Праект партала
Густ
08.07.2018 / 10:45
Тэледзіва Валярына Кустава: Мне падабаюцца толькі мужчынскія пахі29

У рубрыку «Пяць любімых рэчаў» гераіні прыходзяць са сваімі любімымі цацкамі, упрыгажэннямі, сукенкамі. Паэт, тэлевядучая і даследчыца Валярына Кустава прынесла на сустрэчу сваю музу і рэчы, што належаць не столькі самой Валярыне, колькі яе ўнутранаму мужчыну і ўнутранай князёўне. 

Слоўнік Ластоўскага і 16 том Караткевіча з поўнага збору твораў

« — Ці ёсць нейкая рэч, — пытаецца каханая жанчына паэта, — якую б ты перавёз да мяне і гэта б значыла, што ў нас сур’ёзныя стасункі? — Мая бібліятэка, — адказаў паэт».

Да кніг у Валярыны Куставай адносіны трапяткія, сакральныя. Падчас размовы яна не раз прыгадае сітуацыі з жыцця, калі кніга станавілася не проста сімвалам камфорту, утульнасці і, нават, нечым містычным. Кнігі для Валярыны — гэта штодзённая неабходнасць. Таму:

«Я прынесла дзве кнігі. Каб можна было — усе пяць рэчаў былі б кнігамі. Бо я — гэта мая бібліятэка перадусім: тая, што звонку, і тая, што ўнутры. Першая: расійска-крыўскі слоўнік Вацлава Ластоўскага, які мне падарыў легендарны паэт Анатоль Сыс, калі мне было 16 гадоў. Ён тады паўжартам хацеў аддаць ледзьве не ўсю хату, але я пагадзілася толькі на слоўнік. Гэта знакава. З маленства люблю слоўнікі. Як толькі навучылася чытаць, гартала іх, шукала словы, якія мне падабаюцца, фантазіравала, што яны могуць абазначаць, чытала тлумачэнні, адкрывала для сябе новыя словы. Гэта ж такое задавальненне — адкрываць і вынаходзіць новыя словы, амаль такое ж — як дазнавацца пра новых паэтаў!»

Ад 2002 года Валярына працуе ў архівах, дзе збірае, адшуквае варыянты мастацкіх сцэнарыяў Уладзіміра Караткевіча, якія ён пісаў для кіно. Гэтыя знаходкі і склалі 16 том збору твораў. Гэта стала і тэмай яе магістарскай і кандыдацкай дысертацый. Цяпер яна працуе над 17-м томам — дакументальнымі сцэнарамі.

«Выданне ўнікальнае, бо гэтыя сцэнары раней не друкаваліся, пра некаторыя нават самі даследчыкі і спадкаемцы Караткевіча не чулі. Цяпер працую над томам сцэнарыяў для дакументальнага кіно. Апошняе, што знайшла ў архівах, гэта ліставанне Караткевіча з дырэктарам «Беларусьфільма». Той піша, што на студыі працягнулі конкурс сцэнарыяў пра сучаснасць, каб Караткевіч змог даслаць свае працы.

На што Уладзімір Сямёнавіч на гэтым жа лісце ад рукі напісаў: «На жаль, пра перавагі трохкутных кароўнікаў над чатырохкутнымі пісаць не магу. Не спецыяліст. Вопыту не маю».

«Дзеўка. Паэт. Неба»

Ніколі не любіла слова «паэтка» ў дачыненні да мяне. Алесь Пісьмянкоў неяк даў больш дакладнаю фармуліроўку, назваўшы мяне дзеўка-паэт. У свой час я вяла «Жывы часопіс», дзе, уласна, і была падпісана Дзеўка-Паэт-Неба.

І яшчэ я вельмі люблю падарожнічаць.

Аднойчы на выспе Радос мяне абрабавалі. Скралі ўсё, што толькі можна. І гэта ў апошні дзень.

Мяне прытулілі ў адным грэцкім манастыры, дзе я жыла амаль месяц. Я піла ваду, ела хлеб, шмат гуляла, асэнсоўвала… Дзеля чаго гэта ўсё адбылося? Напрыканцы, я проста адчувала, што злілася з прыродай, што чую, як бяжыць пясок, як шуміць вецер. І вось у адзін з такіх дзён я зайшла ў крамку ў самым цэнтры Радоса. І на паліцы, сярод іншых старажытных рэчаў я ўбачыла яе. Маю дзеўку-паэта-неба. Усё супала: і вянок, і крылы, і тое, што гэта было менавіта дзявочае аблічча… Гэта цалкам адпавядала маёй самасці. Цяпер яна стаіць на маім працоўным стале. Мая муза, што дорыць натхненне.

«Ваша цела пахне пачулі — ці маю душу вы пачулі…»

Для мяне важна не сама парфума, водар, а тыя сімвалы, што хаваюцца за імі.

Не так даўно я праходзіла аромадыягностыку, дзе трэба было панюхаць 80 пахаў. І мне не спадабаўся ніводзін «жаночы» водар. Толькі так званыя мужчынскія. І найбольш мне спадабаўся пах пачулі. Гэта водар майго ўнутранага мужчыны, на якога я раўняюся, як сказала аромадыягност. Мужчыны, які спраўджвае свае мары. Водар, які дорыць камфорт.

З пачулі таксама была гісторыя, калі я напісала свой верш «Ваша цела пахне пачулі ці маю душу вы пачулі…». Адна з наведніц майго нядаўняга трэнінгу расказала такую гісторыю: яна прачытала верш у інстаграме. І вось у той самы дзень, калі ішла па вуліцы і раптам адчула пах пачулі (да слова — яе любімы пах), то азірнулася і ўбачыла мяне з мужам.

Так што ўсё невыпадкова.

Шляхетныя завушніцы ад рэканструктара крыжа Ефрасінні Полацкай 

Увогуле я люблю ўпрыгожанні з золата, плаціны, брыльянтаў і смарагдаў. Але таксама вельмі шаную рэчы ручной работы, з гісторыяй. Гэтыя завушніцы купіла ў Берасці ў майстэрні Мікалая Кузьміча, таго самага, што рэканструяваў крыж Ефрасінні Полацкай, створаны Лазарам Богшам. Акрамя таго, ён робіць упрыгажэнні са срэбра з каляровай эмаллю і каштоўнымі камянямі. Калі пару тыдняў таму выступала ў Берасці, мая калега павяла мяне да яго ў майстэрню. А яна зачыненая. Я кажу: пусціце, я адчуваю, што ў вас нешта набуду! Стала мераць розныя завушніцы… На вітрыне яны былі проста сімпатычныя, а як я іх надзела, яны адразу сталі шляхетнымі. Ува мне адразу прачнулася мая ўнутраная князёўна, якая сказала: трэба браць.

Бывае, што свае ўпрыгажэння дару. Проста той час, які вы павінны былі прайсці разам, ужо мінуў. А бываюць рэчы, якія хочацца, каб заставаліся з табой назаўжды.

Крыжык, што падарыла бабуля на 18-годдзе і сказала: «Мяне не будзе, а крыжык застанецца». Так і атрымалася. Яшчэ ёсць некалькі знакавых пярсцёнкаў і завушніц ад дарагіх людзей….

Напрыклад, завушніцы, якія калісьці дарыў кавалер. Ён не мог вырашыць, чым заслужыць прабачэнне: падарыць мне пісталет ці завушніцы. Крама са зброяй, на жаль, была зачыненая.

Дарэчы, зброю таксама люблю. І дарылі мне і рагаткі, і кастэты, рознае… Страляць люблю вельмі.

Чорна-белая сукенка для гішпанскай фігуры

Раней ніколі не насіла сукенкі. І толькі апошнім часам жаноцкасць стала прачынацца ўва мне. Раней сукенкі былі атрыбутам здымак: «Чорным па белым», «Фітнес-шмітнес», «Прыват» — у якіх здымала свае праграмы на «Белсаце». А не так даўно, літаральна пару гадоў як, зразумела, што, аказваецца, у паўсядзённым жыцці можна выглядаць як на сцэне, у найлепшым сэнсе слова — узнёсла, камфортна і будучы сабой.

Сукенкі купляю ў падарожжах. Не памятаю, каб нешта набывала ў Беларусі. Вось у Цверы купляла, на Тэнэрыфэ, на Родасе. Прывозіла сукенкі з Іспаніі, Італіі. Там любяць мой тып фігуры, такі гішпана-бразільскі ў выглядзе пясочнага гадзінніка.

А сукенку, што цяпер на мне, выбірала мая мама ў Вільні. Мамка найлепей ведае, як выбраць мне рэч, якая дакладна будзе пасаваць. Адметна тое, што яна чорна-белая. Адпрацаваўшы тры гады ў перадачы «Чорным па белым», я не магла глядзець на чорна-белыя рэчы. Вось толькі цяпер адпусціла.

Яшчэ некалькіх файных сукенак — на вяселле і вянчанне абіралі разам з Васілём — у Кіеве і Варшаве. Звычайна ён да іх спакойны. Але калі раптам у яго займае мову, а пасля ён ціха ўстае і выдыхае «ах» — то гэта прыкмета таго, што варта.

А на пытанне, які ў Валярыны любімы колер, яна ўсміхнулася і сказала: «Ружовенькі, але я сябе кантралюю ў гэтым».

Наталля Тур, фота Волі Афіцэравай

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура