Праект партала
Рост
14.08.2018 / 12:15
Беларуска, якая сфатаграфавалася ў ванне з грыбамі, перайшла да новых партрэтаў: з гарэлкай і сушанай рыбай ФОТЫ19

У мінулым годзе мы пісалі пра беларуску, якая выклала ў інстаграм дзіўнае фота ў грыбах. Тады гэты здымак выклікаў вялікі рэзананс.

Той самы фотаздымак.

Між іншым, яго аўтарка Надзея Леановіч не спынілася на гэтым і працягнула серыю сваіх «мастацкіх мадоннаў». На гэты момант у калекцыі Надзеі ёсць партрэты з гартэнзіяй, сушанай рыбай, зефіркамі, макаронаю і нават у атачэнні беларускай гарэлкі.

Мы вырашылі распытаць у яе, што ўсё гэта значыць.

Надзея, як і яе бацькі ды бабулі з дзядулямі, паходзіць з Мінска.

«У дзяцінстве бацькі адвялі мяне і старэйшага брата ў гурткі, сярод якіх у выніку засталіся толькі заняткі па маляванні. Пасля брат пайшоў у мастацкую школу №1, а я ў гімназію-каледж мастацтваў. Я бачыла карціны брата і лічыла свой узровень жывапісу неналежным, а навучанне дызайну нявартым, таму пасля сканчэння гімназіі паступіла ва Універсітэт культуры на спецыяльнасць «мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва», бо ствараць нешта рукамі заўжды атрымлівалася», — робіць уводзіны ў сваю біяграфію дзяўчына.

На апошніх двух курсах Надзея атрымала другую вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці «графічны дызайн», нейкі час працавала выкладчыцай выяўленчага мастацтва ў Любанскай школе народнага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Сёння ж працуе як вольны мастак: піша карціны, стварае пано, робіць розныя рэчы па замовах.

Што тычыцца фотаэксперыментаў з адзеннем і ежай, то гэта гісторыя пачалася для яе вельмі даўно, яшчэ з часоў прымеркі рэчаў з матулінай шафы.

«Так выйшла, што я ніколі не лічыла сябе прыгожай. Таму вырашыла, што мой стыль і вобразы павінны быць арыгінальнымі, няхай смешнымі, няхай яскравымі ці нават эпатажнымі, але ні разу не звычайнымі. Што тычыцца фотаздымкаў, то гэта проста адлюстраванне сённяшняга настрою ці высмейванне чагосьці, карыкатуры на сучаснасць.

Бабуля прасіла схадзіць у краму ў выходныя, потым учора, і, нарэшце, сёння я пагадзілася. Калі запытаць, што набыць, адказвае 'што-небудзь смачнае'. Пад гэтым маецца на ўвазе: батон ці булка, кіўбаса 'кракаўская' і марозіва. Акурат такі спіс прадуктаў і шчэ бутэлька Кока-колы набываўся ўлетку ў маім дзяцінстве, калі яны з дзедам нагандлявалі на кірмашы. Выглядала так: паспелі ягады, гародніна ці зеляніна. Бацькі прыязджалі і дзядуля казаў: 'хутчэй збярыце сабе колькі трэба, а ўсё астатняе мы прадамо'. Было, што без папярэджання збіралі першы ўраджай і везлі на кірмаш. Быццам лічылася выгадным замест таго купіць колы і батона з шакаладным маслам... Дагэтуль успамінаем аграрныя азартныя гульні старэйшага пакалення... П.с. Трымаю на ручках бабулінага сыначку, імя якому Піаф. З піпеткі малаком выкармлены) #madonnaèmobile #фанiпаль #котэ #personaljesus #catstagram #catsismyreligion

Публикация от Nadzeya Leanovich. ARTIST (@leanovich)

Надзея абяцае, што, пакуль не скончылася лета, абавязкова парадуе сваіх падпісчыкаў якім-небудзь новым «гарачым» вобразам. Але калі казаць глабальна, то як мастачка сёння яна знаходзіцца ў працэсе пошукаў і марыць, нарэшце, знайсці ўласныя стыль і мову.

Кацярына Карпіцкая

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура