Праект партала
Стасункі
11.07.2018 / 20:11
МУС прапануе абмеркаваць закон «Аб супрацьдзеянні хатняму гвалту»: топ-6 самых прарыўных пунктаў49

Новыя паняцці («эканамічны гвалт», «пераслед», «дамаганне»), пашыраны спіс тых, каго можна будзе вінаваціць у хатнім гвалце, забарона на біццё дзяцей… Як і абяцалася, МУС прэзентавала сапраўды рэвалюцыйную канцэпцыю праекта патэнцыйнага закона.

Як паведамляе ведамства, канцэпцыя ўзгодненая з грамадскімі арганізацыямі ды зацікаўленымі міністэрствамі і накіраваная ў Савет Міністраў. Калі ўсё складзецца добра, то ўжо восенню дакумент трапіць на вочы Аляксандру Лукашэнку, а налета можа быць прыняты і закон.

Пазнаёміцца з усім тэкстам магчымых новаўвядзенняў можна на сайце МУС, пакуль жа прапануем звярнуць увагу на галоўныя, рэвалюцыйныя прапановы, пра з’яўленне якіх у Беларусі гавораць ужо шмат год.

Адзначыць у дакуменце самыя пазітыўныя моманты нам дапамаглі Аляксандра Дзікан (заснавальніца Цэнтра па прасоўванні правоў жанчын «Яе правы») і Ірына Альхоўка (кіраўніца арганізацыі «Гендарныя перспектывы»).

Фота: womans.ws

Пашыранае азначэнне хатняга гвалту і яго ўдзельнікаў

Нарэшце, і былыя сужэнцы, і проста партнёры (а не толькі блізкія сваякі і тыя, з кім у чалавека аформлены афіцыйны шлюб) трапляюць у спіс членаў сям’і, дзеянні якіх могуць разглядацца як хатні гвалт. Пакараць былога мужа, які ўсё яшчэ лічыць, што жонка яму нешта вінная і высвятляе з ёй адносіны, ці чалавека, які жыве з вамі пад адным дахам і крадзе прадукты з халадзільніка, пры тым што вы даўно ўжо не блізкія людзі, будзе прасцей.

Асобна прапісаныя падвіды гвалту: фізічны, эканамічны, псіхалагічны. Раней за тое, што муж забараняў жонцы вучыцца, працаваць і пазбаўляў любой самастойнасці, прыцягнуць да адказнасці было складана. Цяпер гэта прасцей — трэба будзе толькі даказаць.

Прапаноўваюць вызначаць усе магчымыя рызыкі загадзя

У канцэпцыі закона гучыць паняцце «адзнакі рызыкаў». Гэта вельмі перадавая практыка, якая прапаноўвае разглядаць паводзіны агрэсара ў комплексе, а не проста рабіць высновы з фактаў гвалту. У дачыненні да агрэсара складаецца пэўны чэк-ліст: ці прыцягваўся ён да адказнасці раней, ці мае зброю, ці наносіў шкоду жывёлам і гэтак далей. Гледзячы на ўсе гэтыя сабраныя факты, супрацоўнікі органаў могуць ацаніць ступень рызыкі, што інцыдэнт паўторыцца. Такая практыка з поспехам прымяняецца і ў Аўстрыі, і ў Вялікабрытаніі, і ў ЗША — будзе цікава, ці ўвойдзе яна ў закон у нас.

Аператыўнасць з абароннымі прадпісаннямі

Прадугледжваецца раздзяліць абаронныя прадпісанні на тэрміновыя і менш тэрміновыя. У міжнароднай практыцы тэрміновае прадпісанне (каб на час развесці бакі, што канфліктуюць і прадухіліць магчымыя наступствы) павінна выдавацца ў той жа момант, калі здарыўся выезд на выклік, а не праз некалькі дзён, як мае месца ў нас, калі абодва бакі ўжо супакоіліся і прымірыліся. Супрацоўнік аддзела ўнутраных спраў можа прымусіць крыўдзіцеля пакінуць памяшканне, якое ён да гэтага дзяліў з ахвярай, на тэрмін да 15 дзён. Пры наяўнасці санкцыі пракурора гэты тэрмін можа павялічвацца (калі ідзе крымінальны працэс, напрыклад, ці трэба падзяліць маёмасць).

Не проста караць, але і спрабаваць рэабілітаваць

Гучыць магчымасць з’яўлення новых праграм па працы з крыўдзіцелямі — гэта адлюстроўвае разуменне МУС, што пакаранне, штрафы не заўсёды выпраўляюць чалавека. Трэба працаваць з паводзінскімі патэрнамі, псіхалогій і гэтак далей. Праўда, важна, каб гэтыя праграмы былі зробленыя па міжнародных узорах і іх наведванне было прымусовым.

Атрыманне дапамогі — не толькі па заяве

Аказанне паслуг для ахвяры гвалту не павінна залежыць ад яе гатоўнасці звярнуцца па дапамогу. Сёння, каб трапіць у крызісны пакой, ад пацярпелых патрабуюць факта звароту ў міліцыю. Але ставіць напісанне заявы ўмовай атрымання дапамогі — няправільна. Увогуле, лічыць Ірына Альхоўка, расследаванні па справах гвалту павінны праводзіцца нават без адсутнасці заявы пацярпелага, бо, напрыклад, бацькі, якія пакутуюць ад сваіх дзяцей, ніколі не напішуць на іх заяву ў міліцыю, нават калі маецца пагроза жыццю.

Біць дзяцей — не выхаванне

Калі законапраект набудзе моц, па любым факце гвалту ў дачыненні да дзяцей можна будзе звяртацца ў міліцыю. Трэба разумець, што выхаванне пабоямі — гэта не мера выхавання і не прыватная справа сям’і.

Праўда, як адзначаюць прадстаўніцы недзяржаўных аб’яднанняў, закон — не панацэя. На наступную раніцу пасля яго прыняцця мы прачнемся ў той самай краіне, і намаганняў для рэалізацыі закона трэба будзе прыкласці яшчэ больш, чым для яго стварэння.

Nina.nn.by

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура