Праект партала
Густ
17.07.2018 / 11:21
Знаёмцеся: новая беларуская спявачка — псіхадэлічная і шчырая Ліса АЎДЫЯ12

Яе ўжо параўноўваюць з папулярнымі на постсавецкай прасторы Манетачкай і Грэчкай, а хтосьці і з выхадцамі з Беларусі — гуртом IOWA. Але Ліза Кастэнка (менавіта так насамрэч завуць Лісу) не любіць параўнанняў. Яны верыць, што ўсе людзі на зямлі — індывідуальнасці, і артысты як частка сусвету шукаюць уласныя стыль-гучанне-вобраз.

Ліза Кастэнка.

Не так даўно Ліза выпусціла дэбютны EP з пяці песень «Аксаміт» і кажа, што восенню прэзентуе ўжо паўнавартасны альбом «з гісторыяй». Пра што будзе гэтая гісторыя, спявачка пакуль не расказвае — гэта сакрэт, пра які вядома толькі яе сябру, разам з якім яна над ёй і працуе. Праўда, можна быць упэўненымі на 100%, што яна не здрадзіць сённяшняй стылістыцы, якую ў народзе празвалі «псіхадэлічны поп».

Пакуль жа новы альбом дапісваецца, знаёмім вас з новым імём у беларускай музыцы бліжэй.

Пяць фактаў пра Лісу

  1. Бацькі Лізы — журналісты: маці са Смаргонскага раёна, тата — са Жлобіна. Сама Ліза нарадзілася ў Мінску і таксама паступіла на журфак. Не толькі таму, што ў гэтай сферы працуюць бацькі. Перш-наперш ёй самой даўно падабаецца пісаць.
  2. Сваю першую песню дзяўчына напісала ў 10-м класе. Яна называлася «Красавік» і была прызначана, каб грацца пад гітару. Гэтую песню Ліза прысвяціла бацькам. «Мне было вельмі важна пачуць, што яны пра гэта думаюць. І ім спадабалася! Яны ўвогуле моцна падтрымалі маё новае захапленне. Пасля гэтага я пачала пісаць яшчэ і яшчэ — мяне вельмі натхняе мая сям’я», — расказвае Ліза.
  3. У школе Ліза спявала ў хоры. Працэс стварэння трэкаў пад мінусы сяброў пачаўся, калі яна зразумела, што прыйшоў час пераходзіць на новы ўзровень. Для «Аксаміту» біты стварылі Janne, Divewithin і Started. Звадзіў усё Дан Жураўкевіч з ArrowSound. Трэкі атрымаліся самастойнымі, але можна сказаць, што агульную лінію ім задае тэма кахання.
  4. «Мяне натхняе любоўная лінія ў маім жыцці — людзі, з якімі я сябрую і камунікую. Я ўдзячная нават тым, хто прыносіць мне дрэнныя эмоцыі — урэшце рэшт яны таксама могуць выліцца ў песню. Таксама мяне натхняе любая музыка, гукі, цікавыя словы. Часам я слухаю нейкую песню і думаю: «Блін, шкада, што не я гэта напісала». Я слухаю розную музыку. З рускамоўных люблю Бакея, Какору, Басоту, ЛСП. З замежнікаў аддаю перавагу Лане Дэль Рэй і спявачцы «Лорд» — гэта для мяне сапраўдныя жаночыя ідэалы», — расказвае пра свае густы Ліза.
  5. У будучыні дзяўчына хацела б працаваць журналісткай у нейкім сучасным моладзевым выданні, але пры гэтым паралельна даваць канцэрты і выступаць на постсавецкай прасторы. Натуральна, каб яе ў гэтых межах ведалі. Ліза прызнаецца, што ў нейкі момант разважала над тым, ці не пачаць пісаць яшчэ і па-англійску, але вырашыла, што не будзе гэтага рабіць: «Мне здаецца, што рабіць гэта на родных мовах куды больш шчыра. Толькі выконваючы песні па-руску ці беларуску я атрымліваю сапраўдны кайф. Некаторыя мае песні на беларускай мове настолькі меладычныя, гучныя і прыгожыя, што іх выкананне пад гітару мяне ў літаральным сэнсе захоплівае».

Адна з песень Лізы на беларускай мове.

Кацярына Карпіцкая, фота з асабістага архіва гераіні

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура