Праект партала
Тое-сёе
28.04.2018 / 20:01
Паходная касметычка: топ-5 айчынных сродкаў для хуткага і свежага макіяжу, які можна зрабіць нават у маршрутцы

Сабралі для вас нешта накшталт паходнай касметычкі, якая дапаможа зрабіць макіяж за лічаныя хвіліны. Проста знаходка для тых, хто заўсёды некуды спяшаецца, але хоча крыху асвяжыць твар. Добры вынік пры мінімальных высілках.

Матэрыял не партнёрскі, усё выпрабавана на сабе.

Хайлайтар ад Relouis

Маленькі кругляк хайлайтара можна выкарыстоўваць не толькі па прамым прызначэнні, але і як цені. Так што гэтая каробачка — сродак два ў адным! Папярэдзім адразу: не вядзіцеся на надпіс «pro», упакоўка не самая трывалая. Затое за 5 рублёў вы атрымаеце нядрэнны прадукт. Можна наносіць на скуру асцярожна, а можна без абмежаванняў — так, каб пасля ззяць, як брыльянт.

Туш для веек з арганавым алеем LUXURY Argan Oil ад Беліты

Туш з добрай формулай і ўніверсальным сіліконавым памазком. Падоўжыць, падкруціць, дадасць аб'ёму. З яе дапамогай можна дамагчыся драматызму ў позірку. Кладзецца суперроўна, без камячкоў, выдатна трымаецца ўвесь дзень. Найлепшая беларуская туш, на наш погляд.

Сродкі для броваў (аловак і гель) ад Relouis

Са сродкамі для броваў паўсталі сумненні, таму што добрыя алоўкі ёсць і ў «Рэлуі», і у Belor Design, і у Luxvisage. Па адчуваннях яны цалкам аднолькавыя, адрозніваюцца толькі колерам. Гель FIX&COLOR для броваў у «Рэлуі» нядрэнны, аднак і не фантастыка. Падфарбоўвае ў меру, фіксуе сярэдне, шчотка доўгая — да яе трэба прыстасавацца, але сам гель трымаецца на твары добра. Карацей, бюджэтны працоўны конік, за свае 3 рублі. Цалкам годны прадукт.

Пудра-скульптар Luxvisage

Адным гэтым прадуктам можна адразу зрабіць контурынг, зацяніць складку павека, а светлы сегмент пасля выкарыстаць як пудру. Мінус: хісткая, нязручная накрыўка, у касметычцы яе трэба чымсьці фіксаваць.

Дарэчы, простыя пудры мы спецыяльна не ўключалі ў спіс: сярод беларускай касметыкі яны ўсё больш-менш аднолькавыя.

Танальны крэм Беліта

Тут мы можам прапанаваць два варыянты: bb-крэм з лінейкі «Belita Young» для тых, каму трэба лёгкае пакрыццё і няма чаго маскіраваць. Тым, хто хоча нешта «падрэтушаваць», ужо складаней. Мабыць, больш-менш добрае пакрыццё дае танальны крэм «NUDE Effect». Ён нядрэнна маскіруе няроўнасці тону скуры і прыемна ўвільгатняе.

А якія прадукты ў вашай касметычцы? Распавядзіце нам у каментарах!

Ліна Несцяровіч, ілюстрацыя аўтаркі

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура