Праект партала
Тонус
30.06.2018 / 09:09
Што такое кушон і чаму жанчыны пераходзяць на іх? 8

Кушон — гэта адносна новы фармат касметыкі на беларускім рынку, ва ўсім свеце ён знаходзіць усё больш прыхільнікаў.

Кушон — гэта скрыначка, падобная да кампактнай пудры. У ёй знаходзіцца губка, прамочаная вадкім касметычным сродкам.

Слова «cushion» перакладаецца з англійскай як «падушка» і абазначае менавіта фармат: у форме кушонаў могуць быць танальныя крэмы, румяны, скульптары і нават сродкі для броваў. Але часцей за ўсё, калі кажуць «кушон», маюць на ўвазе менавіта танальныя сродкі.

Наносіцца такі прадукт пры дапамозе спецыяльнага спонжыка: калі ён дакранаецца да губкі, то ўсмоктвае ў сябе сродак. Лёгкімі папляскваннямі па твары сродак пераносіцца на скуру.

Што дае кушон?

  1. Як правіла, гэта лёгкае раўнамернае пакрыццё, якое не кладзецца маскай і падобнае на натуральны макіяж. Некаторыя кушоны могуць добра маскіраваць пігментацыю і ўсялякія недасканаласці скуры, якасць залежыць ад канкрэтнага прадукту.
  2. Кушонамі зручна карыстацца, зручна папраўляць макіяж на працягу дня. Гэта выдатны паходны варыянт.
  3. Кушон лягчэй кладзецца на сонцаахоўны сродак. Калі пад танальную аснову наносіць крэм з spf, першая можа няроўна класціся і скачвацца. Але калі пасля сонцаахоўнага крэму выкарыстоўваць кушон, то за кошт «набівання» паверх, тон будзе добра трымацца.

У Беларусі выбар кушонаў пакуль невялікі. Нашы вытворцы, хутчэй за ўсё, яшчэ не хутка асвояць гэты фармат, таму трэба звяртацца альбо да люксавых марак (напрыклад, Este Lauder), альбо звярнуць увагу на карэйскія прадукты. Дарэчы, гэты фармат, як і многія навінкі, прыйшоў у Еўропу і ЗША менавіта з Карэі.

Мінус кушонаў у тым, што аб'ём прадукту невялікі. За кошт спосабу нанясення расход памяншаецца, але пры актыўным выкарыстанні кушона ўсё адно хапае ў сярэднім толькі на 2 месяцы. Для першага закупу гэта не зусім выгадна, але потым ва ўпакоўку можна ўставіць рэфіл (новую змочаную губку). Такая «запаска» каштуе на палову танней, чым новы кушон.

Увага! Пры куплі кушона пытайцеся ў краме пра наяўнасць рэфіла! Калі ў краме іх не будзе (а такое здараецца часта), то прыйдзецца альбо купляць новы з упакоўкай, альбо замаўляць рэфіл з Карэі.

Што з кушонаў можна купіць у нас?

Кушоны ёсць у Yves Rocher, і з'явіліся яны там каля двух гадоў таму. Каштаваць адзін будзе каля 40 рублёў, але ён не падыдзе для тлустай скуры. Увогуле, кушоны хутчэй прызначаныя для сухой і нармальнай скуры, таму калі вы ўладальніца камбінаванай і тлустай скуры, перад шопінгам чытайце водгукі.

У карэйскага брэнда Missha ёсць шмат розных кушонаў. Самыя добрыя і ўніверсальныя — гэта ўвільгатняльныя ў белай ўпакоўцы (але іх часова знялі з вытворчасці, чакаем вяртання з рэбрэндынгам). Што цікава, у асенне-зімовы перыяд ён добра пасуе нават для тлустай скуры. У асартыменце ёсць кушоны з вельмі шчыльным пакрыццём. Ступень пакрыцця можна праверыць наступным чынам: намалюйце што-небудзь на руцэ чырвоным або чорным алоўкам (вазьміце яго з сабой з дому загадзя або спытайце ў кансультантаў), зверху нанясіце кушон.

І яшчэ адно маленькае, але вельмі значнае ўдакладненне: калі ў вас праблемная скура, у перыяды актыўных запаленняў кушонамі лепш не карыстацца, інакш вы можаце разнесці інфекцыю далей, ды і мікробы патрапяць у сам сродак.

Хто карыстаўся кушонамі, падзяліцеся ў каментарах уражаннямі!

Ліна Несцяровіч, ілюстрацыі аўтаркі

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура