Праект партала
Гісторыі
24.06.2018 / 09:50
«У мяне дома няма аптэчкі». Правілы жыцця 69-гадовай мадэлі, якая ламае стэрэатыпы пра беларускіх пенсіянераў29

Вользе Шатыка хутка 70, але яна бярэ ўдзел у модных паказах, фотасесіях, танчыць і працуе над стварэннем свайго шоу на ютубе. Сыну Вольгі — 44 гады, унуку — 7, і яна не хоча быць для іх «адсталай» бабуляй. Але больш за ўсё яна марыць пра тое, каб і астатнія пенсіянеры перасталі з узростам ставіць на сабе крыж і губляць цікаўнасць да наваколля. Са свайго боку яна гатовая служыць прыкладам і нават кансультанткай.

Вольга Шатыка.

Мы папрасілі Вольгу расказаць, якім быў яе шлях да жыцця без нямогласці, чаму перастаць цікавіцца светам раўназначна дэградацыі і як спакойна пачувацца без аптэчкі пад рукой.

Я нарадзілася ў Маладзечне ў сям’і звычайных служачых. Пераехала ў Мінск, калі паступіла ў медыцынскі інстытут на лячэбны профіль. Так і засталася ў сталіцы. 10 год адпрацавала практыкуючым спецыялістам, а пасля перайшла на кафедру медыцынскай экспертызы і рэабілітацыі ў Акадэмію паслядыпломнай адукацыі. Абаранiла кандыдацкую дысертацыю, атрымала вучонае званне дацэнта i прарабiла там 30 гадоў.

У 7 год маці адвяла мяне ў секцыю мастацкай гімнастыкі. Прахадзіла я туды гады тры, поспехаў не дасягнула, але гэта пакінула ўва мне любоў да фізічнай актыўнасці. Пасля я займалася аэробікай, бодзіфлексам, пiлатэсам.

А калі выйшла на пенсію, то зразумела, што мне трэба дадаць у жыццё яшчэ больш спорту. Чаму? Калі чалавек ходзіць на працу, то мае і сацыяльную актыўнасць, і хоць нейкую фізічную. Як толькі заканчвае, то сыходзяць на «не» абедзве актыўнасці.

Я пачала практыкаваць скандынаўскую хадзьбу. Вось ужо 6 год, як ёй займаюся. Стараюся, каб заняткі складалі не менш 300 хвілін на тыдзень.

У мяне не было зрываў і доўгіх перапынкаў. Калі ты ўводзіш фізічныя заняткі у руціннасць, яны становяцца такой жа жыццёвай неабходнасцю, як чыстка зубоў. Вы спрабавалі не чысціць зубы двое сутак запар? Непрыемнае адчуванне. Калі я не выконваю практыкаванні 2—3 дні, то пачынаю заўважаць дыскамфорт: суставы туга рухаюцца, усё цела становіцца нібы грузным…

Я прачынаюся рана, у пачатку восьмай раніцы. Выпіваю дзве шклянкі вады і іду ў парк, дзе каля гадзіны займаюся скандынаўскай хадзьбой. Вяртаюся, займаюся саматычнай гімнастыкай Томаса Ханы. Пасля гатую сабе сняданак. Правяраю інтэрнэт: чытаю навiны на BBC, «Нашай Ніве», «Радыё Свабода». На спецыяльных сайтах сачу за сучаснымi тэхналогiямi захавання здароўя. Праглядаю найбліжэйшыя мерапрыемствы ў афішы фэйсбука — выбіраю з іх тыя, што мне цікава наведваць. Часта бываю ў музеях, на прэзентацыях кніжак, на выставах, джазавых канцэртах, у кiно, наведваю курсы «Мова нанова», сустракаюся з сябрамі. Вельмі люблю Музей гісторыі беларускага кіно за іх рэтраспектывы. Паміж усім гэтым, натуральна, ёсць нейкія побытавыя клопаты.

Працягласць жыцця павялічваецца. У 2017 годзе сярэдняя працягласць жыцця ў Беларусі склала 74,3 года, і гэта не край. Расце і ўзроставая планка, якую прынята лічыць за пік жыцця. Я памятаю, калі вучылася ў інстытуце, існавала шмат клубаў для тых, каму за 30. Гэты ўзрост успрымалі мяжой, пасля якой пачынаўся спад. Пасля планка перамясцілася на 40, сёння многія называюць 50 год пікам чалавечага развіцця. А мой любімы Ёзэф Пілатэс сказаў, што пік жыцця павінен прыпадаць на 70 год, не менш.

У нашым грамадстве запраграмавана няправільнае ўспрыманне людзей, старэйшых за 60 год.

Якімі мы ўяўляем сабе такіх людзей, калі думаем пра іх? Сівая бабуля, з пучком валасоў, у хустцы, што сядзіць недзе на лаўцы і нешта вяжа ці займаецца ўнукамі. Гэты вобраз настолькі ўкараніўся ў падсвядомасці, што сённяшнія 40-гадовыя людзі сябе ў старэйшым узросце ўяўляюць менавіта так.

І важна змяніць гэты вобраз. Я спадзяюся, што здолею натхніць сваіх равесніц і прадэманстраваць, што і ў такім узросце можна жыць паўнавартасна.

Мне падабаецца параўнанне жыцця з яздой на ровары. Да 40—45 год — гэта перамяшчэнне па роўнай мясцовасці. Нават калі ты спыняешся, нічога не адбываецца. Пасля 45 — гэта ўжо язда пад горку. І калі ты перастанеш круціць педалі, ты рэзка пакоцішся ўніз. Куды? Да нямогласці.

Чатыры гады я даглядала маці перад яе смерцю. Яна памерла ў 93, і гэта было якраз тое, што называецца старэчай лядачасцю. Калі чалавек не можа адзецца сам, таму што рукі не дацягваюцца да нагі ці ён не можа падняць рукі. Мне б хацелася старэць максімальна павольна, і гэта ў чалавечай моцы.

Кажуць, што галоўнае — палюбіць сябе. Пад гэтым я маю на увазе ўменне клапаціцца пра сябе. Знайсці хобі па душы, сваю справу. Заняць сябе тым, што дае сэнс.

Вы можаце любіць сябе такой, якой вы ёсць, і гэта ўстаноўка псіхалагічна правільная. Але паралельна з гэтым вы павінны ўмець правiльна карыстацца сваiм целам, не даводзiць да працэсу разбурэння ваш арганізм. Для гэтага трэба ведаць банальныя правілы: як правільна сядзець за камп’ютарам, як правільна хадзіць і гэтак далей. Многім, здавалася б, простым лайфхакам я навучылася ад майстроў сваёй справы і вам раю звярнуць увагу на іх відэаўрокі.

Неабавязкова быць фітнэс-мадэллю, дастаткова падтрымліваць жыццяздольнасць мышачнай сістэмы, не злоўжываць салодкім, алкаголем, не паліць, каб не стаць рабом фармацэўтычных карпарацый. Ад цукру, напрыклад, я адмовілася гадоў 10 таму. Канечне, у гасцях я магу з’есці пірог, але калі гэта здараецца раз на месяц, то нічога страшнага ні з кім не адбудзецца.

Калі вы хочаце захаваць здароўе, лепш заўсёды гатаваць самастойна. Вы ніяк не можаце пракантраляваць, колькі солі, тлушчу ці цукру дадалі ў стравы ў рэстаранах ці кавярнях. Ніхто, акрамя вас, больш не будзе клапаціцца пра ваша здароўе. Я даўно навучылася гатаваць два разы на тыдзень, але так, каб гэтых нарыхтовак хапала на тыдзень. Варыце шмат булёну — разліваеце яго ў слоікі і ставіце ў маразілку. Пасля дастаяце патрэбны булён на ноч, да раніцы ён размарозіцца, закідваеце туды гародніну цi грыбы — суп гатовы. Калі гатуеце кашу, то адначасова можна паставіць варыцца некалькі відаў. Пасля раскладваеце гэта па шкляных (!) ёмістасцях і частку таксама ставіце ў маразiлку. І так з усім астатнім.

Акрамя фізічнага ўдасканалення, важна навучыцца бачыць навокал пазітыў. Наш мозг лягчэй канцэнтруецца на негатыве, таму патрэбна трэнiраваць яго заўважаць прыгажосць у штодзённым. Фатаграфуйце тое, што прыносіць вам задавальненне, каб потым пераглядаць здымкі і зноў пражываць добрыя эмоцыі. А яшчэ трэба дзякаваць таму, у каго вы верыце, за самыя дробныя рэчы. Сусвет, космас, штосьці, у што вы верыце. Пры пачуццi ўдзячнасці ў мозгу выпрацоўваюцца эндарфіны, якiя даюць адчуванне радасцi, і асобныя нейрамедыятары, якія ўмацоўваюць імунную сістэму.

У мяне дома няма ніякіх лекаў. Раней я на ўсякі выпадак набывала абязбольвальныя, але iх не выкарыстоўвала. Праверу ўпакоўку — тэрмін прыдатнасці скончыўся. Я іх выкіну. Калі выкідвала іх у сметніцу ўжо пяты раз, вырашыла больш не марнаваць на іх грошы.

У сярэдзіне 90-х я наведвала камп’ютарныя курсы, дзе вучылася карыстацца камп’ютарам. Пасля апынулася ў Польшчы і паўсюль убачыла рэкламу з адрасамі сайтаў: www і гэтак далей. І я зразумела, што ператвараюся ў новую непісьменную. Раней непісьменныя людзі не ўмелі чытаць і пісаць, а сёння — гэта тыя, хто не ўмее карыстацца інтэрнэтам. І я паставіла мэту авалодаць ім. Усё гэта дае шырокія магчымасці вучыцца і дазнавацца пра нешта новае. Мне ніколі не лянота, калі справа тычыцца самаразвіцця.

Нехта можа сказаць: «У мяне няма часу на самаадукацыю, на спорт». Але давайце палічым, якая частка вашага дня сыходзіць упустую: у кагосьці на прагляд серыялаў, у кагосьці — на бессэнсоўныя тэлефонныя размовы ці яшчэ нешта пустое. Дык, можа, лепш выкарыстаць гэтыя хвіліны іншым чынам?

Я шмат часу правожу ў інтэрнэце і, у прыватнасці, на ютубе, бо планую стварыць адукацыйнаю відэапраграму. У маленькіх, але інфармацыйных роліках расказваць людзям пра тыя правілы, якія дазваляюць падтрымліваць здароўе i жыццёвую энергiю. Я б назвала свой канал «Доўгае жыццё без драхласці».

Гутарыла Кацярына Карпіцкая, фота Паўла Аксіновіча

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура