Праект партала
Дома
06.07.2018 / 00:37
Медсястра праз «недастатковую» вагу нованароджанага пагражала бацькам сацыяльнай службай. Гэта нармальна?11

Чытач «Нашай Нівы» Васіль М. распавёў пра дзіўныя паводзіны ўчастковай медсястры з 11-й гарадской дзіцячай паліклінікі, якая наведвае іх нованароджанае дзіця дома.

«Наведваючы дома нованароджанага сына, медсястра заявіла, што, на яе думку, яно не набірае дастатковай вагі (праз два тыдні ён важыць толькі на 250 грамаў больш, чым пры выпісцы), што ў яго «дрэнны білірубін» і што яго трэба дакормліваць штучным харчаваннем (пакуль што харчаванне толькі грудное). Медсястра заявіла, што, калі сітуацыя з вагой не палепшае (на яе думку, дзіця за першы месяц павінна набраць 800 грамаў), яна паведаміць пра гэта ў сацыяльную службу, «юрыстам» і загадчыцы паліклінікай. Запатрабавала, каб мы разам з дзіцём прыйшлі да апошняй на прыём».

У мамы і таты ўзніклі лагічныя пытанні: хто вызначае патрабаванні па вазе і іншых паказчыках і ці мае ў дадзеным пытанні паўнамоцтвы сацыяльная служба.

Адказвае доктар, кандыдат медыцынскіх навук Андрэй Вітушка:

«Па медычных канонах дзіця павінна набіраць каля 20—30 грамаў на дзень. Прыбаўка ў вазе ацэньваецца звычайна за месяц (калі дзіця не губляе ў вазе). Вызначаць стратэгію кармлення не справа медсястры, яна не можа даваць такіх рэкамендацый. Размовы пра сацыяльную службу і юрыстаў сведчаць пра кепскі настрой ці самаўпраўства. Падобная пастаноўка пытання можа прывесці да стрэсу ў маці і зніжэння лактацыі. Калі вы сутыкаецеся з такімі паводзінамі, раю пайсці паразмаўляць з загадчыкам аддзялення і ўказаць на недапушчальныя паводзіны медработніка. Калі не знойдзеце разумення, звяртацца пісьмова да адміністрацыі паліклінікі. Спадзяюся, вам пашанцуе патрапіць на больш адэкватных спецыялістаў».

Сярэднія паказчыкі, але для ўсіх дзяцей яны індывідуальныя.

Васіль таксама расказаў нам, што медсястра прапаноўвала перайсці на сумесі і выказала здагадкі пра «дрэнны білірубін» выключна на падставе знешняга выгляду дзіцяці, не маючы на руках аналізаў. 

Пасля гэтага ў сям’і вырашылі здаць аналізы, якія паказалі нулявы ўзровень білірубіну, астатнія паказчыкі дактары таксама назвалі выдатнымі. У тым ліку і набор вагі. Таму было прынята рашэнне ні прымаць нічога новага, пакуль на тое не будзе аб'ектыўных падстаў.

Аднак перавесціся да іншага доктара з медсястрой з канцамі не атрымаецца: гэта магчыма зрабіць па заяве на імя загадчыка аддзялення, але толькі ў межах абслугоўвання ў паліклініцы. Патранаж жа дома здзяйсняюць замацаваныя, вольныя спецыялісты — распавялі нам у прыёмнай 11-й паліклінікі.

Nina.nn.by, фота на застаўцы golos.io

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура