Праект партала
Тонус
13.08.2018 / 09:07
Невядомыя вам спосабы кантрацэпцыі: ад экскрэментаў кракадзіла да сучасных свечак6

«Змяшайце гудрон, каменную соль, сок цыбулі і змажце палавы член» — такія метады кантрацэпцыі прапаноўвалі ў XIV стагоддзі ісламскія дактары. А першы спосаб засцярогі ад цяжарнасці ўвогуле быў апісаны яшчэ ў Бібліі — перарваны палавы акт, які некаторыя практыкуюць і сёння, хоць гінеколагі не раяць ды і ўвогуле не ўсе дактары бяруцца называць гэта кантрацэпцыяй, бо тут цяжка казаць пра эфектыўнасць — проста справа выпадку.

Фота Pxhere.com

Галоўны пазаштатны дзіцячы гінеколаг Міністэрства аховы здароўя Беларусі Аксана Іванішкіна-Кудзіна доўгі час займаецца даследаваннем гістарычнага аспекту далікатнай тэмы кантрацэпцыі.

«Мы можам удасканальваць пэўныя тэхнічныя моманты, але сутнасць застаецца той жа: ва ўсе стагоддзі існавала праблема нежаданай цяжарнасці. І яна будзе існаваць, пакуль існуе чалавецтва, — тлумачыць доктар прычыны сваёй даследчыцкай зацікаўленасці. — І вось цяпер, калі медыцына і фармакалогія знаходзяцца на высокім, прагрэсіўным узроўні, мы павінны ведаць, як жа мінімізаваць пабочныя эфекты. Задача дактароў — данесці да жанчыны тое, што любы сродак кантрацэпцыі лепшы, чым перарыванне цяжарнасці.

Вядома, сёння ніхто не будзе спрынцавацца воцатам, але гістарычныя звесткі кажуць нам пра тое, што і ў Сярэднявеччы ведалі пра сперміцыды — рэчывы, што змяняюць хімічнае асяроддзе ў похве і разбураюць сперматазоіды. Магчыма, гэта падасца дзіўным, але ўсе сродкі кантрацэпцыі, якія існуюць цяпер, былі вынайдзеныя яшчэ ў Старажытным Егіпце».

Механічныя сродкі кантрацэпцыі

«Гэта прэзерватывы, мазі, крэмы, свечкі, спрынцаванне. У Старажытным Егіпце жанчыны карысталіся вагінальнымі свечкамі, якія ў той час рабіліся з мёду і карбанату натрыю.

У Егіпце былі вырабленыя і прататыпы прэзерватываў. Яны служылі ўпрыгожаннем для мужчын і ўяўлялі сабой невялічкія каўпакі з кішак або мачавых бурбалак жывёл з каштоўнымі камянямі, што пасля смерці пакідалі разам з нябожчыкам. Першы вядомы нам прэзерватыў быў скураным і насіў яго не хто іншы як фараон Тутанхамон», — распавядае гінеколаг.

Вядома, што ў Старажытнай Русі рабілі спрынцаванне мачой, сваёй або партнёра. Гэта выглядае дзікунствам, але калі ўспамінаць Старажытны Егіпет, дзе жанчынам унутр уводзілі экскрэменты кракадзілаў, то першы варыянт ужо не здаецца такім жудасным. Пазней жанчыны сталі ўводзіць унутр тампоны, змочаныя ў воцаце.

«Яшчэ не так даўно жанчыны наракалі на свечкі. Маўляў, трэба дакладна пралічваць, калі адбудзецца палавы акт, уводзіць свечку роўна за паўгазіны. Тая пачынала пеніцца, выцякаць. Які тут сэкс? Тут ужо не да сэксу. Сёння ж свечкі іншыя, падладжаныя пад рытм жанчыны», — звяртае ўвагу Аксана Іванішкіна-Кудзіна.

Сучасныя жанчыны найчасцей выкарыстоўваюць свечкі для кантрацэпцыі, калі ёсць супрацьпаказанні да ўнутрыматачнай ці пераральнай кантрацэпцыі, у лактацыйным і пасляродавым перыядзе, пасля перапынення цяжарнасці, пры нерэгулярнай інтымнай блізкасці, у перыяд менапаўзы, а таксама падчас перапынку ва ўжыванні пераральных кантрацэптываў ці падчас замены ўнутрыматачнага супрацьзачаткавага сродку. Свечкі могуць прымяняцца як самастойна, так і ў спалучэнні з іншымі кантрацэптывамі (напрыклад, з прэзерватывам), гэта мусіць быць прапісана ў інструкцыі. Таксама іх можна выкарыстоўваць падчас цяжарнасці (зноў жа, гэта мусіць быць прапісана ў інструкцыі).

УНП 102377403. Прадстаўніцтва Сумеснага ўкраінска-іспанскага прадпрыемства ў форме таварыства з абмежаванай адказнасцю «Сперко Украіна» (Украіна) у Рэспубліцы Беларусь.

Бар’ерныя сродкі кантрацэпцыі

«Першыя згадкі пра ўнутрыматачную кантрацэпцыю таксама з’явіліся ў старажытнасці. Ёсць сведчанні, што ў Японіі, напрыклад, найбольшай папулярнасцю карыстаўся спосаб змяшчэння ў матку срэбных шарыкаў. У тым жа Егіпце ў муміях жанчын у поласці маткі знаходзілі спіралі з трыснягу», — кажа гінеколаг.

Сёння існуе агромністая колькасць спіраляў: для маладых і жанчын ва ўзросце, для тых хто нараджаў і хто не, тыя, што ўтрымліваюць срэбра, золата, медзь, і тыя, што не ўтрымліваюць металаў, ёсць з лячэбным эфектам.

Аральныя кантрацэптывы

«На гарманальныя таблеткі, як іх называюць у народзе, нараканні будуць да таго часу, пакуль яны будуць існаваць», — адзначае Аксана Іванішкіна-Кудзіна.

Цяпер няма аральных кантрацэптываў, якія б выкарыстоўваліся толькі для таго, каб засцерагчы жанчыну ад цяжарнасці. У іх закладзеныя і лячэбныя функцыі. Яны дапамагаюць пры парушэннях менструальнага цыкла, пры нейкіх іншых гінекалагічных захворваннях. 

«Выкарыстанне такіх таблетак вымагае пэўнай адказнасці ад жанчыны, бо іх прыём нельга прапускаць. Жанчына і яе доктар бяруць на сябе абавязкі, калі доктар прызначае такія таблеткі, а жанчына пачынае іх ужываць. Бо, як гаворыцца, алергія бывае нават на ваду, — тлумачыць гінеколаг. — Ёсць тут і іншы бок.

Уявім, што жанчына прымае аральныя кантрацэптывы з 20 гадоў. Яна іх п’е, п’е, а потым праз гадоў 10 задумваецца пра цяжарнасць. Пры доўгім ужыванні аральных кантрацэптываў функцыя яечнікаў можа саслабець. Таму выкарыстоўваць гэтыя сродкі трэба з розумам. Нягледзячы на тое, што ў іх самая высокая кантрацэптыўная эфектыўнасць (каля 99 %), яны не ўсім пасуюць».

Прэзерватыў — найлепшы сябар маладосці

«Нездарма яшчэ ў 1504 годзе італьянскі анатам Фалопіа падрабязна апісваў як сродак засцярогі ад распаўсюджанай тады ў Еўропе хваробы — сіфілісу — прэзерватыў: ільняны мяшэчак, прапітаны рознымі травамі і солямі. І на сёння я не бачу лепшага сродку абароны, чым прэзерватыў, асабліва для моладзі. Таму трэба ўкладваць у галаву маладым людзям, што іх найлепшы сябар — прэзерватыў. Па-першае, таму што ён эфектыўна засцерагае ад непажаданай цяжарнасці. А па-другое, прэзерватыў можа абараніць і ад розных палавых інфекцый. Да таго ж ён накладвае адказнасць на абоіх партнёраў, што ўмацоўвае адносіны», — даводзіць Аксана Іванішкіна-Кудзіна.

На шчасце, самыя дзіўныя старажытныя спосабы кантрацэпцыі засталіся ў старажытнасці, і сёння мы маем эфектыўныя і бяспечныя сродкі ад непажаданай цяжарнасці. Карыстацца імі можна смела, толькі не забудзьце папярэдне пракансультавацца з доктарам, ён дапаможа адшукаць той варыянт, які найлепш падыходзіць вашаму арганізму.

Наталля Тур

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура