Праект партала
Тое-сёе
01.06.2018 / 12:02
«Прэзентую жонцы паштоўкі на свята!». Беларусы розных прафесій расказалі, ці часта яны пішуць ад рукі3

Неяк давялося падслухаць размову двух школьнікаў: — Ой, а што там тое сачыненне пісаць? Узяў з інтэрнэта — Ctrl + C, а ў сваё сачыненне — Ctrl + V. — Ага, дык яго ж ад рукі пісаць трэба. 

Цікава, калі школьнікі і тыя не вельмі любяць пісаць ад рукі, то што гаварыць пра тых, хто школу скончыў даўным-даўно. Мы запыталіся ў людзей розных прафесій, як часта яны трымаюць асадкі ці алоўкі ў руцэ.

Алесь Пілецкі, журналіст:

Шмат пішу ад рукі кожны дзень. Да кожнай тэмы маю некалькі старонак у нататніку. Запісваю туды важныя кантакты, пытанні, ідэі, якія ў галаву прыходзяць. Калі размаўляю з кімсьці па тэлефоне, адразу канспектую размову. Калі хаджу некуды на рэпартаж, то таксама пазначаю аснову матэрыяла і самыя цікавыя моманты.

Я б такое пытанне журналісту не задаваў, што тут такога? Кожны журналіст так робіць, не?

Ганна Буйноўская, стаматолаг:

Так, кожны дзень на працы даводзіцца ад рукі запаўняць карткі. А ў паўсядзённым жыцці пішу не шмат. Так, напрыклад, пачую якую-небудзь песню па радыё, запішу на паперку назву, каб потым не забыцца ў плэйліст закінуць.

Віталь Радзівонаў, футбаліст:

Я пісьмом ад рукі не карыстаюся зусім. А разважаць пра тое, ці патрэбны такі навык у 21 стагоддзі, не маю часу. 

Валярына Кустава, паэтка:

Я заўжды пішу вершы ад рукі, пасля перадрукоўваю. Так павялося, як навучылася пісаць. Пакуль не ўмела — вершы занатоўвала маці ад рукі, пасля перадрукоўвала на машынцы (яна да гэтага часу захоўваецца). Але праўкі ўсё адно рабілі асадкай. Для мяне вершастварэнне, нараджэнне паэзіі — жывы працэс. І хочацца адчуваць яго непасрэдна, без аховы, без пасярэдніка ў выглядзе камп'ютара. Да таго ж вершам не загадаеш, дзе прыходзіць. Часам яны ўзнікаюць акурат на вялікай адлегласці ад камунікатараў.

Для працоўных мэтаў выкарыстоўваю дэвайсы, натуральна. Адзін раз памятаю, напісала сцэнар двухсерыйнага фільма за трое сутак на айфоне, бо была далёка ад дому і без ноўтбука, а дэдлайны гарэлі. Але пах чыстага аркушу, яго цнота — і першы словы, радкі — ні з чым не перанаўнаць. Як уздых. І потым: аркуш пасля ўсіх феерый, эмоцый, прадонняў і ўзлётаў — як дых пасля салодкай, а часам і балючай стомы. Мой выбар для жывой паэзіі — аркуш і асадка, ніяк іначай.

Аляксандр Ярмац, рэдактар сайта «Горад 214»:

Як рэдактар ад рукі я ўсё адно штодня раблю розныя нататкі. І гэта нягледзячы на тое, што ёсць гуглдокаўскі план: неяк зручней дзень распісаць ад рукі на паперчыне, тады дакладна нічога не забуду. Ясная справа — раблю запісы падчас прэс-канферэнцый і інтэрв'ю, але гэта хутчэй ужо дадатак да дыктафона, нейкія назіранні, якія не чуе вуха. А дома ад рукі апошнім часам пішу толькі для жонкі паштоўкі на святы!

Вольга Хоміч, у дэкрэтным адпачынку:

Цяпер амаль не пішу ад рукі. Ведаю дзяўчыну, якая калекцыянуе штодзённікі, але таксама ў іх не піша. Няма патрэбы.

Кацярына Ваданосава, каліграф, спявачка:

Я пісьмом ад рукі карыстаюся, калі трэба запоўніць нейкія дакументы, калі мяне просяць: «Падпішыце вось тут і тут, прастаўце дату і напішыце расшыфроўку подпісу». А яшчэ калі пішу ўласныя вершы ці ноты — не магу рабіць гэта за камп'ютарам, у мяне тады мазгі не могуць працаваць правільна ні над рытмамі, ні над рыфмамі, ні над мелодыямі, ні над аранжыроўкамі. Па сутнасці, асадку ці аловак я бяру ў рукі прыкладна раз на дзень. А наконт каліграфіі. Справа ў тым, што па адукацыі я гісторык-рэлігіязнаўца і вельмі люблю не толькі гісторыю ды археалогію, але і мастацтва мінулых часоў. Асабліва эстэтыку ўсяго Сярэднявечча ды Рэнесансу, а таксама займаюся гістарычнай пераплётнай справай — раблю кнігі па тэхналогіях гэтых эпох. І каліграфія тут выступае як сродак аздаблення маіх кніг: я вельмі рэдка выкарыстоўваю каліграфію незалежна ад стварэння кніжак, і менавіта з гэтай нагоды я ведаю і ўмею пісаць толькі па канонах Сярэднявечча ды Рэнесансу.

Наталля Тур, фота з архіваў герояў

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура