Праект партала
Навокал
16.07.2018 / 14:33
«Сітуацыя з парасонам Пуціна — памылка этыкету, якую будуць прыводзіць у падручніках»31

Падчас цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў чэмпіянату свету па футболе адбылася недарэчная сітуацыя, калі адзіны парасон адкрылі толькі над Уладзімірам Пуціным. Гэта абсалютны правал пратакольнай службы прэзідэнта Расіі, лічыць заснавальніца школы этыкету Аксана Зарэцкая.

Аксана растлумачыла, як жа трэба было паводзіць сябе ў такой сітуацыі, калі нечакана пайшоў дождж.

«Сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў маюць розныя ступені афіцыйнасці. Ёсць афіцыйныя сустрэчы, дзелавыя, працоўныя, візіты праездам. Тое, што адбывалася ў нядзелю на «Лужніках», можна назваць афіцыйнай цырымоніяй узнагароджання. Гэта не было афіцыйным мерапрыемствам з пункту гледжання пратакола. Гэта была частка шоу, і ў гэтым шоу гаварыць пра жорсткае выкананне афіцыйнага пратакола недарэчна. Патлумачу.

У афіцыйным пратаколе падкрэсліваецца, што няма гендарнага падзелу. Памятаеце недарэчную сітуацыю, калі Пуцін падарыў Ангеле Меркель кветкі, тым самым зрабіў акцэнт на тое, што яна жанчына. Тады ён павёў сябе няправільна, бо адбывалася ўсё гэта падчас афіцыйнага візіту».

А вось падчас учарашняга мерапрыемства сітуацыя была адваротная.

«Сярод трох кіраўнікоў дзяржаў была дама. Гэта мерапрыемства праводзілася для публікі, і тут неабходна было падкрэсліць, што прэзідэнт Харватыі — жанчына. І парасон у першую чаргу раскрыць над ёй. А тое, што зрабіла пратакольная служба Пуціна — гэта не проста непрыгожа, гэта дэманстрацыя абсалютна непарытэтнага жэсту. Пры гэтым Пуцін жа адмахнуўся спачатку ад парасона, але пратакольная служба настаяла».

Самае правільнае, што трэба было зрабіць у гэтай сітуацыі, лічыць Аксана Зарэцкая, не раскрываць парасон наогул.

«Калі ўжо так здарылася, што пратакольныя службы Францыі і Харватыі не паклапаціліся пра гэта, а прымаючы расійскі бок не падрыхтаваў тры парасоны, то не трэба яго было адкрываць наогул».

Па размовах, парасон Пуціна — вельмі асаблівы. Ён каштуе больш за 6000 даляраў. Ім можна абараніцца не толькі ад ападкаў, але і ад іншых відаў магчымых агрэсій: нажа, куль, кіслаты, агню, сабак, а таксама ветру, хуткасць якога можа даходзіць 168 кіламетраў на гадзіну. Парасон — высокатэхналагічны, вельмі лёгкі (важыць усяго 700 грамаў), раскрываецца ў імгненне вока, купал такой формы, што кроплі не трапляюць на абутак бліжэйшага. Пры неабходнасці яго можна выкарыстоўваць як сродак самаабароны — у яго вялікая сіла ўдару, аналагічная стальной трубе, ён не гнецца і не ламаецца. Таму ён і прызначаўся спецыяльна для прэзідэнта.

А ў выніку атрымаўся правал, які ўвойдзе ў падручнікі па этыкету ў раздзел: «Як не трэба рабіць».

«Гэта сітуацыя роўная той, каб калі б да парога пад'ехала аўто для аднаго прэзідэнта, а другому параілі ехаць у калысцы матацыкла суправаджэння — для вас машыны не знайшлося», — падсумавала Аксана Зарэцкая.

Наталля Тур

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура