Праект партала
Стасункі
07.05.2018 / 13:46
«Сышоў з сям'і, калі жонка ўдарыла мяне» — мінчук стаў ахвярай хатняга гвалту. А жонка расказвае, як бараніла дзіця ад геяў52

Мінчук Павел А. падзяліўся з «Нашай Нінай» нетыповай гісторыяй сямейных праблем і хатняга гвалту, дзе ахвяра — мужчына. Па яго словах, жанчына аказалася агрэсарам.

Версія Паўла: гвалт, збіццё, суды

Паўтара года таму Павел вырашыў, што хоць у іх з Ірынай (імя змененае па просьбе самой жанчыны — НН) і расце малы сын, але прыспеў час жыць паасобку. Прычынай стала тое, што жонка ўдарыла мужчыну.

«Я цярпеў гэта доўга. Спачатку быў псіхалагічны гвалт з боку Іры: тое не падабаецца, гэтае не падабаецца ці проста маўчанне ў мой адрас… Гэта я яшчэ цярпеў. Але аднойчы яна ўдарыла мяне пры сыне — і на наступны дзень я з’ехаў. Бо дзіця не павінна такое бачыць. Я вырашыў, што лепш будзе раз’ехацца, — расказвае Павел. — Бо што было рабіць? Даваць адпор фізічна — гэта супрацьпраўнае дзеянне. Ды і сам я выхаваны так, што лічу — людзей біць нельга, гэта не добра».

Але праблемы на гэтым не скончыліся. Па словах Паўла, жонка засталася ў Магілёве жыць у сваіх бацькоў, ён жыў у Мінску. Але жанчына забараніла Паўлу бачыць сына. Тады ён пайшоў у суд.

«У выніку мне дазволілі спатканні па 6 гадзін у пятніцу і суботу з перапынкам на абед. І вось я ездзіў кожны тыдзень і начаваў у гасцініцах дзеля гэтых спатканняў. Потым я пераехаў у Магілёў назусім, каб усё ж нармальна бачыць сына. Тады суд дазволіў мне спатканні па суботах і нядзелях, але ж начаваць сыну ў мяне чамусьці нельга», — кажа мужчына.

Пара спрабавала неяк вырашыць праблемы. Разам з Ірынай хадзілі да псіхолагаў. Падпісалі два пагадненні, паводле якіх жонка абавязвалася даць дазвол Паўлу бачыцца з сынам.

«Але яна спачатку ігнаравала адно пагадненне. Падпісалі іншае — тое ж самае», — скардзіцца Павел.

Працягваліся і канфлікты. Увосень жанчына накінулася на Паўла, сцвярджае той, і падбіла яму вока. Мужчына зняў пабоі, пайшоў у міліцыю. Быў суд — адміністрацыйная справа.

«Але суддзя паведаміла, што калі я буду настойваць на віне Іры, то нашу сям’ю паставяць на ўлік як сацыяльна небяспечную. Таму я не стаў настойваць, Іру да адказнасці не прыцягнулі праз «малазначнасць наступстваў», — кажа мужчына.

А год таму жонка прывезла сына Паўлу і пакінула назаўсёды. Але праз тры дні пазваніла і пачала патрабаваць малога назад. Павел аддаў сына.

«Што там здарылася і чаму — я не ведаю. Можа, справа ў яе псіхалагічным стане», — мяркуе Павел.

Але ж калі Іра забрала сына, то выклікала хуткую дапамогу.

«Што дакладна было, ізноў-такі не ведаю. Падрабязнасці чуў толькі са словаў знаёмых. Кажуць, што Ірына абвінаваціла мяне ў сэксуальным гвалце з сына, таго вазілі па дактарах, правяралі… Але нічым не скончылася. Хіба толькі некаторы час пасля таго Іра не давала мне сына», — расказвае Павел.

А некалькі тыдняў таму жанчына напісала ў міліцыю заяву на брата Паўла. Брат мужчыны — адкрыты гей. Іра нібыта абвінаваціла таго ў сэксуальным разбэшчванні і гвалце малога.

«Бацькі Іры ўсё бачаць, але не рэагуюць. Кажуць, што не разумеюць, што адбываецца. А Іра настройвае малога супраць мяне, маіх бацькоў, майго брата, кажа малому, што ў таго няма сям’і. Трохгадовы сын пачаў лаяцца матам — адкуль ён гэта ўзяў? — абураецца Павел. — Сам я ўжо і не ведаю, што рабіць.

Сваю слабасць вельмі цяжка прызнаць. Але мне патрэбная падтрымка і дапамога».

Версія Іры: абразы, геі і ігнор

«Наша Ніва» звязалася з былой жонкай Паўла. Тая паведаміла, што ў іх зносінах не ўсё было так адназначна, як сцвярджае яе былы.

«Ён кажа, што я яго біла? Проста так узяла і вырашыла яго збіць, нібыта я такі монстр? — дзівіцца Ірына. — Я ўдарыла яго, але ён перад тым абазваў мяне «п**дой» і ўдарыў майго сабаку, бо той пачаў брахаць падчас нашай сваркі. Я ж не буду такое цярпець».

Увогуле, кажа жанчына, іх сумеснае жыццё з Паўлам было зусім не ідэальным. І праблема не ў ёй.

«Тут пытанне яшчэ, хто з нас больш пацярпеў. Калі я была цяжарная, Павел мог сказаць — ну, гэтае дзіця яшчэ можа не нарадзіцца, — кажа Ірына. — Ён не забраў нас з радзільні.

Акрамя таго, забяспечвалі нас з сынам толькі мае бацькі. Дарагія лекі, цацкі, калыска, памперсы, ежа — усё набывалася за іх кошт. Я не разумела ролю Паўла як бацькі.

Я цярпела таксама доўга. Сама два разы спрабавала сысці ад Паўла, з’язджала ў Магілёў, але пасля вярталася. Вярталася дарма, бо нічога ў нашых зносінах не мянялася».

Цяпер Павал і сам настройвае сына супраць яе, сцвярджае Ірына.

«Кажа малому, што «мама цябе да мяне не пускае», прыніжае мяне пры сыне, аднойчы назваў мяне «сучкай», — кажа яна. — Акрамя таго, адмаўляўся плаціць аліменты. Атрымаў ліпавую даведку пра заробак, а сам атрымлівае гранты, якія ніяк не рэгіструе».

Але ж грашовыя праблемы і сваркі — гэта адно. Але ж як можна было абвінаваціць былога мужа і яго брата ў сэксуальным гвалце над сынам?

«Я нікога не абвінавачвала. Проста ў мяне былі падазрэнні, трэба было праверыць. Я ж мама малога, я ж не проста так, — тлумачыць Ірына. — А што тычыцца брата, то я яму казала: не прыязджай да малога. Той ігнаруе. А я мама дзіцяці, я буду адстойваць свае правы.

Які можа быць плюс ад дзядзькі-гея для малога дзіця? Ну хоць адзін?

А мінус — малы не бачыць сям’і, дзе тата і мама. А гей прывядзе свайго хлопца і будзе малому дурыць галаву з «бацькам -1» і «бацькам-2», пытацца, той хлопчык ці дзяўчынка! Я хачу абараніць свайго сына ад гэтага трызнення! Ён жа не проста гей, ён прапагандыст! І свае гейскія амбіцыі хай засуне туды, куды прывык засоўваць штосьці не па прызначэнні!

І ў міліцыю я напісала, што не магу аберагчы ад гэтага малога. Вось і ўсё».

На застаўцы кадр з фільма «Нелюбоў» Андрэя Звягінцава.

УШ

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура