Праект партала
Тонус
22.06.2018 / 17:18
Ці мае сэнс вайна з цэлюлітам?9

Жыў-быў на свеце страшны звер, якога баяліся ўсе жанчыны, і імя яму было Цэлюліт. Шмат гадоў яны з ім змагаліся, пракліналі, прыдумлялі розныя змовы і антыцэлюлітныя абрады, нават па-добраму прасілі сысці, але ён быў нязломны…

Але аднойчы людзей асяніла: цэлюліт ім не пагражае, жыве сабе ціхенька і нікога не чапае. Толькі пасля гэтага шматгадовая вайна скончылася, усе жылі доўга і шчасліва. Канец.

Казкі казкамі. Але давайце разбяромся з усімі бакамі цэлюлітнай гісторыі і высветлім, чаму ён, насамрэч, у чалавечай прыродзе, а змагацца з ім, як з нейкай страшнай хваробай, недарэчна.

Дапаможа нам у гэтым персанальная фітнэс-інструктарка Валерыя Казакевіч.

Валерыя Казакевіч.

Пра тэрмін

Сам тэрмін цэлюліт з'яўляецца ў корані няправільным вызначэннем для нашых бугаркоў на сцёгнах, паколькі мае суфікс «-іт». У медыцыне яго звычайна выкарыстоўваюць для абазначэння запаленняў кшталту бранхіту, сінусіту, гаймарыту і гэтак далей. У пераважнай большасці цэлюліт — гэта проста тлушч пад скурай.

Як гэта адбываецца? Колькасць тлушчавых клетак лакальна павялічваецца, у тлушчавай тканцы парушаецца мікрацыркуляцыя. Клеткі перастаюць выдзяляць прадукты сваёй жыццядзейнасці, затое з падвоенай сілай назапашваюць тлушч. З імі адбываецца тое ж самае, што ў такіх выпадках адбываецца з людзьмі, — яны таўсцеюць.

Па статыстыцы, цэлюліт у розных стадыях ёсць амаль у 80—90 працэнтаў жанчын. У мужчын — нашмат радзей. Наяўнасць тлушчавай праслойкі — цалкам нармальная сітуацыя для жанчыны. Падскурны тлушч удзельнічае ў абмене рэчываў, рэгулюе працу рэпрадуктыўнай сістэмы і з'яўляецца паўнавартасным эндакрынным органам.

Чаму мы змагаемся з цэлюлітам?

Ідэя пра тое, што гэта непрыгожа і страшна, з'явілася ў розумах жанчын не так даўно — менш чым паўстагоддзя таму. Каб пераканацца ў гэтым, спытайце ў сваіх бабуль, ці ўвогуле ведалі яны пра такую «праблему», як цэлюліт? Адказ, сто адсоткаў, будзе адмоўным.

Цэлюліт як прысуд «нарадзіўся» ў 1973 годзе ў ЗША, дзякуючы Ніколь Ронсар, якая запусціла такую магутную піяр-акцыю паслуг свайго салона прыгажосці, што на шмат гадоў ёй сапраўды ўдалося пераканаць жанчын у тым, што цэлюліт — гэта праблема, з якой трэба змагацца.

Ронсар нават выпусціла кнігу «Цэлюліт: гэтыя камячкі, шышкі і бугаркі, ад якіх вы не маглі пазбавіцца раней», знайшла мадэль без целюліту і яе фота змясціла на вокладку, бо фоташоп тады яшчэ не існаваў. Воляй лёсу публікацыя трапіла на вочы часопісу Vogue, супрацоўнікі адразу ж адрэцэнзавалі кніжку, а для мільёна жанчын, як вядома, гэта выданне з'яўлялася (а для кагосьці і застаецца) ледзь не другім па аўтарытэтнасці пасля Бібліі.

Вытворцы касметыкі, адзення, электрапрыбораў, спартыўных трэнажораў і іншыя салоны прыгажосці — усе, хто своечасова зразумеў, што ад гэтага пірага трэба тэрмінова ўхапіць свой кавалак, неадкладна падтрымалі і распаўсюдзілі ідэю пра жудасны цэлюліт. Карацей кажучы, барацьба з цэлюлітам, тое, што сёння мы маем дзясяткі працэдур, крэмаў і скрабаў ад гэтай «хваробы», — гэта чысцейшы прадукт маркетынгу.

Расслабцеся, цэлюліт ёсць ва ўсіх

У большай ці меншай ступені, але яго мае і Кім Кардаш'ян і ў Розі Хантынгтан-Уайтлі, і фітнэс-мадэлі, і інста-дзівы. Проста працэнт тлушчу ў целе ва ўсіх розны.

Але цэлюліт — гэта не толькі паказчык наяўнасці тлушчавай праслойкі ў целе. Гэта яшчэ гісторыя пра агульны стан жаночага здароўя, правільную выпрацоўку гармону эстрадыёлу, затрымку вады ў арганізме, пругкасць і эластычнасць скуры, наяўнасць мышачнай масы, генетычная схільнасць. Ад усіх гэтых фактараў залежыць, як будзе выглядаць ваш цэлюліт, незалежна ад стрэлкі на вагах.

Што рабіць?

Па-першае, супакоіцца, не нервавацца, нікуды не спяшацца і не чакаць, што вашы сцёгны пасля некалькіх працэдур рэзка стануць як на вокладцы часопіса.

Па-другое, зразумець, што гэта не праблема і не падстава абмяжоўваць сябе хоць у нечым.

Па-трэцяе, адэкватна ацэньваць ступень цэлюліту: калі вы бачыце яго толькі падчас сціскання скуры, то расслабцеся і не прыдумляйце сабе лішнія праблемы — у вас яго няма. А вось калі стаіце роўна перад люстэркам і назіраеце «курагу» замест «арэшка», то тут ужо мае сэнс нешта рабіць (па вашым жаданні).

Займіцеся спортам

Як бы банальна гэта ні гучала, але гэта сапраўды працуе: чым больш у вас мышцаў, тым менш будзе цэлюліту.

Акрамя таго, фізічныя практыкаванні паляпшаюць лімфаток, нармалізуюць кровазварот, выклікаюць выкід такіх ліпалітычных гармонаў, як сомататрапін, адрэналін і тэстастэрон, насычаюць кроў кіслародам і гэтак далей. А ўсе гэтыя працэсы адказныя за правільны абмен рэчываў, тонус скуры і перапрацоўку тлушчу з клетак у энергію.

Зніжайце працэнт тлушчу

У гэтым дапаможа выключна харчаванне з дэфіцытам калорый, а не нейкія там крэмы, электрастымулятары, масажы, чароўныя алеі або ягады.

Але тут таксама варта быць асцярожнай і ведаць меру: калі залішне схуднееце, то разам з тлушчам сыйдуць мышцы і здаровы гарманальны фон, а значыць, цела ўсё роўна будзе выглядаць нібыта шарык, што здуўся. Аптымальная хуткасць пахудзення, калі вам ужо моцна хочацца, гэта 1—2 кг у месяц.

Звярніце ўвагу на ваш рацыён

Паклапаціцеся пра тое, каб у вашым рацыёне былі толькі натуральныя прадукты, бо ўсе прамысловыя — начыненыя кансервантамі, фарбавальнікамі і іншымі непатрэбнымі дадаткамі, якія спрыяюць павелічэнню тлушчавых клетак яшчэ і за кошт таксінаў.

Як бы парадаксальна гэта ні гучала, але дадайце ў свой рацыён тлушчы: марская рыба, арэхі, аліўкі, масла, семкі, авакада… Усё гэта — крыніцы поліненасычаных тлушчаў, дастатковае спажыванне якіх спрыяе не толькі пругкасці і эластычнасці скуры, але і таму, што клеткі больш ахвотна будуць аддаваць назапашаны тлушч.

Таксама ўсе медыкі, дыетолагі і касметолагі аднагалосна сцвярджаюць, што дастатковае спажыванне зеляніны, гародніны, ягад і садавіны аказвае дабратворны ўплыў на нашу скуру за кошт наяўнасці там расліннай клятчаткі, вітамінаў і антыаксідантаў.

Кідайце шкодныя звычкі

Усім вядома, што алкаголь негатыўна адбіваецца на працы печані. А яна якраз адказвае за вывядзенне прадуктаў распаду з арганізма. Калі гэтага не адбываецца, то арганізм усё гэта адпраўляе на захоўванне ў тлушчавыя клеткі, якія павялічваюцца ў памеры не толькі за кошт тлушчу, але і за кошт таксінаў.

Нікацін у сваю чаргу спрыяе памяншэнню колькасці кіслароду ў крыві, а працэс перапрацоўкі тлушчу ў энергію адбываецца толькі з яго удзелам. Адпаведна, менш кіслароду — менш тлушчу сыйдзе з клеткі.

Здайце аналізы

Калі вы сапраўды даўно займаецеся спортам, правільна харчуецеся, дастаткова спіце, а цэлюліту становіцца толькі больш, гэта можа быць сур'ёзным званочкам пра тое, што ў арганізме ёсць гарманальны дысбаланс. Не стаўце сабе дыягназ самастойна, звярніцеся да эндакрынолага, каб ён адправіў на здачу аналізаў і прызначыў лячэнне.

Дадатковыя працэдуры

Масаж, наведванне лазні і абгортванне — усё гэта таксама дабратворна адбіваецца на лімфатоку, тонусе вашай скуры і можа дапамагчы палепшыць яе знешні выгляд. Але працэнт тлушчу ў скуры гэта не знізіць і цягліцы не падкачае, таму ўсе сродкі добрыя выключна ў комплексе.

Галоўнае, памятайце: цэлюліт — гэта не хвароба, ад якой паміраюць. Гэта хітры інструмент маніпуляцыі. І ставіць на сабе крыж толькі таму, што нехта сказаў, што апельсінавая скурка на вашым целе — непрыгожа, саромецца праз гэта распранацца і насіць шорты і купальнікі — як мінімум неразумна.

Nina.nn.by, у якасці ілюстрацый выкарыстаныя рэпрадукцыі Пітэра Рубенса

Каментары
сік / Адказаць 22.06.2018 / 12:26

Цылюліт прыгожа выглядае і прыемны на ціск. Гэта індыкатар сталасці, мудрасці і майстэрства кахання. Навошта яго саромецца❔ Тулава Джаконды выклікае толькі прыемныя пачуцці! Цылюліт - гэта добра.

22
yy / Адказаць 22.06.2018 / 13:12

Калі цэлюліт рэальна заўважны і звісае - не добра.

4
Васисуалий Лоханкин / Адказаць 22.06.2018 / 14:08

обратитесь к эндокринологу, и он направит на сдачу анализов и назначит лечение. ....))) Во-во !!! Главное заплатите !! ))

8
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура