Праект партала
Тонус
19.04.2018 / 23:47
Навукоўцы знайшлі сувязь паміж менапаўзай і хваробай Альцгеймера

Піша Ліза Масконі, дырэктар клінікі па прафілактыцы хваробы Альцгеймера ў Медыцынскім каледжы Вайля Корнэла і аўтар кнігі «Мазгавая ежа: дзіўная навука аб харчаванні для сілы розуму»:

На працягу наступных трох хвілін у трох чалавек будзе развівацца хвароба Альцгеймера. Двое з іх будуць жанчынамі.

У Злучаных Штатах налічваецца 5,7 мільёна пацыентаў з хваробай Альцгеймера. Да 2050 года, верагодна, колькасць будзе дасягаць 14 мільёнаў, жанчын захварэе ў два разы больш, чым мужчын.

І ўсё ж даследаванні «здароўя жанчын» пераважна сканцэнтраваны на рэпрадуктыўнай функцыі і раку малочнай залозы. Нам трэба надаваць значна больш увагі самаму важнаму аспекту будучыні любой жанчыны: яе здольнасці думаць, успамінаць, уяўляць — яе мозгу.

Калі я ўпершыню пачала працаваць, хвароба Альцгеймера лічылася непазбежным наступствам дрэнных генаў, старэння або таго і другога. Сёння мы разумеем, што хвароба Альцгеймера мае складаныя прычыны, такія як ўзрост, генетыка, высокі крывяны ціск і аспекты ладу жыцця, у тым ліку дыету і фізічныя практыкаванні. Існуе таксама навуковае меркаванне аб тым, што хвароба Альцгеймера не заўсёды з'яўляецца хваробай старасці, але можа пачынацца ў мозгу, калі людзі знаходзяцца ва ўзросце ад 40 да 50 гадоў.

Мы толькі пачынаем разумець, чаму жанчыны больш успрымальныя. Якія фактары адрозніваюць жанчын ад мужчын, асабліва калі мы дасягаем сярэдняга ўзросту?

Першай і самай відавочнай рэччу з'яўляецца змена гарманальнага фону. Жанчыны разнастайныя, але ўсе мы адчуваем зніжэнне здольнасці нараджаць і пачатак менапаўзы.

Аказваецца, менапаўза ўплывае значна больш, чым наш дзетародны патэнцыял. Такія сімптомы, як начны пот, гарачка і дэпрэсія, узнікаюць не ў яечніках, а пераважна ў мозгу. Усе гэтыя сімптомы выкліканыя зніжэннем узроўню эстрагену. Апошнія даследаванні, у тым ліку мая ўласная праца, паказваюць, што эстраген служыць для абароны жаночага мозгу ад старэння. Ён стымулюе нейронавую актыўнасць і можа дапамагчы прадухіліць стварэнне бляшак, якія звязаны з надыходам хваробы Альцгеймера. Калі ўзровень эстрагенаў зніжаецца, жаночы мозг становіцца нашмат больш уразлівым.

Каб вызначыць гэта, мы з калегамі выкарыстоўвалі тэхніку візуалізацыі мозгу для групы здаровых жанчын сярэдняга ўзросту. Гэта дазволіла нам вымераць нейронавую актыўнасць і прысутнасць бляшак Альцгеймера. Тэсты паказалі, што жанчыны, якія былі ў постменапаўзе, мелі менш актыўнасці мозгу і больш бляшак Альцгеймера, чым жанчыны перад менапаўзай. Больш дзіўна, што гэта было таксама і для жанчын з перыменапаўзай — тых, хто толькі пачынаў адчуваць сімптомы менапаўзы. І мозг абедзвюх груп паказаў яшчэ больш рэзкія адрозненні ў параўнанні з мазгамі здаровых мужчын таго ж узросту.

Добрай навіной з'яўляецца тое, што па меры таго, як жанчыны спеюць у свае 40 і 50 гадоў, аказваецца, ёсць акно магчымасцей, калі можна выявіць раннія прыкметы больш высокай рызыкі Альцгеймера — зрабіўшы мазгавы тэст, як мы гэта рабілі, — і прыняць дзеянні па зніжэнні гэтай рызыкі.

Існуе ўсё больш доказаў таго, што тэрапія замяшчальнымі гармонамі — галоўным чынам, увядзеннем жанчынам дадатковага эстрагену да наступлення менапаўзы — можа дапамагчы аблегчыць яе сімптомы. Нам трэба значна больш даследаванняў для праверкі эфектыўнасці і бяспекі гарманальнай тэрапіі, якая ў некаторых выпадках выклікала дадатковую рызыку сардэчных захворванняў, утварэння тромбаў і раку малочнай залозы.

Магчыма, у наступным дзесяцігоддзі для жанчын сярэдняга ўзросту стане нормай правядзенне прафілактычных даследаванняў для папярэджання хваробы Альцгеймера, гэтак жа як сёння яны праходзяць мамаграму. У той жа час даследаванні паказваюць, што дыета можа палегчыць і змякчыць наступствы менапаўзы ў жанчын, што можа звесці да мінімуму рызыку захворвання Альцгеймерам.

Многія прадукты натуральным чынам стымулююць вырабатку эстрагенаў, у тым ліку соевыя, насенне лёну, нут, часнык і садавіна, такая як абрыкосы. Жанчыны асабліва маюць патрэбу ў антыаксідантных рэчывах, такіх як вітамін С і вітамін Е, якія ўтрымліваюцца ў ягадах, цытрусавых, міндалі, сырым какаве, бразільскіх арэхах і ліставой зялёнай гародніне.

Гэта толькі пачатак. Але чым больш мы даведваемся аб тым, што пачынае і паскарае дэменцыю, тым больш зразумела, што нам трэба больш клапаціцца пра мозг жанчыны. Усебаковая ацэнка стану здароўя жанчын патрабуе ўважлівага вывучэння мозгу ва ўзроставай дынаміцы, функцыі эстрагену ў яго абароне і стратэгій па прадухіленні хваробы Альцгеймера ў жанчын.

Ліза Масконі, The New York Times

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура