Праект партала
Тонус
11.04.2018 / 22:01
Ідзем у заклад, што вы далёка не ўсё рабілі правільна? Разбіраемся з трыхолагам, як трэба мыць галаву12

Нягледзячы на тое, што гэты гігіенічны рытуал мы паўтараем мінімум раз на тыдзень (а нехта — і штодзённа), далёка не ўсе ўмеюць мыць галаву правільна.

Разам з прафесійным трыхолагам Кацярынай Бурло расказваем, як рабіць гэта так, каб вашы валасы былі вам удзячныя ад каранёў да самых кончыкаў.

Трыхолаг Кацярына Бурло.

Падрыхтоўка

Перад тым, як мыцца, абавязкова расчашыце валасы.

Як часта можна мыць галаву?

Многія баяцца частым мыццём нашкодзіць валасам і непасрэдна скуры галавы. Ёсць нават такія людзі, якіх я называю «назапашвальнікі» (яны баяцца расчэсвацца і ўвогуле дакранацца да валос, бо ім здаецца, калі іх не чапаць, то і выпадаць яны ніколі не будуць). Гэта няправільны падыход. Галаву трэба мыць па меры яе забруджвання, нават калі гэта кожны дзень.

Пра позу

Многія трыхолагі не раяць мыць валасы «уніз галавой» і прапаноўваюць рабіць гэта, стоячы ў душы. Так прасцей дабрацца нават да макушкі, а, значыць, ачышчэнне будзе больш якасным.

Пра шампунь

Шампунь падбіраецца згодна з тыпам вашай скуры, а не валасоў. Практычна ва ўсіх нас валасы будуць сухімі на кончыках. Скура ж галавы, часцей за ўсё, схільная да тлустасці (гэта пра выпадкі, калі галаву прыходзіцца мыць амаль кожны дзень, калі вы робіце гэта 2—3 разы на тыдзень — у вас камбініраваны тып скуры, а калі яшчэ радзей — сухі).

Шампунь наносім два разы: у першы раз ён забяспечвае павярхоўнае ачышчэнне. Пры гэтым масажнымі рухамі намыльвайце толькі саму галаву, не трэба размазваць шампунь па ўсёй даўжыні: валасы цудоўна адмыюцца пенай, што сцякае зверху.

Лепш мець дома два віды шампуняў і чаргаваць: напрыклад, для частага выкарыстання, нейтральны, і для тлустай скуры галавы. Гэтая схема не дасць валасам «прызвычаіцца» да сродку. Скура галавы будзе здаровая, а за кошт выкарыстання мяккага шампуню праблема сухасці не павялічыцца.

І памятайце, асноўная задача любога шампуню — якасна ачысціць скуру галавы ад забруджванняя і вялікай колькасці скурнага сала. Ён няздольны спыніць выпадзенне, паскорыць рост і гэтак далей.

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца zud1.ru.

Пра тэмпературу вады

Температура вады для мыцця валасоў павінна быць набліжана да тэмпературы нашага цела. Гарачая вада, канечне, асабліва не адбіваецца на якасці валасоў, але дакладна ўзмацняе выпрацоўку скурнага сала.

Пра сульфаты

Не так страшныя сульфаты і парабены, як іх малююць. Справа ў тым, што так званыя натуральныя шампуні без сульфатаў маюць слабую здольнасць прамывання. Менавіта сульфаты і парабены ў вашым касметычным сродку пазбаўляюць скуру ад тлушчу. Але яны бываюць розныя. У танных сродках з мас-маркету звычайна няякасныя прадукты, так што не шкадуйце грошы на добры шампунь.

Кандыцыянеры і маскі

Каб не скардзіцца на сухасць, ломкасць і праблемы з расчэсваннем (пры ўмове, што былі ліквідаваныя іншыя праблемы, якія прывялі да гэтага), пасля шампуню выкарыстоўвайце бальзам, кандыцыянер ці маску, каб аднавіць засцерагальны ліпідны бар’ер. Усе гэтыя сродкі, як і масла, наносяцца толькі на стрыжань і кончыкі.

Купіце сабе скраб

Раз на тыдзень нядрэнна выконваць скрабіраванне валасяной часткі галавы (не соллю!). Для гэтага даўно існуюць спецыялізаваныя прэпараты-скрабы (вытворчасці DSD de Luxe 1.3, Kapous, Natura Siberica і гэтак далей). Яны забяспечваюць дадатковае ачышчэнне скуры галавы і карысны масаж валасяным цыбулінам.

Nina.nn.by

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура