Праект партала
Гісторыі
20.07.2018 / 22:39
«Людзі лічаць наркаманкай». 13-гадовая гамяльчанка два гады жыве з цукровым дыябетам I тыпу16

Лекары былі шакаваныя — паказчык складаў 25 ммоль/л

Дзень інсуліназалежнай школьніцы Варвары Грыцавай і яе мамы распісаны па хвілінах і пачынаецца яшчэ ўначы. Часам, каб памераць узровень цукру, прачынаецца Варвара, але часцей начамі не спіць яе маці Аксана. Варвара — яе адзіная дачка, якую жанчына выхоўвае адна. Барацьба за здароўе дзяўчынкі — галоўны сэнс яе жыцця.

Як вядома, інсулін — гэта гармон, які выпрацоўваюць бэта-клеткі падстраўнікавай залозы. Ён паніжае цукар, прымушаючы тканкі засвойваць глюкозу, з-за чаго яе канцэнтрацыя ў крыві памяншаецца. У Варвары ў падстраўнікавай залозе інсулін наогул не выпрацоўваецца.

Звышвысокі ўзровень цукру ў крыві Варвары выявілі два гады таму.

— У мяне моцна сушыла ў роце, увесь час хацелася спаць, — кажа Варвара. — Тады, напэўна, у мяне ўжо быў дыябет, але мы пакуль пра гэта не ведалі. Усё высветлілася, калі я паехала ў Мінск на конкурс мадэляў. Там мы занялі першае месца, але я адчула сябе вельмі дрэнна — страціла прытомнасць.

Пасля вяртання дзяўчынка два дні ляжала ў ложку, амаль не ўставала. Атрымаўшы вынікі аналізаў, лекары былі шакаваныя — паказчык складаў 25 ммоль/л, і гэта пры норме 3,2-5,5.

— Не, я не плакала, не хваляваліся, я прыняла дыябет спакойна, але была трохі збянтэжана. Мяне падтрымлівала любімая мама, хросны, бабуля. Усе мне спачувалі, але як бы ім ні хацелася, яны не маглі мяне вылечыць, — успамінае дзяўчынка першыя эмоцыі, калі даведалася пра сваю хваробу.

Спачатку трэба разлічыць інсулін, потым калоцца

З тых часоў кантраляваць цукар Варвары даводзіцца ўвесь час.

— Ён можа падаць — гэта гіпаглікемія. Тады трэба піць сок, які заўсёды пад рукой, — кажа Варвара. — Калі гэтага не рабіць, цукар можа знізіцца да 0,8 ммоль/л. І тады ёсць рызыка ўпасці ў гіпаглікемічную кому, наступствы якой непрадказальныя.

Каб гэтага не адбылося, у хатняй аптэчцы сям'і на ўсялякі выпадак маецца адзін флакончык глюкагона — гармона, які мае супрацьлеглае інсуліну дзеянне.

А сёмай раніцы Варвара коле доўгі інсулін. Такі ж укол робіцца і ўвечары — строга ў вызначаны час. Ён дазваляе падтрымліваць фонавы ўзровень інсуліну на працягу дня і ночы. А вось каб хутка забяспечыць у арганізме вялікую дозу гармона, якая патрэбна для засваення ежы, робяцца ўколы кароткага або ультракароткага інсуліну перад ежай.

Радасць і фізічная актыўнасць паніжаюць цукар

Варвара кажа, што ў прынцыпе есці ёй можна ўсё, нават салодкае. Адзіная ўмова — трэба ўсё правільна вылічыць і ўкалоцца.

— Магчыма, салодкае падыме цукар, але потым інсулін падзейнічае і ён ўпадзе, — працягвае Варвара. — Узровень цукру павышае стрэс, спалох. А вось радасць часцей за ўсё паніжае ўзровень цукру. Як і фізічная актыўнасць. Аднак спортам займацца мне нельга. Нават пасля дзесяці хвілін скачкоў на скакалцы ў мяне можа закружыцца ў галаве, а потым балець увесь дзень.

Па словах дзяўчынкі, пасля кожнага ўколу неабходна вымяраць узровень цукру хаця б кожныя чатыры гадзіны. Варвара робіць замеры па 25 разоў на дзень. Упакоўкі тэст-палосак для глюкометра па 50 штук, якая каштуе 16 рублёў, часта не хапае нават на два дні.

Сям'я іх купляе самастойна. Хоць раз у месяц выдаюць адну ўпакоўку па рэцэпце.

Інсулін атрымліваюць бясплатна. Але здараецца, што фармацэўтычная кампанія своечасова яго не закупляе. У такіх сітуацыях жыццёва важны прэпарат даводзіцца шукаць самім, часцей у такіх жа дыябетыкаў.

Мяняць хаця б два разы на тыдзень даводзіцца і іголку ў глюкометры.

На шчасце зараз ёсць магчымасць выкарыстоўваць прыладу «Фрыстайл Лібра» — гэта сістэма бесперапыннага маніторынгу глюкозы. Яна мацуецца на цела на два тыдні (потым неабходная замена). Увесь гэты час абсталяванне вымярае цукар у міжклеткавай вадкасці. А счытвае паказанні адмысловая прылада рыдар, якая нагадвае маленькі тэлефон.

Варвара выкарыстоўвае гэты варыянт кантролю глюкозы каля года. Цяпер ёй не даводзіцца марнаваць шмат палосак. Аднак прыбора няма ў вольным продажы — ён не сертыфікаваны ў Беларусі. Бацькі дзяцей з дыябетам з усёй краіны сталі весці збор подпісаў за яго легалізацыю. Але сутыкнуліся з іншай праблемай — неразуменнем навакольных.

Аксана стала ініцыятарам збору подпісаў у Гомелі.

— Мы разлічвалі, што людзі адгукнуцца на нашу праблему. Але гэтага не адбылося, — прызнаецца Аксана. - Мы выходзілі на вуліцы з поўным пакетам ўсіх дакументаў, пасведчаннем інваліда, тлумачылі мінакам, навошта гэты апарат патрэбен дыябетыкам. Але людзі нам не верылі, шмат хто казаў: «Нам гэта не цікава, у нас такой хваробы няма».

Зараз подпісы сабраныя. Дастаткова іх ці не, пакуль не вядома.

— У будучыні будзе праводзіцца грамадскае абмеркаванне. Мы вельмі хочам, каб людзі былі больш чулымі, — кажа Аксана.

Можна жыць да глыбокай старасці

У верасні Варвара пойдзе ў восьмы клас гімназіі № 10. Яна выдатніца, удзельніца і пераможца шматлікіх алімпіяд, займалася ў тэатры мадэляў, піша вершы, апавяданні, прыгожа малюе.

Але прызнаецца, часам бывае вельмі сумна.

— Усе мае пальцы ў дзірках. На жываце, руках, нагах — усюды сляды ад ін'екцый. Ты пачынаеш ўсведамляць, што ўсё гэта ніколі не пройдзе, і ты не выйдзеш на вуліцу без соку на выпадак нізкага цукру і без інсуліну, які трэба будзе ўвесці на высокі цукар, — гаворыць дзяўчынка. — Нікуды не дзецца і ад поглядаў, якія асуджаюць. Часта чую ў свой адрас «наркаманка» або «мазахістка». Бабулі, убачыўшы, што я раблю сабе ўкол, хрысцяцца. Вельмі непрыемна выслухоўваць меркаванні людзей, якія нічога пра гэта не ведаюць, якія кажуць, што «дыябет з-за салодкага». Другі тып — так, але яго можна вылечыць. А ў мяне — першы, гэта значыць інсуліназалежны.

Быў нават выпадак, калі пра будучыню Варвары адгукнуліся прыкладна так: «Так табе ўжо ўсё роўна жыць нядоўга засталося, навошта кудысьці паступаць?» Ёсць і тыя, хто ставіць крыж на будучыні дзяўчынкі як маці: «Навошта пладзіць інвалідаў?» Аднак людзі з дыябетам могуць жыць да глыбокай старасці, а рызыкі нараджэння нездаровых дзяцей мінімальныя. Калі ў бацькі дыябет I тыпу, імавернасць таго, што ў дзіцяці будзе гэтае ж захворванне, прыкладна шэсць адсоткаў. У жанчын-дыябетыкаў рызыка і таго менш — усяго чатыры працэнты.

Варвара гатова падзяліцца сваім неацэнным вопытам з іншымі на сваёй старонцы ў Instagram @varenka.dt.1.

Гомельские Ведомости

Каментары
Ян Севярын Бакей / Адказаць 20.07.2018 / 22:58

Мужнасьці гэтай дзяўчынкі хапіла б на пяць здаровых мужыкоў...

0
Яя / Адказаць 20.07.2018 / 23:19

Я разумею Варвару, бо сама хварэю на цукроўку ўжо 45 гадоў. Захварэла яшчэ за савецкім часам, мне было 5 гадоў. На той час і інсуліны і прылады для вымярэння цукру былі, як у першабытным строі. Але, насамрэч, трэба часта вымяраць цукар і я гэта раблю ўвесь час. Наконт дзірак на пальцах- няпраўда, зараз аўталеты, якія не пакідаюць дзіркі, і інсуліны якасныя. Скончыла БДУ, увесь час працую, замужам, маю 20-і гадовага сына. Ён здаровы. Так, грошаў на сваё здароўе трачу нямала, але, як інвалід з дзяцтнства, атрымоўваю пенсію, якую і аыкарыстоўваю на лячэннне. Так што, Варвара, не сумуй, гэта проста здаровы лад жыцця. А за мяжой нават прызываюць з цукроўкай у войска.

0
Александр / Адказаць 20.07.2018 / 23:26

Ну, люди у нас дерьмовые, тут ничего против не скажешь. Говоришь им-не может президент нищей страны летать на Боинге на футбол! Грех это! А они-отстань, нам не до этого. Давно известно-холуи и нищеброды не могут быть благородными!

1
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура