Праект партала
Тонус
01.08.2018 / 11:00
Як правільна харчавацца: чаму ад позніх вячэраў расце вага і парушаецца метабалізм5

Усё больш дасьледаваньняў паказваюць, што нашы целы функцыянуюць аптымальна, калі мы прыстасоўваем час харчаваньня да цыркадных рытмаў, якія вызначаюць, калі нам прачынацца, калі есьці і калі спаць.

Парушэньне цыркадных рытмаў

Паводле аўтара газэты The New York Times Анагада О’Конара, якога цытуе радыё «Свабода», апошнія дадзеныя навукі сьведчаць, што хранічнае парушэньне сутачнага рытму, напрыклад, позьнія вячэры, прыводзяць да павелічэньня вагі і мэтабалічных праблем.

У выдадзенай нядаўна кнізе «Цыркадны код» яе аўтар, прафэсар Сатчын Панда сьцьвярджае, што людзі моцна паляпшаюць сваё мэтабалічнае здароўе, калі пачынаюць прымаць ежу падчас 8-10-гадзіннага акна ў працягу дня — ад сьняданка раніцай да лёгкай вячэры ў пачатку вечара.

Але пераважная большасьць людзей прымаюць ежу ў часе пэрыяду, які доўжыцца 15 і болей гадзін, пачынаючы ад кавы раніцай і канчаючы лёгкімі закускамі позна ўвечары. Паводле прафэсара Панды, такая мадэль харчаваньня ўваходзіць у супярэчнасьць з нашымі цыркаднымі рытмамі.

Унутраны біялягічны гадзіньнік кожнага органа

Навукоўцы даўно ведаюць пра ўнутраны біялягічны гадзіньнік чалавека. Вядома, што спэцыяльны мазгавы цэнтар, разьмешчаны ў гіпаталамусе, рэгулюе нашы цыклы сну-няспаньня ў адказ на дзённае сьвятло.

Але пару дзесяцігодзьдзяў таму высьветлілася, што ўнутраны гадзіньнік мае ня толькі наша цела, але і кожны яго орган, які мае свае ўласныя цыклы актыўнасьці. Атрымліваецца, што ўнутраны гадзіньнік чалавека — гэта сукупнасьць многіх меншых гадзіньнікаў ягоных органаў.

Напрыклад, на працягу дня падстраўнікавая залоза павялічвае выпрацоўку інсуліну, які кантралюе ўзровень цукру ў крыві, а затым запавольвае яе ў начны час. Кішэчнік мае свой гадзіньнік, які рэгулюе сутачны прыліў і адліў фэрмэнтаў, ўсмоктваньне пажыўных рэчываў і выдаленьне адкідаў. Нават калёніі трыльёнаў бактэрый у кішэчніку падпарадкоўваюцца сутачнаму рытму.

Больш за тое! Гэтыя штодзённыя рытмы настолькі ўкараніліся ў наш арганізм, што яны запраграмаваныя ў ДНК. Дасьледаваньні паказваюць, што ў кожным органе тысячы генаў ўключаюцца і выключаюцца прыкладна ў адзін і той жа час кожны дзень.

Гэтак сталася таму, што за тысячы гадоў эвалюцыі чалавека дзень і ноч нязьменна мянялі адно аднаго. Паводле прафэсара Панды, людзі створаныя для таго, каб мець 24-гадзінны рытм фізіялёгіі і мэтабалізму. Як наш мозг мае патрэбу ў сьне для адпачынку і амаладжэньня, гэтак і кожны орган павінен мець час на аднаўленьне.

Канфлікт ежы і сну

Выснова навукоўцаў адназначная — прыём большай часткі ежы у першай палове дня спрыяе здароўю. Раніцай арганізм лепш стравуе ежу, раніцай нават аналізы браць лепш — будуць больш дакладныя вынікі.

Як вядома, у цёмную пару сутак мозг выпрацоўвае гармон мэлатанін, які рыхтуе нас да сну. Калі ў гэты час паесьці — атрымаецца канфлікт сыгналаў унутранаму гадзіньніку, бо ежа — гэта справа дзённага часу.

Каб праілюстраваць гэты канфлікт лекары кажуць, што падчас яго адзін орган нашага арганізму знаходзіцца ў Эўропе, а іншы — у ЗША. У выніку атрымліваецца і той самы эфэкт, што і пры джэтлагу — стомленасьць, парушэньне біярытмаў і нават запавольваньне мысьленчых працэсаў. І, як вынік — павышэньне рызыкі хваробаў.

Цяпер вядома, што пазьменная праца выклікае атлусьценьне, дыябэт, некаторыя віды раку і сардэчных захворваньняў.

Яскравыя вынікі экспэрымэнтаў

У адным экспэрымэнце дарослыя людзі клаліся спаць пазьней, чым звычайна, і ўставалі таксама пазьней на працягу 10 дзён. У выніку аказалася, што ў іх падняўся ціск і парушыліся ўзроўні інсуліну і цукру ў крыві.

Іншы экспэрымэнт паказаў, што ў прымушаных позна класьціся спаць людзей на працягу ўсяго некалькіх начэй запар хутка павялічылася вага і зьнізілася адчувальнасьць да інсуліну, што звычайна вядзе да дыябэту.

У 2012 годзе прафэсар Панда з калегамі падзялілі генэтычна ідэнтычных мышэй на дзьве групы. Адной давалі тлустую і салодкую ежу круглыя суткі, другой — толькі на працягу 8-гадзіннага дзённага акна. Тыя мышы, што елі круглыя суткі, набралі шмат вагі, у іх атлусьцела печань і зьявіліся мэтабалічныя праблемы. А тыя, што елі толькі падчас 8-гадзіннага акна, засталіся здаровыя, нягледзячы на тое, што мышы ў абедзьвюх групах спажылі аднолькавую колькасьць калёрый.

Натхнёныя экспэрымэнтам на мышах, дасьледчыкі паставілі падобны экспэрымэнт на людзях. Была ўзятая група мужчын зь перадыябэтным станам. Пяць тыдняў яны прымалі ежу падчас 12-гадзіннага штодзённага акна, а падчас другой фазы — акно было зьменшана да 6 гадзін.

Аказалася, што падчас 6-гадзіннага акна прыёму ежы удзельнікі экспэрымэнту мелі больш нізкі ўзровень інсуліну, адчувалі менш начнога голаду, у іх зьнізіўся ўзровень акісьляльнага стрэсу і быў значна ніжэйшы крывяны ціск. Іх верхні ціск (сысталічны) упаў прыкладна на 11 пунктаў, а ніжні (дыясталічны) зьнізіўся на 10 пунктаў.

Навукоўцы пасьля прызналіся, што вынікі іх шакіравалі, настолькі яны былі нечаканыя.

Практычная парада

Хоць дасьледаваньні паказваюць, што прыём ежы ў першай палове дня зьяўляецца аптымальным для мэтабалічнага здароўя, гэта не азначае, што трэба прапускаць абед. Затое ёсьць сэнс зрабіць свае абеды адносна лёгкімі.

Навукоўцы ў Ізраілі выявілі падчас аднаго з экспэрымэнтаў, што тоўстыя дарослыя людзі скінулі больш вагі і мелі лепшыя паказьнікі ўзроўню цукру, інсуліну і сардэчна-судзінных фактараў рызыкі тады, калі елі вялікі сьняданак, сьціплы абед і невялікую вячэру.

Таму лекары спасылаюцца на ангельскую прыказку, якая радзіць есьці сьняданак як кароль, абед як прынц, а вячэру — як жабрак.

Радыё «Свабода»

Каментары
Воўк / Адказаць 01.08.2018 / 11:14

Dinner - вячэра, а не абед!

4
Bro / Адказаць 01.08.2018 / 11:29

Воўк , а што тады supper? )

5
Ягор / Адказаць 01.08.2018 / 12:46

Bro , Воўк мае рацыю, а ў перакладзе зроблена памылка. NYT - амерыканскае выданне, а амерыканцы называюць dinner'ам вячэру, абед - lunch'ам. Таму ў тэксце павінна быць: "гэта не азначае, што трэба прапускаць вячэру. Затое ёсьць сэнс зрабіць свае вячэры адносна лёгкімі". Supper у амерыканскай ангельскай ужываецца вельми рэдка.

0
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура