Праект партала
Дома
14.05.2018 / 10:22
Як правільна размаўляць з цяжкахворым чалавекам — важныя парады псіхолага8

Псіхолаг Цэнтра «Мерыдыян надзеі», кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт Раман Дарашэнка расказвае, як падтрымаць чалавека, што сутыкнуўся з анкалогіяй, як вярнуць хворага ў рэальнасць, калі ён адмаўляецца ад медыцынскай дапамогі і шукае ўратаванне ў «бабак», і адкуль бярэцца страх смерці, што замінае жыць. 

Гэтыя пытанні закраналіся падчас майскага круглага стала ў Гомелі, прысвечанага раку малочнай залозы. Але насамрэч гэта тычыцца абсалютна любой анкалогіі ці цяжкай хваробы.

Што адбываецца з чалавекам, калі яму кажуць, што ён хворы на анкалогію

Калі людзі сутыкаюцца з анкалагічным захворваннем, яны сутыкаюцца не толькі з хваробай, але і з крызісам, паколькі звычайна хвароба выяўляецца раптоўна і часта людзі не вераць у тое, што гэта адбылося. Ідзе разбурэнне звыклай карціны свету.

Плюс да ўсяго, вакол тэмы анкалогіі вельмі шмат міфаў. У чалавека з’яўляюцца думкі, што хвароба невылечная, што ён выракае на пакуты і вялікія фінансавыя страты і сябе, і сям’ю, што ён можа стаць бездапаможным, стаць грузам для сваіх блізкіх. Усё гэта абрынаецца разам. Чалавек сутыкаецца з пэўнай нявызначанасцю будучыні і стратай кантролю над сітуацыяй. А калі мы губляем кантроль над тым, што адбываецца, таксама ўзнікаюць пэўныя страхі. Але гэта яшчэ не самае страшнае.

Cцэна з фільма Mr. Church, дзе галоўная гераіня хварэла на рак.

Самае непрыемнае ў тым, што чалавек часта застаецца сам-насам з хваробай. Нашы людзі, на жаль, не гатовыя размаўляць на цяжкія тэмы.

Сваякі прыходзяць і кажуць: «Мы не ведаем, як сябе паводзіць. Што можна казаць, што нельга казаць». Людзі адчуваюць страх, паколькі чужыя пакуты практычна заўсёды ўздымаюць пытанне канечнасці ўласнага існавання. З’яўляецца разуменне, што падобнае можа здарыцца і з імі, і яны пачынаюць выключацца з камунікацыі з хворым.

І гэта тычыцца не толькі сваякоў, дактары часам таксама не ўмеюць гаварыць пра гэта. Бывае, да мяне прыходзяць людзі і кажуць: «Так хацелася паразмаўляць з доктарам, а ён дыягназ буркнуў і стаў зварочвацца». Дактары — такія ж людзі, яны таксама могуць баяцца размаўляць з цяжкімі пацыентамі. Могуць дыстанцыявацца ад сітуацыі альбо імкнуцца перакінуць няпростую размову на кагосьці іншага — спрацоўвае псіхалагічная абарона.

Чалавек, які захварэў, уступае ў своеасаблівыя адносіны са сваёй хваробай. Мы маем справу не проста з хваробай, мы маем справу з такой сістэмай як «чалавек — хвароба». А паколькі хвароба мяняе сваю прыроду, бо ў яе ёсць пачатак, прагрэсаванне, спад, то і сістэма гэтая дынамічная. І што дактарам, што сваякам, трэба разумець, у чым хворы мае патрэбу на кожным з этапаў, у якога роду размове.

Што ў якіх сітуацыях варта гаварыць цяжкахвораму

Ёсць некалькі этапаў хваробы: пастаноўка дыягназу, лячэнне, аднаўленне, рэмісія, калі хвароба на нейкі час адступае, рэцыдывы. Паліятыўная стадыя, калі актыўнае лячэнне спыняецца і аказваецца толькі сімптаматычная дапамога, і стадыя тэрмінальная, то бок стадыя памірання.

Сцэна з фільма Mr. Church.

На стадыі пастаноўкі дыягназу чалавек сутыкаецца з поўным хаосам у планаванні свайго жыцця. Тут вельмі важна сканцэнтраваць яго на элементарных звыклых рэчах. Напрыклад: «Дзеці прыйдуць са школы, чым ты іх накорміш?», «Ты запланаваў новы праект, што па ім паспееш зрабіць да таго, як ляжаш у бальніцу, што даручыш іншым?» Таксама важна падкрэсліць, што яго сітуацыя не ўнікальная, што ў падобнай аказваецца шмат людзей, і яны маюць такі ж план лячэння. То бок нармалізаваць тое, што адбываецца.

На стадыі лячэння чалавек зноў-такі перажывае стрэс. Тут трэба спакойна размаўляць з ім, распытваць, што ён ведае пра хваробу і чаго баіцца. Чалавек можа адчуваць страх самой аперацыі, страх не прачнуцца пасля аперацыі і гэтак далей.

Калі чалавек аднаўляецца пасля хваробы, з’яўляецца небяспека, што ён можа пачаць занадта хутка рабіць рывок у здароўе. Рэзка змяніць жыццё, пачаць актыўна займацца аздараўленчымі практыкамі і проста падарваць свае сілы. Тут важна, каб чалавек засвойваў методыкі самагіпнозу, самакантролю, рэлаксацыі. Важна, каб сям’я падтрымлівала. Але не трэба браць на сябе адказнасць за тое, што з чалавекам будзе адбывацца далей, паколькі прагноз, як правіла, няпэўны.

Калі хвароба сціхае, людзі часам сутыкаюцца з гэтак званымі флэшбэкамі, калі накатваюць хваравітыя ўспаміны, напрыклад, пра аперацыю, пра час, калі быў пастаўлены дыягназ. Можа развіцца дэпрэсія, чалавек можа адчуваць віну за тое, што паліў, ці за тое, што не змяніў працу і застаўся на шкоднай вытворчасці. Часта людзі пачынаюць пераасэнсоўваць сваё жыццё.

Калі адбываецца рэцыдыў, у людзей могуць пачаць з’яўляцца думкі пра суіцыд. Тут трэба быць уважлівымі. Каб папярэдзіць гэта, чалавек мусіць давяраць тым, хто побач.

На паліятыўнай стадыі адбываецца спусташэнне, прыходзіць дэпрэсія. Часам людзі адмаўляюць відавочнае, кажуць: «Не, я не хворы, я папраўляюся». На гэтай стадыі зноў вяртаецца страх смерці, раскаянне за няправільнае, марна пражытае жыццё. На чалавека можа нахлынуць пачуццё віны за свае мінулыя ўчынкі. Разумеючы, што лячэнне ўжо не дапаможа, чалавек можа адчуць сябе кінутым, асабліва калі яму няма з кім пагаварыць на тэмы, якія яго хвалююць і пужаюць.

І на тэрмінальнай стадыі трэба падтрымаць чалавека, дазволіць яму завяршыць усе зямныя справы. Самае галоўнае, у чым чалавек у гэты час мае патрэбу, — сказаць людзям, якіх ён любіць, што ён іх любіць. Папрасіць прабачэння, калі ён мае ў каго прасіць прабачэння. Тут узнікаюць больш экзістэнцыяльныя пытанні.

Увогуле самае важнае — гэта даць чалавеку зразумець, што жыццё — гэта не толькі жыццё ў хваробе. Калі ёсць падтрымка, то чалавек можа ўбачыць, што за межамі хваробы існуе велізарная прастора для таго, каб жыць.

Я назіраю многіх анкахворых і бачу, што, прыйшоўшы да хваробы, часта яны адкрываюць у сабе велізарны патэнцыял. Хтосьці пачынае займацца творчасцю, хтосьці — грамадскай працай. Людзі кажуць: «На жаль, толькі сутыкнуўшыся з хваробай, я зразумеў, што такое жыццё і што такое каштоўнасць жыцця. І што я разбазарваў яго проста ні на што, гуляючы ў чужыя гульні і займаючыся нелюбімай справай, губляючы на гэта час».

Як размаўляць пра хваробу з дзецьмі

Дзеці ўсё вельмі добра адчуваюць. Яны на глыбінным узроўні разумеюць, што нешта адбываецца не так. Дзецям нельга хлусіць, бо яны гэта счытваюць адразу і могуць страціць давер да дарослых, да блізкіх людзей.

Найлепш проста патлумачыць, што мама ці тата цяжка хварэюць. Што яна ці ён мае патрэбу ў тым, каб пабыць аднаму, адпачыць. Што мама, напрыклад, не звярнула на яго ўвагу не таму, што не любіць, а таму, што ёй цяжка, таму, што яна хварэе.

Праўдзівае дарослае даверлівае стаўленне пойдзе дзіцяці толькі на карысць. Бо што такое смерць агулам, дзеці разумеюць.

Што нельга казаць цяжкахворым

Першае: нельга пагаршаць іх сітуацыю, напрыклад, сваімі папрокамі. Чалавек і так адчувае каласальнае пачуццё віны, а калі яшчэ наракаць: «Вось, я ж казала табе не палі, а ты!»

Другое: мы павінны даваць надзею чалавеку, але надзею, якая абапіраецца на рэальнасць.

Часам хворы кідаецца да нетрадыцыйных метадаў лячэння. Кажа, што не будзе лячыцца ў дактароў, а пойдзе да «бабкі», будзе займацца аднаўленчымі практыкамі. У гэтай сітуацыі мы маем справу ўжо не з надзеяй, а з ілжывай надзеяй, якая не абапіраецца на рэальнасць. У той жа час надзея — гэта таксама надзея. І чалавека нельга яе пазбаўляць.

Але трэба паспрабаваць вярнуць яго да рэальнасці, сказаць: «Я б вельмі хацеў, каб у выніку гэтага ты паправіўся, але што ты будзеш рабіць, калі гэта не спрацуе, а час будзе ўпушчаны?» Тут мы не пазбаўляем чалавека надзеі, але вымушаем задумацца пра тое, што насамрэч адбываецца ў рэальнасці.

Як перамагчы страх смерці

Тэма смерці ў нашым грамадстве вельмі табуяваная. Людзі баяцца яе, не хочуць пра гэта гаварыць, бо спрацоўвае псіхалагічная абарона. Нам страшна казаць пра непазбежнае.

Можна сказаць, што найлепшыя лекі ад гэтага страху — свядомае жыццё. Страх смерці па сваёй сутнасці — гэта страх перад жыццём, якое праходзіць бессэнсоўна. Чалавеку, які робіць у жыцці штосьці сапраўды важнае, што ідзе ад душы, проста няма калі баяцца смерці. Ён разумее, што нават калі гэта адбудзецца сёння ці заўтра, то ён ужо зрабіў дастаткова. 

Сцэна з фільма Mr. Church.

Наогул, у любым выпадку, як паказвае наш досвед, чалавек, які сутыкаецца з цяжкай сітуацыяй, анказахворваннем, мае шэраг пытанняў, якія вырашыць самому складана. Таму наша парада — не саромецца, а звяртацца да добрага псіхолага. Яго дапамога можа спатрэбіцца таксама родным і блізкім пацыента, паколькі ў крызісны час у іх могуць узнікаць негатыўныя думкі і пачуцці, у якіх бывае сорамна прызнацца нават сабе. Варта памятаць, што гэта натуральна. І нічога ненармальнага ў гэтым няма. Спецыяліст дапаможа разабрацца і патлумачыць, чаму так адбываецца. Гэта дапаможа выбудаваць добрыя адносіны з хворым сваяком і дапамагчы яму пражыць годна, па-чалавечы адведзены яму час у жыцці. Яго жыцці.

Nina.nn.by

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура