае, як змагаецца з анкалогіяй3

Паўгода таму 29-гадовая случчанка Каця Аляшкевіч выявіла ў сябе ўшчыльненне ў грудзях. Аказалася, гэта анказахворванне. Зараз Каця праходзіць хіміятэрапію, у яе выпалі валасы. Але яна не саромеецца сваёй знешнасці, актыўна выкладае свае фота ў Instagram і адказвае на пытанні іншых людзей, якія таксама змагаюцца з хваробай.

«Можа, гэта камусьці дапаможа», — кажа жанчына. Яна ўпэўненая, што з разам з сям'ёй і блізкімі яны задушаць злую хваробу сваім пазітывам.

Каця Аляшкевіч нарадзілася і вырасла ў Слуцку. З дзяцінства займаецца танцамі, была ўдзельніцай мясцовага калектыву «Канфеці».

Дзяўчына займаліся розныя кірункамі танцаў: бальная, стрып-пластыка, пол-дэнс, твёрк. Спачатку танцавала проста для сябе, потым скончыла курсы і стала інструктарам, працавала выкладчыкам танцаў.

Тры гады таму Каця выйшла замуж і зараз разам з мужам Жэнем выхоўвае паўтарагадовага сына Макса.

«Я маладая, у мяне малое дзіця, дапамажыце. Усё»

У снежні 2017 года Каця намацала невялікае ўшчыльненне ў грудзях. Яно абсалютна не балела.

— Я звярнулася да доктара, мне зрабілі УГД і сказалі, што нічога страшнага няма. Што я проста няправільна завяршыла грудное выкормліванне. Мне выпісалі антыбіётыкі, сказалі рабіць кампрэсы. Я рабіла кампрэсы, піла таблеткі і адчувала, што ўшчыльненне меншым не становіцца. Лекары казалі: «Чакай, рассасецца».

Пасля паўторнага УГД Каці сказалі, што ёй трэба тэрмінова трапіць у анкалагічны цэнтр да мамолага:

— Пра анкалогію я раней наогул нічога не ведала. Ведала, што рак — гэта ўсё, гэта вельмі страшная хвароба, гэта значыць, што жыццё скончылася.

Каці далі накіраванне да мамолага. Да гэтага трэба было здаць аналізы на анкамаркёры. Аналіз паказаў, што ўсё ў норме, анкалогіі няма.

— Я думаю: ну ўсё, не рак, — распавядае Каця.

Пасля агляду мамолаг спытаў, ці доўга дзяўчына збіраецца хадзіць да незразумела якіх дактароў. Ёй тэрмінова трэба да анколага. І што аналіз — гэта яшчэ не паказчык.

— Я расплакалася адразу. Лекар мяне супакоіла, сказала, каб я не перажывала і запомніла: «Я маладая, у мяне малое дзіця, дапамажыце. Усё».

У той жа дзень Каця прыйшла на кансультацыю да анколага, які і зараз вядзе дзяўчыну. Вынікі ўсіх абследаванняў былі гатовыя прыкладна праз тыдзень. Каця патэлефанавала лекару, каб даведацца пра вынікі. Ён адказаў, што вынік прыйшоў, але яму трэба параіцца з калегамі, з чаго пачынаць лячэнне: з аперацыі або хіміятэрапіі.

— Першы раз на хіміятэрапіі я раўла. Жанчыны, з якімі я ляжала, мяне супакойвалі, казалі, што я абавязкова вылечуся. Яны мяне супакоілі. Цяпер я з усімі кантактую, мне цікава. Усе неяк аптымістычна сябе паводзяць. Бабулі, каторыя старэйшыя, наогул бадзёрыя. Думаюць пра тое, што ім трэба хутка аднавіцца, таму што ў іх градка. Усе жывуць, і ва ўсіх такія планы! Усе пачынаюць жыць па-сапраўднаму.

Я, калі даведалася дыягназ, адразу сказала ўсім: «Мяне, калі ласка, не шкадаваць». У мяне нічога не баліць, я нармальна сябе адчуваю. Калі я раптам злягу, не змагу нічога рабіць, тады я вас папрашу пашкадаваць мяне. А так мне нармальна, чаго мяне шкадаваць? Мне наогул не шкада цыцак, хай мне іх нават дзве адрэжуць, мне трэба вылечыцца.

У анкалогіі ёсць свае плюсы

На 14-ы дзень пасля першай хіміятэрапіі ў Каці пачалі выпадаць валасы.

— Зрабіла кароценькую стрыжку пад хлопчыка, але валасы лезлі нераўнамерна. Потым я пастрыглася пад самую маленькую насадку, але ўсё роўна было відаць, што дзесьці валасы ёсць, а дзесьці няма. Усё згаліла станком. Калі валасы пачынаюць адрастаць, я галю іх брытвай цалкам. Пасля хіміі ўсё аднаўляецца. Дзяўчаты кажуць, што нават нашмат лепшай структура валасоў становіцца. Хто-ніхто з сяброў жартуе, што я стану рудай і кучаравай.

Каця баялася, што ў яе вельмі вялікая галава і без валасоў ёй будзе вельмі непрыгожа.

— Адразу думала, што мне на наступны дзень на галаву начапіць, каб на хімію пайсці, а потым вырашыла, што нічога я не буду чапляць, пайду так. Мне спадабалася. Пагалілася, думала, што будзе непрыгожы, аказалася нармальна. А калі потым «вожык» з'явіцца, наогул стылёва будзе. Потым я пайшла да доктара на прыём, надзела завушніцы, мне дзяўчынка мехенддзі на руцэ і галаве намалявала. Доктар спытаў: «О, нічога сабе, у вас новы стыль?» Так, новы стыль, толькі нагода не вельмі добрая для гэтага новага стылю.

У Мінску мінакі спакойна рэагуюць на Кацю, нават часам робяць кампліменты. Дзеці пытаюць: яна хлопчык ці дзяўчынка? У Слуцку ж, наадварот, усё абарочваюцца, глядзяць. Але Каця ўжо прывыкла. Жанчына актыўна вядзе старонку ў Instagram. Калі яна даведалася пра свой дыягназ, вырашыла напісаць пра гэта.

— Я сама ў Instagram адразу пачалі шукаць дзяўчат, у каго рак. І гляджу, дзяўчына вядзе блог, распавядае, што ў іх адбываецца. Думаю: ну я ж вяду Instagram, кожны дзень туды нешта скідваю, значыць, буду пісаць, што са мной адбываецца, можа, я камусьці таксама спатрэблюся. Можа, гэта камусьці дапаможа.

Многія свае публікацыі дзяўчына суправаджае хэштэгам #ракдурак.

— Мне здаецца, што ўсе гэтыя хваробы — гэта такі штурхель. Трэба падумаць, што, напэўна, ты нешта раней рабіў не так. Я нават думаю, чаму мяне раней ніхто так не штурхнуў? — кажа яна.

— Не трэба вешаць нос, у любым разе! Калі я хачу паплакаць, я стараюся стрымацца. Як я буду плакаць, калі ў мяне дзіця маленькае па хаце бегае? Лягу на канапу і буду галасіць? Вядома, хвароба дрэнная, але мне здаецца, гэта крок у новае жыццё. Лепшае.

Паводле kurjer.info

Каментары
Lena / Адказаць 17.08.2018 / 15:44

Выздоравливай, Катя.

0
калiноускi кастусь / Адказаць 17.08.2018 / 18:01

Жадаю, каб усё было добра у цябе, Каця

0
усябруэл / Адказаць 18.08.2018 / 10:53

зычанне «вы/здоравливай» дае асацыяцыю з вы/хадам і вы/спяваннем, то бок праз вы/ утвараецца тыпу шкодны сэнс... хтосьці ПросТы нядаўна сказаў - ТрыМай Кола ) / 24.07.2018 / 13:08 https://nn.by/?c=ar&i=213125#startcomments так што мо’ мелася на ўвазе, што — эль_роўна_два_пі_эр — гэта лепшы арыенталь дзеля сустрэчы з фартунаю... уваходжанне ў «залатое сячэнне»... матэматыка-та — не «вздор» (!) [дзесьці тут е жарт або ісціна...]

1
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура