Праект партала
Рост
04.07.2018 / 19:24
Jay-Z з Beyonce, Florence + The Machine і не толькі. 10 музычных альбомаў чэрвеня, якія вы маглі прапусціць5

Чэрвень выдаўся па-летняму ўрадлівым на новыя альбомы. Паглядзім, што цікавага вырасла на музычнай глебе. Як заўсёды — дзясятка найбольш заўважных навінак мінулага месяца вашай увазе!

Morcheeba — Blaze Away

Піянеры трып-хопу вярнуліся праз пяць год. У новым альбоме музыкі адмовіліся ад эксперыментаў і прыклалі максімум намаганняў, каб стварыць класічны «марчыбаўскі» гук.

Kanye West — Ye 

Канье — адназначна самы працавіты артыст гэтага лета. У чэрвені выйшла пяць альбомаў, да якіх ён мае дачыненне. Першым быў рэліз Pusha T, потым сольнік, астатнія — дуэт з Kid Cudi, плыткі Nas ды Teyana Taylor.

Рэпер зладзіў вельмі арыгінальную прэзентацыю альбома: на ранча ў штаце Ваёмінг. Паклікаў туды журналістаў, музыкаў і зорак. Праўда, тамтэйшыя гаспадары не ацанілі зменлівы настрой Канье Уэста, а таксама вельмі гучную музыку.

 

Mike Shinoda — Post Traumatic

Майк ніяк не можа перажыць смерць свайго блізкага сябра Чэстэра Бэнінгтана. Менавіта гэтай псіхалагічнай траўме і прысвечаны альбом.

Шынода расказвае, наколькі цяжка было музыкам Linkin Park сабрацца і адыграць канцэрты памяці свайго лідара. І наколькі цяжка ім чытаць выказванні пра хайп на смерці Бэнінгтана.

Florence + The Machine — High As Hope

Флорэнс Уэлч вярнулася праз тры гады маўчання, і гэта трыумфальна. Як прызналася рудавалосая брытанка, новыя песні дазволілі ёй узяць пад кантроль свае шкодныя звычкі і псіхалагічныя праблемы.

Ідуць гады, мяняецца мода, але вытанчанасць Фло і яе музычнай машыны заўсёды па-над пераменамі.

ДДТ — Галя хадзі

Дваццаты альбом легендарнага калектыву. Юрый Шаўчук хацеў зрабіць так, каб кожная песня адрознівалася ад усіх іншых. Гэта плытка эксперыментаў і шырокага дыяпазону тэм — ад вайны да кахання.

Drake — Scorpion

Новы альбом канадскага рэпера за першыя суткі праслухалі больш за 300 мільёнаў разоў — гэта абсалютны рэкорд.

Сярод 25 трэкаў ёсць адзін вельмі незвычайны — Don't Matter To Me, дзе з Дрэйкам спявае … Майкл Джэксан. Кароль поп-музыкі памёр у 2009 годзе, але праз 9 год ягоныя нявыдадзеныя запісы 1983 года атрымалі новае жыццё.

Bullet For My Valentine — Gravity

BFMV шостым альбомам сталі ў шэраг трэндавых метал-калектываў з электроннымі прымочкамі. Гучыць модненька, але гэта ўжо не той гурт, якім вы захапляліся ў школьныя гады.

Gorillaz — The Now Now

Год таму прыхільнікі творчасці Gorillaz у штыкі сустрэлі альбом Humanz, дзе за запрошанымі артыстамі не было чуваць Дэймана Албарна. The Now Now  альбом з Албарам на першым плане, той альбом, дзе ён «проста спявае».

The Carters — Everything Is Love

Сямейны падрад Jay-Z і Beyonce. Пра планы запісаць сумесны альбом пара ўпершыню распавяла ў мінулым годзе, але заняцца запісам змаглі толькі пасля выхаду сольнікаў. 

Everything Is Love ліха стартануў у музычных чартах. Ці супадзе ваша меркаванне з меркаваннем замежных слухачоў?!

САЮЗ — Гэта ўсё зусім не тое

Пасля двух месяцаў цішыні ў нашых падборках зноў знайшлося месца для айчыннай музыкі. 

Мінскае індзі-трыа выдала дэбютную плытку на ўкраінскім лэйбле Івана Дорна. Як кажуць музыкі, альбом пра будзённае жыццё лірычнага героя, які губляецца ў шэрагу аднолькавых дзён.

А што вы слухалі ў чэрвені? Пішыце ў каментарах!

Піліп Каваленка

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура