Праект партала
Рост
07.06.2018 / 13:50
«Я шкадую людзей, якія настроены саўкова. Яны мне здаюцца дурнямі». Якой мы запомнім рэжысёрку Кіру Муратаву3

6 чэрвеня на 84-м годзе не стала рэжысёркі Кіры Муратавай. Яе называлі адзінай па-свойму. Фільмы Кіры — гэта сусветнае кіно, якое гаворыць пра вечнае і чалавечае. Ды і сама Кіра Муратава была быццам «нетутэйшай», са сваімі поглядамі, думкамі, стрыжнем. 

Кіра Муратава. Фота з Вікіпедыі.

1. За 50-гадовую кар’еру рэжысёра Кіра Муратава зняла 15 поўнаметражных фільмаў. У першым «Кароткія сустрэчы» (1967 г.) яна сыграла сваю першую і адзіную галоўную ролю і зняла ў стужцы невядомага тады нікому Уладзіміра Высоцкага.

«Я сыграла ад безвыходнасці. На ролю была зацверджаная іншая актрыса. Яна мне падабалася на рэпетыцыях, але не падабалася на экране… Калі я прыходзіла на здымкі як актрыса, адчувала, што гэтых людзей трэба неадкладна забіць, выгнаць адсюль. Я — пуп зямлі, мы святое творым, а яны не глядзяць. Божа, якія сволачы, які жах!».

2. У 1983 годзе фільм «Сярод шэрых камянёў» зведаў такую цэнзуру, што рэжысёрка адмовілася падпісваць яго сваім імем. І да сёння ў тытрах можна заўважыць, што рэжысёр стужкі «Іван Сідараў».

3. Стужка «Астэнічны сіндром» (1989 г.) была адзначаная на Берлінскім кінафестывалі. Менавіта з гэтага фільма стужкі Кіры Муратавай пачалі называць «фестывальным» кіно, кіно «не для ўсіх», кіно для крытыкаў і кінаведаў.

«Я не стаўлю сабе задачы прымусіць гледача пра нешта задумацца. Максімум, што я магу, гэта даць па галаве сабе. А спадзявацца, што я кудысьці павярну гледача, было б вельмі смела. Я нават не спадзяюся, што змагу павярнуць яго ў бок кінатэатра, не кажучы ўжо пра нейкія душэўныя парывы».

За працай. Фота 2queens.ru.

4. У 1994 годзе Кіра Муратава знаёміцца з Рэнатай Літвінавай. І пачынае здымаць яе амаль ва ўсіх сваіх фільмах.

Кіра Муратава з Рэнатай Літвінавай. Фота alyaklimova.com.

«Мы пазнаёміліся на фестывалі «Арсенал» у Рызе. Мне адразу падалося, што яе трэба здымаць, у яе выдатныя і знешнасць, і манера гаварыць».

А фільм «Наладчык», у якім галоўную ролю сыграла Літвінава, адзіная праца Муратавай, дзе яна паказала ў кадры пацалунак.

5. Кіра Муратава інтэрв’ю даваць не любіла. І гаварыла ў іх у асноўным пра кіно. Аднак, у 2016 годзе, на пытанне журналісткі пра будучыню Украіны (Муратава жыла ў Адэсе), адказала так:

«Для мяне ўсё ясна: тое, што адбываецца, — гэта дрэнна, агідна, брыдка… Я да слёз спачуваю змагарам, якія могуць гэтаму прысвяціць сябе і вераць, што яны перамогуць, але сама я — не змагар. З часам абрынецца рэжым Пуціна. Так заўсёды здараецца ў сучаснай гісторыі. Усё квітнее, расквітае, а потым нападаюць — і знікаюць без асаблівых слядоў. Я наогул пацыфістка, супраць вайны. Але калі цябе па галаве б'юць, і ты павінен адказваць… Я супраць таго, каб людзі забівалі адзін аднаго. Адбываецца адно і тое ж — забойства, але паралельна з гэтым, і мяне заўсёды гэта здзіўляе, існуе мастацтва, літаратура, нейкія развагі пра дабрыню і зло. І гэта ўсё нармальна. Я таксама заўсёды так думала, але калі гэта далёка было, ты інакш успрымаеш, а калі стала побач, мяне проста як ўдарыла. Я любіла Майдан, тады ён мне здаваўся мірным і выдатным. Там не было забойстваў, а потым усё пайшло, як ва ўсякай рэвалюцыі: усё прыходзіць да гільяціны заўсёды».

Кіра Муратава з мужам Яўгенам Галубенкам. Фота Валерыя Лазарава.

У тым жа інтэрв'ю Кіра Муратава сказала:

«Усё ў гэтым жыцці вычэрпваецца! Або наступаюць перапынкі. Для мяне абсалютным шчасцем было здымаць кіно. Цяпер — гэта сямейныя адносіны, спажыванне чужога мастацтва, чытаю, слухаю. Ну ёсць яшчэ нейкія замілавальныя моманты ў жыцці, напрыклад, жывёлы. Я люблю жывёл, і ўсё з імі звязанае мяне цікавіць. Гэта не прынята называць шчасцем, але можна і так назваць… Зараз мы баімся заводзіць сабаку… Усялякія непрыемныя думкі прыходзяць пра тое, што будзе з гэтым сабакам, калі мы памром раней за яе…».

Праз свае палітычныя погляды Кіра згубіла многіх сяброў.

«Я такіх людзей, якія саўкова настроены, шкадую. Яны мне здаюцца дурнямі. Але я не спрачаюся на гэтыя тэмы з людзьмі, якія перакананыя ў супрацьлеглым. Думаю, гэта бессэнсоўны занятак. Яны самі зразумеюць».

5 фільмаў Кіры Муратавай, якія варта паглядзець:

  1. «Кароткія сустрэчы» (1967)
  2. «Астэнічны сіндром» (1989)
  3. «Чэхаўскія матывы» (2002)
  4. «Наладчык» (2004)
  5. «Вечнае вяртанне» (2012)

Nina.nn.by

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура