Праект газеты
Гісторыі «Якое шчасце нарадзіць, калі табе пад 50»: мінчанка ў 50 гадоў адвяла дзіця ў садок18

Якое шчасце нарадзіць, калі табе пад 50, — для партала rebenok.by расказвае мінчанка Жанна Мазец, навуковец і маці ўжо траіх дачок.

Калі ў свае 46 з хвосцікам гадоў Жанна Мазец даведалася, што ў трэці раз стане мамай, гэта стала для яе поўнай нечаканасцю. Старэйшая дачка на той момант ужо скончыла ВНУ і працавала па спецыяльнасці, малодшая перайшла ў 10-ы клас. Да ўзроставага мацярынства жанчына зусім не была гатовая і старанна сачыла за кантрацэпцыяй.

Ужо пазней у памяці ўсплыло выпадковае прадказанне варажбіткі, упэўнена напрарочанае недзе за год да гэтага: «У цябе будзе трое дзяцей». Тады Жанна толькі ўсміхнулася ў адказ, бо зноў станавіцца мамай ніяк не збіралася.

«Сярод нашых сяброў і калегаў па працы былі тыя, хто ў маім узросце рыхтаваўся стаць бабуляй, ды і мы з мужам, прызнацца, ужо задумваліся пра ўнукаў», — дзеліцца Жанна.

Пра прароцтва жанчына ўзгадала, калі здагадкі лекараў пра ранні клімакс былі абвергнутыя дзвюма палоскамі на тэсце.

«Я спачатку не паверыла, звярнулася да даўняй сяброўкі-гінеколага, тая запісала мяне на УГД і дыягнаставалі 9 тыдняў цяжарнасці. Вестка стала сапраўдным шокам. Потым шок перажыў муж, а за ім і астатнія члены сям'і. Пазней, аналізуючы тое, што адбылося, я зразумела, што звыклыя для цяжарнасці сімптомы, хоць і не ярка выяўленыя, былі, але ім знаходзілася разумнае тлумачэнне. Напрыклад, трохі каламуціць — гэта таму, што надыхалася пароў бензіну або ацэтону ў біялагічнай лабараторыі», — узгадвае маладая маці.

Трэба было прыняць рашэнне

Як часта бывае ў такой сітуацыі, выбар жанчына робіць сама. Муж і сяброўка-доктар, загадчыца гінекалагічнага аддзялення адной са сталічных бальніц, гатовыя былі падтрымаць любое рашэнне Жанны.

Сяброўка, дарэчы, пасля правяла кесарава сячэнне і стала хроснай малой Яны. Але гэтай радаснай падзеі папярэднічалі месяцы цяжарнасці.

Дактары адгаворвалі

У жаночай кансультацыі, куды будучая маці прыйшла станавіцца на ўлік, яе рашучасць нараджаць не выклікала энтузіязму ў лекара. Доктар стала адгаворваць:

— Ды навошта вам гэта трэба? У вас ужо ёсць дзеці. А здароўе ж ужо не тое. У вас павышаны цукар у крыві, вы прымалі прэпарат, які валодае мутагенным дзеяннем. Ці мала як гэта адаб'ецца на дзіцяці…

У душы было мноства сумневаў, трывог, боязі, прызнаецца гераіня. У галаве перш за ўсё міжволі вяліся матэматычныя падлікі: «Нараджу ў 47 гадоў. У гэтым узросце мая мама ўжо стала бабуляй. Калі дзіця пойдзе ў першы клас, мне будзе 53, а калі скончыць школу — 64 гады. Як яго выгадаваць, паставіць на ногі? Ці хопіць сіл, здароўя? А ці мала што здарыцца са мной, мужам? Хто будзе гадаваць маляня? Гэта лішнія клопаты для старэйшых дачок…»

Жыла для сябе і планавала пісаць доктарскую

Былі думкі і пра адладжаны побыт і лад жыцця, які дазваляў з мужам, кандыдатам навук, які дасягнуў пэўных кар'ерных вышынь, падарожнічаць па свеце і жыць, што называецца, «для сябе».

«Будучы загадчыцай студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі, я збіралася ўшчыльную заняцца навукай, напісаннем доктарскай. А тут трэба было ўсе гэтыя жыццёвыя асновы ламаць, бурыць, маральна перамагчы сябе. На розум прыходзіла, што познімі родамі сярод зорак і знакамітасцяў сёння нікога не здзівіш, толькі ж у іх асноўная нагрузка кладзецца на плечы нянь і прыслугі, а мне асабліва дапамогі чакаць было неадкуль. Маме без малога 70 гадоў, старэйшая дачка працуе, другая паступіла ў музычны каледж, дзе пастаянныя рэпетыцыі, дадатковыя заняткі, выступы», — узгадвае Жанна.

Думка «нараджаць» перамагла ўсе страхі

Абмеркаваўшы ўсе на сямейнай радзе, Жанна атрымала падтрымку дачок. На правакацыйны жарт старэйшай, Кацярыны, маўляў, з'явіцца ў цябе канкурэнтка, 15-гадовая Аня ўпэўнена парыравала: «Не канкурэнтка, а хаўрусніца!»

Вытрымаўшы націск доктара ў жаночай кансультацыі, спраўна прайшоўшы шматлікія абследавання і даследаванні, будучая мама пачала атрымліваць асалоду ад цяжарнасці.

Пры гэтым актыўна выкладала, займалася даследчай працай са студэнтамі, а за два тыдні да родаў яшчэ прымала экзамены ва ўніверсітэце.

Без цяжкасцяў не абышлося

Цяжарнасць і планавае кесарава (лекары настаялі на аперацыі з-за ўзросту) прайшлі добра. Непрыемнай навіной стала вестка пра тое, што ў дзіцяці дрэнны аналіз крыві. Малую змясцілі ў рэанімацыю, а затым перавялі ў РНПЦ «Маці і дзіця», дзе назіралі, абследавалі і лячылі каля месяца.

Гэта быў стрэс для мамы. На шчасце, лячэнне дало эфектыўны вынік, і выяўленая кіста галаўнога мозгу неўзабаве не ўяўляла ніякай небяспекі.

Трымаючы немаўлятка на руках, прыкладваючы да грудзей, Жанна адчувала новыя, больш глыбокія эмоцыі, чым гэта было ў яе жыцці 15, а таксама 23 гады таму.

Нараджэнне дзіцяці ў такім узросце перажываеш інакш: ці то больш трапятліва, пяшчотна ставішся да маленечкага камячка, які трымаеш у руках. Бо з гадамі, досведам на жыццё глядзіш інакш, вастрэй яе адчуваеш, больш ведаеш і разумееш. Усведамляеш, які кволы свет і хуткабежнае жыццё, шануеш тое, што раней успрымаў як належнае.

Іншым аказалася ўсё

А потым высветлілася, што сёння мамы з немаўлятамі жывуць па новых правілах. Іншым аказалася амаль усё: падыходы да кармлення, рэжыму дня, выхавання, навучання. Аказалася тое, што рэкамендавалі рабіць 20 гадоў таму, цяпер катэгарычна забаронена і наадварот.

Вярнуўшыся дадому з радзільні, Жанна Мазец акунулася ва ўсе радасці і цяжкасці мацярынства:

«Загадзя для дзіцяці мы нічога не куплялі, верачы ў прыкметы. Ад старэйшых дачок, зразумела, нічога ўжо не засталося, усё раздалі. Балазе, свет не без добрых людзей: сябры, знаёмыя, калегі аддалі калыску, ложачак, ванначку, столік для кармлення, кілімок для развіцця, цацкі і адзенне. Мы і не ведалі, як шмат цяпер розных дзіцячых аксесуараў, якія развіваюць дзіця і палягчаюць жыццё бацькам».

Зрэшты, ад бяссонных начэй яны не пазбавілі. Жанна Мазец ўспамінае:

«У адрозненне ад старэйшых сясцёр, Яна тройчы за ноч прачыналася паесці, выпіваючы за кармленне па 100 грамаў малака. Таму пастаянны недасып стаў звыклым станам, а галоўнай марай — жаданне выспацца. Наступным выпрабаваннем сталі прагулкі на вуліцы. Спусціць, а затым падняць калыску з пятага паверха хрушчоўкі без ліфта было непасільнай задачай. Ратавала прыяцелька з суседняга дома, у якой другая дачка нарадзілася на паўтара месяца раней: пагуляўшы са сваім дзіцем, яна тэлефанавала мне, каб я выходзіла на шпацыр. Вось так мы шпацыравалі ў адной калысцы па чарзе».

У адпачынку па доглядзе дзіцяці прабыла ўсяго 3 дні

Мама-выкладчык, каб папоўніць сямейны бюджэт, вельмі хутка выйшла на паўстаўкі на працу, афіцыйна прабыўшы ў адпачынку па доглядзе дзіцяці толькі тры дні.

Ва ўніверсітэце яе падтрымалі, далі спачатку так званую пасіўную нагрузку: кантроль за падрыхтоўкай курсавых і дыпломных работ, магістарскіх дысертацый. Крыху пазней Жанна пачала чытаць для студэнтаў лекцыі, пакідаючы Яну з бабуляй ці мужам.

У два з нечым годы Яну пачалі адаптаваць да садка. У бацькоўскім камітэце самая дарослая мама карыстаецца павагай. У яе пытаюцца парады, цікавяцца яе меркаваннем. Касых поглядаў ад іншых бацькоў Жанна не заўважала.

«Часам дзеці ў пясочніцы з уласцівай ім непасрэднасцю пытаюцца: «А вы ёй хто: бабуля ці мама?» Я нармальна да гэтага стаўлюся і адказваю з усмешкай «мама». Важна думаць пазітыўна, захоўваць пачуццё гумару і наладжваць сябе на правільнае стаўленне да розных сітуацый».

Малодшая дачка самая ласкавая з усіх

Маленькая Яна любіць сваіх старэйшых сясцёр, а тыя душы не чуюць у ёй, хоць і не вельмі часта праводзяць час разам. У старэйшых ужо свае клопаты: праца, вучоба, асабістае жыццё. Тата прыкмячае, што Яна самая ласкавая з усіх дачок. А мама кажа:

«Старэйшыя дочкі ўжо зусім дарослыя. Яну мы нарадзілі для сябе. Асноўны груз клопатаў кладзецца на нашы плечы, але гэта цалкам пасільная ноша. Я б параіла жанчынам, якія аказаліся ў маім становішчы, абавязкова нараджаць. Вядома, будзе нялёгка, часам цяжка. Але калі бярэш дзіця на рукі, прыціскаеш да сябе, увесь твой клопат адыходзіць на задні план. Цяжкасці хутка забываюцца ў любым узросце».

Праз некалькі месяцаў, адзначыўшы 50-гадовы юбілей і трохгоддзе дачкі, дасведчаная мама і педагог плануе заняцца напісаннем доктарскай дысертацыяй. Як паказала практыка, сыходзіць на пенсію ёй пакуль рана, а ў жыцці няма нічога немагчымага!

Марына Куняўская, rebenok.by

Каментары
Žvir / Адказаць 14.05.2018 / 18:02

Jaki dziūny zahalovak. A čaho joj saromiecca ? U Bielarusi heta moža vyklikac` komplieksy ? Nu i ūzrovieņ...

4
хамса / Адказаць 14.05.2018 / 18:04

дык яна ж молада выглядае.. якая бабуля? увогуле сям'я прыгожая

3
Žvir / Адказаць 14.05.2018 / 18:18

хамса , дык яна ж молада выглядае.. якая бабуля? увогуле сям'я прыгожая <---- Nu, a kali b nie vyhliadala molada ? Aļbo, kali b niekamu nie ūsia siam`ja padalasia b pryhožaj ? Što b heta mianiala ?

3
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура