Праект партала
Рост
10.04.2018 / 19:33
Топ-5 фільмаў на табуяваныя тэмы, якія варта паглядзець на кінафестывалі «Паўночнае ззянне»3

4-ты фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне», які пройдзе ў Мінску з 19 па 26 красавіка ў кiнатэатры «Мiр», сёлета робіць фокус на фiльмах, большасць з каторых «жаночыя». Гэта тое кiно, якое ствараюць жанчыны i часцяком менавіта дзеля жанчын. Мы выбралi 5 стужак i адну дыскусiю, на якiя вельмi раiм схадзiць дзяўчатам, каб парэфлексаваць на табуяваныя ў грамадстве тэмы.

Былая жонка

Рэжысёрка Каця Вік

Стужка распавядае сатырычную гісторыю чалавечых узаемаадносін — ад закаханасці да разводу.

Чым яна крутая?

Па-першае, гэта дэбютны фiльм Кацi Вiк у якасцi рэжысёркi. Яна доўгi час працавала як кастынг-дырэктарка i прадзюсарка з уладальнікамі Канскай Пальмавай галінкі — Роям Андэрсанам («Голуб сядзеў на галінцы, разважаючы пра жыццё») і Рубэнам Эстлундам («Форс-мажор»).

Па-другое, фiльм будзе карысны ўсім тым дзяўчынкам, якім з дзяцінства закладаюць у галаву казку пра прынца, за якога пажадана выйсці замуж у 20, а толькі потым азнаёміцца са статыстыкай разводаў, якіх у нашай краіне амаль 500 на 1000 шлюбаў.

Жахлівая жанчына

Рэжысёр Крысцiян Тафдруп

Мы прызвычаіліся, што часта дамінантам у гетэрасэксуальных адносінах выступае мужчына. Але гэта не заўсёды так. І гісторыя гэтага фільма якраз пра гэта «не заўсёды».

Мары — маніпулятарка, якая хітрым чынам падпарадкоўвае жыццё свайго хлопца Расмуса і авалодвае яго розумам i ўласнай прасторай. А ён думаў, што гэта каханне — на ўсё жыццё…

Сільвана

Рэжысёры: Алівія Кастэбрынг, Міка Густафсан, Крысціна Цыубанэліс.

Дакументальная стужка «Silvana» рассказвае пра галоўную шведскую хіп-хоп-зорку і ікону фемінізму Сільвану Імам, якая адкрыта заяўляе пра свае гомасэксуальныя адносiны. Жанчына выступае супраць усіх формаў прыгнёту і гвалту, увасабляючы сабой голас новага пакалення. Падабаецца вам альбо не, але яго голас павінен быць пачуты. А ў гэтым выпадку — убачаны.

Загадка маёй маці

Рэжысёрка Іева Озаліна

Гэта вельмі эмацыйны фільм, які распавядае пра адносіны маці і пciхалагiчна сузалежнага ад яе сына. Стужка паказвае, што такога не павінна быць у здаровай сям'і. Жудасная i павучальная гiсторыя. Вельмі рэкамендуем да прагляду ўсім мамам хлопчыкаў.

Рэвалюцыя конікаў

Рэжысёрка Сэльма Вілхунэн

Усе мы з дзяцінства маем хобі: хтосьці ходзіць на гурток па спевах, нехта танчыць, а іншы, як дзяўчынкі з Фінляндыі, прыдумляе зусім новы від спорту — катанне на цацачных конях. Так, вам не падалося.

«Рэвалюцыя конікаў» — новы погляд на маладых дзяўчат-падлеткаў, якія ператварылі свой запал у інструмент пашырэння магчымасцяў і стварылі супольнасць, якая нешта значыць у гэтым свеце. Дзякуючы сваёй перакананасці, любові і рэвалюцыйнасці, тры дзяўчынкі Аіску, Эльза і Аліса, запрашаюць усіх прыслухацца да ўласных, унутраных цацачных конікаў.

Бонус

Па-за спicкам знаходзіцца карцiна «Венера», заснаваная на эратычных успамінах і разважаннях рэальных жанчын.

Так, гаворка пойдзе пра сэкс i фармiраванне ўласных жаданняў. Пасля прагляду дацкага дакументальнага фільма у 20:15 адбудзецца дыскусія «Безабаронная» Венера? Размова пра фарміраванне нашых жаданняў». У дыскусіі возьмуць удзел заснавальніца праекта «Гендарны маршрут» Ірына Саламаціна, паэтка Вольга Гапеева, прадзюсарка фільма «Венера» Кірстын Барфод, дырэктарка «Паўночнага ззяння» Воля Чайкоўская, а таксама заснавальніца шоу-рума скандынаўскай мэблі «Moonlightaroom» Святлана Каляда.

На працягу ўсяго фестывалю таксама адбудзецца шмат адукацыйных лекцый, майстар-класаў ад вядомых кінематаграфістаў i iншых карысных мерапрыемстваў. Больш падрабязная інфармацыя знаходзiцца тут.

Кацярына Ажгірэй

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура