Праект партала
Навокал
28.04.2018 / 18:39
«Згодныя на сустрэчу». Маці-328, якія абвясцілі галадоўку, запрасілі ў Адміністрацыю прэзідэнта

У Калінкавічах маці асуджаных па артыкуле 328 КК РБ (Незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў) працягваюць галадоўку. У суботу іх запрасілі ў Адміністрацыю прэзідэнта. Сустрэча мае адбыцца 2 мая ў 16.00.

Зараз у кватэры ў Калінкавічах галадае шэсць чалавек, заўтра іх будзе сем.

— У пятніцу, прыкладна а 20:30, да нас прыйшлі Віктар Замосцік — старшыня Калінкавіцкага раённага Савета дэпутатаў і Сяргей Гвоздзь — старшыня Калінкавіцкага райвыканкама, — распавядае арганізатар акцыі Таццяна Канеўская. — Сказалі, ім паведамілі пра нас, і 2 мая запрасілі нас у Адміністрацыю прэзідэнта.

Адказ маці далі не адразу. Ад сустрэчы маці не адмовіліся, але да раніцы суботы склалі спіс чыноўнікаў, з якімі хацелі б сустрэцца. Сярод іх — старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала, генпракурор Аляксандр Канюк, кіраўнік СК Іван Наскевіч, кіраўнік МУС Ігар Шуневіч, спікер Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка, спікер Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч, дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Вадзім Іпатаў, памочнік прэзідэнта па пытаннях нацыянальнай бяспекі Віктар Лукашэнка.

— Мы не выпадкова хочам бачыць менавіта гэтых людзей, — працягвае Таццяна. — Менавіта яны могуць дапамагчы і выканаць два нашыя патрабаванні: стварыць камісію, якая б занялася пераглядам спраў па артыкуле 328, змякчыць артыкул 328 КК.

Раніцай маці перадалі гэты спіс Віктару Замосціку.

— Нядаўна чыноўнік зноў нас наведаў. Сказаў, усе гэтыя людзі згодныя на сустрэчу і запісаў нашы пашпартныя дадзеныя, — кажа Таццяна. — 2 мая ў 16.00 нас чакаюць у Адміністрацыі прэзідэнта.

Спыняць галадоўку жанчыны не маюць намеру.

— У Мінск мы паедзем галодныя, — не адступае ад сваіх рашэнняў Таццяна. — Мы хочам зменаў, таму гатовыя ісці да канца.

Tut.by

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура