Праект газеты
Густ Кімано-трансформер, дыванок для ёгі і іншыя любімыя рэчы Кацярыны Саковіч7

Запускаем на «Ніне» новую рубрыку «Пяць рэчаў». У ёй беларусы розных прафесій і цікаўнасцяў будуць дзяліцца наборам сваіх любімых рэчаў, якія б яны абавязкова забралі з сабой пры аператыўным перасяленні і без якіх слаба ўяўляюць сваё жыццё, бо яны робяць яго больш камфортным.

Першая гераіня — дырэктарка рэкламнага агенцтва getbob agency Кацярына Саковіч.

Кацярына Саковіч.

— Калі рыхтавалася, я спытала ў бойфрэнда, якія ж рэчы самыя неабходныя для мяне? Ён адказаў проста: «Ну, майткі, станік…». Базавыя, карацей. Я ж хутчэй буду захоўваць нейкія дзіўныя, дарагія рэчы, чым штодзённыя. У гэтым я чымсьці падобная характарам на бабулю, якая, калі мы жылі ў Ташкенце, падчас землятрусу ў першую чаргу вынесла з кватэры дарагую сэрцу кітайскую вазу.

З аднаго боку, я спрабую рацыянальна падыходзіць да закупаў (так, касметыкі ў мяне мінімум, а ўсё непатрэбнае я адразу раздаю на своп-вечарынах). З іншага — вельмі цяжка не акружаць сябе прыемнымі штукамі.

Фотаапарат з гісторыяй

Гэта мой дзіцячы апарат. Бацькі падарылі яго год у 13, і з тых часоў я пастаянна брала яго ва ўсе вандроўкі: у Румынію, Балгарыю і гэтак далей. Зусім нядаўна высветлілася, што гэта супермодны, хіпстарскі фотаапарат. Калі мае сябры ўбачылі, што ён у мяне ёсць, запісаліся ў чаргу на карыстанне.

З плёнкай самае прыемнае — гэта чаканне таго, што атрымаецца ў выніку. Летась мы ездзілі ў Іспанію. Там я ажыццявіла даўнюю мару: пакатацца на кабрыялеце. Я ўяўляла гэта як сцэну з кіно, калі валасы развейваюцца па ветры і вось гэта ўсё. Канечне, хацелася захаваць момант на фота. Праўда, калі праявіла плёнку з той паездкі, убачыла, што ўсе кадры не ў фокусе, размытыя. Але, на дзіва, менавіта яны набралі больш за ўсё рэакцый, калі я выклала іх у сацсеткі. Мабыць, людзям падабаецца такая вось недасканаласць моманту.

Дыванок для дыялогу з сабой

Нядаўна з хлопцам мы трапілі на ёга-рэтрыт (нешта кшталту лагера ёгі) у Тайландзе і вельмі натхніліся гэтай тэмай. Вырашылі пачаць займацца ёгай дома: так можна глядзець розныя практыкаванні і абіраць, што больш падабаецца.

Першапачаткова гэты дыванок я падарыла хлопцу, у мяне быў свой. Але пасля мы памяняліся. Справа ў тым, што упрыгожвае яго рэпрадукцыя амерыканскай мастачкі Ashley Mary, якая мне вельмі падабаецца. Я на яе ў інстаграме падпісаная. Яго можна выкарыстоўваць і для цёплай ёгі пры тэмпературы 40 градусаў: у лазні, напрыклад. Адчуванне такое, нібыта ты на пляжы, цела грэецца.

Поза воіна.

Раней мне здавалася, што ёга — гэта сумна, але цяпер я ўспрымаю яе як карысную медытацыю. Асобна мы ходзім займацца спортам і там іншы тэмп, нагрузкі. Раніцай жа, перад працай, хаця б тры разы на тыдзень кладземся на дыванкі і расцягваемся, настройваемся на працоўны пазітыўны дзень.

Для мяне гэта час, які атрымліваецца правесці сам-насам з сабой. Калі не трэба, нарэшце, кудысьці бегчы і спяшацца.

Крэм-унісэкс для рук

Аднойчы пра гэты крэм мне расказаў бойфрэнд, і ўжо год пяць мы набываем яго паўсюль, дзе бачым. У Беларусі часта сухое і ветранае надвор’е, скура сохне. Мы мажам гэтым крэмам і рукі, і ногі, і каленкі пры патрэбе: ён вельмі крута ўвільгатняе. У вандроўкі амаль ніякую касметыку не бяром. А яго — абавязкова.

Крэм тыпу з марыхуанай і пахне, нібыта палын. Гэта такі не папсовы пах і ўнісэкс: то бок, падыходзіць і хлопчыкам, і дзяўчынкам. Мы падсадзілі на яго ўсіх знаёмых сяброў.

Чаравікі — аб’ект мастацтва

Я даўно хацела менавіта гэтыя белыя чаравікі, але ўсё не магла зразумець, як іх лепш заказаць з Амерыкі. А зімой у адной блогеркі ўбачыла, што ёй прыехалі такія самыя, але памер не падышоў. Затое гэты 41-ы з паловай падышоў мне.

Я ўсё баялася насіць іх у бруд і холад, чакала добрага надвор’я. І вось прыйшла вясна. А за ёй амаль адразу лета. Так што чаравікі я амаль не панасіла.

Мне вельмі падабаецца белы колер на гэты момант. Ён просты, як і чорны, але апошні крыху паспеў надакучыць. У мяне ёсць падобныя зімовыя боты, з футрам, толькі кароткія. І яны проста-такі пад усё падыходзяць. Неяк на выязной канферэнцыі я зразумела, што яны выдатна замянілі мне некалькі пар абутку: можна было насіць іх і пад джынсы, і пад сукенку, і на вечарыну… Гэта вельмі зручна, калі рэч можа выконваць некалькі функцый.

Кімано-трансформер

Гэтая сукенка ад Dofamine Studio таксама падабаецца тым, што яна лёгка можа быць і падоўжаным пінжаком, і паліто, і кімано. Такі крой адсылае да традыцыйнай культуры шыцця. Ён з простым сілуэтам, свабодны. У такіх рэчах камфортна і нічога нідзе не пераціскае. А яшчэ сукенка не камячыцца і досыць цёплая, што актуальна большую частку сезонаў у Беларусі.

Кацярына Карпіцкая, фота Волі Афіцэравай

Каментары
а ф ь л А / Адказаць 13.05.2018 / 13:18

Как-то пару раз пересекалась с ней. Классная девушка. Интервью можно было бы и поинтереснее раскрутить.

0
88 / Адказаць 13.05.2018 / 18:08

а я б узяў з сабой любімых мне людзей, бо для ўсяго астатняга ёсць mastercard gold

1
))) / Адказаць 13.05.2018 / 20:24

88, о дааа!! Я бы тоже взяла с собой моего любимого и его золотую карту)) Дизайнер, фас!))

2
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура